Сусветныя дні моладзі – свята веры з Бэнэдыктам XVI

Калі гэты нумар нашага часопіса рыхтаваўся да друку, у Кёльне, у Германіі, адбываліся ХХ Сусветныя дні моладзі, якія праходзілі пад дэвізам «Мы прыйшлі Яму пакланіцца». У форуме ўдзельнічалі каля 800 тыс. маладых людзей з усяе Еўропы і каля 600 біскупаў. Цэнтральныя ўрачыстасці 18–21 жніўня ўганараваў сваёю прысутнасцю Папа Бэнэдыкт XVI. Гэта яго першы візіт на радзіму пасля выбараў на Апостальскі Пасад.

Сусветныя дні моладзі – гэта свята веры, малітвы, сустрэчаў і салідарнасці. На працягу многіх гадоў сімвалам моладзевага форуму з’яўляецца Крыж – дар Папы Яна Паўла ІІ. Святы Айцец даверыў Крыж моладзі свету ў 1984 годзе. Драўляны, амаль чатырохметровы Крыж вагою 31 кг больш за год вандраваў па дыяцэзіях Германіі, рыхтуючы нямецкіх католікаў да гэтай важнай міжнароднай падзеі, якая цяпер адбывалася ў старажытным Кёльне. Пачынаючы з 1984 года, Крыж ужо некалькі разоў правандраваў па ўсёй Зямлі.

Пасля заканчэння ХХ СДМ у Кёльне Крыж пакіне Германію і, хутчэй за ўсё, упершыню будзе перавезены ў Афрыку.

Прадстаўнікі маладых католікаў з Беларусі таксама ўдзельнічалі ў гэтым сусветным форуме. Сярод іх – і супрацоўнікі нашай рэдакцыі, а таму ў наступным нумары часопіса спадзяемся змясціць іх цікавыя сведчанні пра гэту важную падзею.

Рэд.

 
Падрыхтоўка да Сіноду Біскупаў

З 2 па 23 кастрычніка гэтага года ў Рыме будзе праходзіць ХІ Сінод Біскупаў, прысвечаны Эўхарыстыі: «Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла». Нядаўна ў Ватыкане быў прадстаўлены працоўны дакумент — Інструмэнтум лаборыс, — паводле якога будзе пабудавана праца Сіноду. Дакумент быў падрыхтаваны пасля кансультацый з біскупамі ўсяго свету, якія праводзіліся ў выглядзе апытання. У дакуменце звяртаецца ўвага на нізкі ўдзел вернікаў у нядзельнай Імшы ў большасці еўрапейскіх і амерыканскіх краінаў, а таксама ў некаторых краінах Акеаніі. Далей гаворка ідзе пра некаторыя «негатыўныя з’явы, звязаныя з цэлебрацыяй Эўхарыстыі», такія як «пагроза для праўды каталіцкага догмату пра перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса Хрыста» або недахоп раўнавагі ў цэлебрацыі літургіі, дзе назіраецца «як пасіўная абраднасць, так і празмерна творчы падыход». Згадваецца таксама і пра неадпаведнае адзенне вернікаў у касцёле, падабенства касцёльных спеваў да свецкіх песняў, занядбанне ўкленчвання, недахопы ў спосабе ўдзялення Камуніі ў рукі, а таксама непрыдатнасць некаторых формаў для выкарыстання ў сакральнай архітэктуры і ў вытворчасці прадметаў культу. Шмат увагі ў дакуменце надаецца літургічным спевам. Не ўхваляецца ў ім і практыка правядзення ў касцёлах свецкіх канцэртаў і тэатральных відовішчаў. У заканчэнні Інструмэнтум біскупы адзначаюць, што «Эўхарыстыя і маральнае жыццё — нераздзельныя», нагадваючы такім чынам вернікам пра недапушчальнасць прымаць Святую Камунію не ў стане асвячальнай ласкі.