Упэўненасць у рэальнай прысутнасці Цела і Крыві Хрыста ў кансэкраваных аплатку і віне з’яўляецца догматам нашай каталіцкай веры. У той жа час гэта адна з найвялікшых таямніцаў, неспасцігальных чалавечым розумам. Цяжка верыць у гэтую таямніцу. Эўхарыстычныя цуды, якія адбываюцца на працягу стагоддзяў, — гэта знакі, з дапамогай якіх сам Хрыстус пераконвае нас у праўдзе, заключанай у Яго словах: «Вось Кроў Мая (...),Вось Цела Маё (...)». Ён дапамагае нам, як няверуючаму Тамашу, не быць малаверамі, але быць веруючымі.

Адзін з першых эўхарыстычных цудаў, апісаных у шматлікіх дакументах, адбыўся каля 700 года ў італьянскай мясцовасці Лянчано. Адзін святар з ордэна св. Базыля сумняваўся ў таямніцы Пераісточання. Падчас цэлебравання святой Імшы (у лацінскім абрадзе), адразу ж пасля кансэкрацыі, Гостыя, якую святар трымаў у далонях, перамянілася ў Цела Хрыста, а віно ў келіху — у Яго Боскую Кроў. Цела Хрыста і пяць камячкоў Яго застылай крыві былі змешчаны ў рэліквіярыі. Яны захаваліся і шматразова даследаваліся. Апошнія даследаванні былі праведзены ў 1971 годзе, і яны пацвердзілі, што Цела ў рэліквіярыі — гэта фрагмент тканкі з перагародкі сэрца чалавека, а Кроў (групы АВ) мае хімічны склад і іншыя паказчыкі свежай крыві. Прафесар Адаардо Лінолі з універсітэта ў Сіене, які даследаваў фрагменты сардэчнай тканкі, падкрэсліў, што Кроў не належала памерламу чалавеку, бо тады б яна хутка разлажылася. Прафесар дадаў, што толькі вельмі дасведчаны анатам мог бы зрабіць такое дасканалае сячэнне — выразаць з сэрца фрагмент, больш тоўсты па краях, які паступова завужаецца да сярэдзіны. Здзіўляе таксама тое, што Кроў і Цела, хоць і не былі герметычна зачыненыя, не пашкодзіліся і не сапсаваліся.

 
Рука і кроплі Крыві

Падобныя цуды паўтараліся неаднаразова. У хвіліны сумненняў тыя, у чыіх далонях адбыўся цуд Пераісточання, атрымлівалі ад Бога знак таго, што Яго прысутнасць у Эўхарыстыі ні ў якім разе не сімвалічная. У 1257 г., падчас св. Імшы, якая адпраўлялася ў капліцы Найсвяцейшага Збаўцы ў нямецкім г. Рэгенсбургу, рука Хрыста раптоўна аддзялілася ад вялікага крыжа ў алтары і... адабрала келіх у малавернага святара. Праз некаторы час, калі ахоплены жахам святар паспеў ужо выказаць свой вялікі жаль за недахоп веры, тая самая рука Хрыста вярнула яму літургічнае начынне.

Шырока вядома здарэнне, якое адбылося з нямецкім святаром Пятром з Прагі ў італьянскай мясцовасці Бальсэна. Маючы ўнутраныя сумненні, ён адпраўляў св. Імшу пры гробе св. Крыстыны. У момант Пераісточання на яго рукі, алтар і драўляную падлогу пачалі падаць кроплі крыві з паднятай Гостыі. Вернікі да сённяшняга дня могуць пераканацца ў праўдзівасці гэтага здарэння, гледзячы на рэліквіярый і карпарал з плямамі крыві ў катэдры ў Арв’ето і наведваючы месца цуду ў бальсэнскім касцёле. Такі ж цуд з падаючымі з Гостыі кроплямі Крыві паўтарыўся амаль праз сто гадоў у італьянскім горадзе Мачэрата.

