Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Свечка

Якое ж асаблівае прызначэнне выпала нашай душы! З усімі істотамі і рэчамі на свеце справы ў яе ідуць так, як гэта было некалі ў першага чалавека, калі Бог даручыў яму даць імёны жывёлам: нідзе не знайшлося яму таварыша для жыцця. У адносінах да ўсіх істотаў і рэчаў чалавечая душа мае пачуццё: «Я іншая». Ніякія навуковыя веды на свеце не разбураць у ёй гэтага ўсведамлення, і ніякае прыніжэнне не знішчыць яе: «Я іншая, не такая, як усё астатняе на свеце. Я ўсяму і ўсім чужая, блізкая толькі аднаму Богу».

І ўсё ж, з іншага боку, існуе нейкая блізкасць паміж душою і ўсімі істотамі і рэчамі. Побач з кожнай з іх яна адчувае сябе ў пэўным сэнсе нібы дома. Усё да яе прамаўляе, кожная постаць, кожны рух і жэст. І яна нястомна намагаецца праз усё выказаць сваю найглыбейшую сутнасць, зрабіць сімвалам свайго ўласнага жыцця. Заўсёды, калі сутыкаецца з нейкаю моцнаю постаццю, душа адчувае ў ёй нешта такое, што выяўляе яе ўласную сутнасць, адчувае, як нешта нагадвае ёй тое, што ёсць у ёй самой. Хіба ж не так? У гэтым заключаецца падстава для любога параўнання. Чужая ў сваёй глыбіннай сутнасці кожнай істоце ці рэчы, душа гаворыць ёй: «Гэта не я!». І зноў-такі, нейкім таямнічым чынам блізкая ўсяму, прымае гэтыя рэчы і падзеі як адлюстраванне свайго ўласнага існавання.

Вось адно з параўнанняў, найбольш прыгожае і моцнае — свечка. Магчыма, я не скажу табе нічога новага; ты, напэўна, ужо часта адчуваў гэта сам.

Паглядзі, як яна стаіць на падсвечніку. Шырокая і масіўная апора; надзейны стрыжань, што ўзнімаецца ўверх; на ім — моцна абхопленая чашачкаю і акружаная далёка выступаючым сподачкам узвышаецца свечка. Ледзь прыкметна звужваючыся, трывалай формы, яна таксама высока ўзнімаецца ўверх. І так стаіць у прасторы — стройная, у некранутай чысціні і да таго ж у цёплых адценнях колеру; дзякуючы сваёй яснай постаці яна выдзяляецца з усяго мяшанага.

Зверху лунае полымя, і ў ім свечка перамяняе сваё чыстае цела ў цёплае, праменнае святло.

Ці ж не адчуваеш ты перад ёю, як абуджаецца ў табе нешта вельмі ўзвышанае? Паглядзі, як яна стаіць, не калываючыся на сваім месцы, выпрастаўшыся ў вышыню, чыстая і высакародная. Звярні ўвагу, як усё ў ёй гаворыць: «Я гатовая!». Як яна стаіць там, дзе трэба, перад Богам. Няма ў ёй імкнення пазбегнуць гэтага, ухіліцца ад гэтага. Усё ў ёй выказвае ясную гатоўнасць. І яна вынішчаецца ў спаўненні свайго прызначэння, нястрымна перамяняючыся ў святло і жар.

Ты, магчыма, скажаш: «Што ведае пра гэта свечка? Яна ж не мае душы!»

Так дай ёй душу!

Няхай яна стане выразам тваёй душы! Няхай абудзіцца перад ёю твая гатоўнасць да ўзвышанага: «Вось я, Пане!». Тады ты ўспрымеш яе вытанчаную, чыстую прысутнасць як выраз тваёй уласнай паставы. Няхай твая гатоўнасць умацуецца да сапраўднай вернасці. Тады ў цябе з’явіцца пачуццё: «Пане, у гэтай свечцы я стаю перад Табою!»

Не ўцякай ад свайго прызначэння. Вытрывай. Не пытайся ўвесь час: «чаму?» і «для чаго?». Найглыбейшы сэнс жыцця — знішчыць сябе дзеля Бога, перамяніць у праўду і любоў, як свечка перамяняецца ў святло і жар.

Працяг у нумары №12(128) 2005 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.