 
Гостыя ў брэвіярыі

У тым, што кансэкраваная Гостыя з’яўляецца жывым Целам нашага Пана, пераканаўся аднойчы ксёндз з Сіены. Гэтае здарэнне адбылося ў 1330 г.: святар збіраўся наведаць паміраючага чалавека, які жыў у прыгарадзе, і без належнай пашаны паклаў кансэкраваную Гостыю паміж старонак брэвіярыя, які ўзяў пад паху. Як жа ён быў здзіўлены, калі пасля споведзі паміраючага разгарнуў брэвіярый і ўбачыў, што там, дзе ляжала Гостыя, засталася крывавая пляма. Тады святар усвядоміў вагу сваёй правіннасці і, поўны жалю, спавядаўся ў вядомага сваёй пабожнасцю законніка — аўгустынца а. Сімонэ Фідаці. Па просьбе гэтага манаха ён ахвяраваў яму дзве старонкі са свайго брэвіярыя з плямамі Найсвяцейшай Крыві. Адна з іх разам з целам благаславёнага Сімонэ Фідаці знаходзіцца ў дольнай частцы санктуарыя св. Рыты ў родным горадзе а. Фідаці — Кашыі. Калі паглядзець на крывавую пляму праз павелічальнае шкло, можна ўбачыць у яе ўнутранай частцы выяву церпячага мужчыны.

 
Збаўца ў кіпячай вадзе

У рэальнасці Святой Божай Прысутнасці неаднойчы пераконваліся і іншаверцы. У 1290 г. у Парыжы адна жанчына пакінула ў гаспадара ламбарда сваю сукенку. Калі яна захацела вярнуць яе, іншаверца пажадаў узяць узамен кансэкраваную Гостыю. Жанчына споўніла яго жаданне. Насміхаючыся з веры, нягоднік паклаў Гостыю на стол і ўдарыў у яе сцізорыкам. З параненага Цела Хрыста крыніцай забіла кроў, апырскваючы прысутную пры гэтым сям’ю. Ахоплены жахам мужчына кінуў Гостыю ў печ, аднак Гостыя павісла ў паветры, і агонь не зрабіў ёй ніякай шкоды. Тады гаспадар ламбарда выняў яе з печы і кінуў у чыгунок з кіпячай вадой. Вада афарбавалася ў чырвоны колер, а з чыгунка ручайком пацякла кроў — пад дзвярыма памяшкання на вуліцу. Людзі, якія гэта заўважылі, падбеглі да дому іншаверцы. Адна з жанчын увайшла ў дом і ў той жа момант убачыла Хрыста, які стаяў каля чыгунка з кіпячай вадой. Потым Ён ператварыўся ў постаць Гостыі, якая павісла ў паветры і паступова пачала апускацца. Жанчына схапіла вазу — і Гостыя лёгка апусцілася ў яе.

На працягу многіх гадоў гэтую Гостыю ўшаноўвалі ў касцёле св. Яна Грэве, а на месцы былога дома гаспадара ламбарда была пабудавана капліца, якую мясцовыя жыхары называлі L’église du Sauveur bouillant (касцёлам «кіпячага» Збаўцы).

 
Вялікая прафанацыя

Незвычайна цікавая гісторыя адлюстравана на прыгожых вітражах найцудоўнейшай брусельскай катэдры св. Міхала і св. Гудулі — каранацыйнай святыні бельгійскіх каралёў: гэта візуальнае апісанне здарэння, якое адбылося ў горадзе ў 1370 г. У мястэчку Ангіен жыў юдэй па імені Ёнатан. Яго прыяцель Ян за 60 залатых манет згадзіўся прынесці яму кансэкраваную Гостыю. Аднойчы ноччу Ян уламіўся ў брусельскі касцёл св. Кацярыны і ўкраў адтуль цыборый з 15-ю малымі Гостыямі і адной вялікай. Мужчына занёс іх прыяцелю і забраў абяцаныя грошы. Ёнатан не доўга радаваўся сваёй здабычы: праз два тыдні яго забілі. Калі яго жонка пераехала ў Брусель, Найсвяцейшы Сакрамэнт трапіў у мясцовую сінагогу. У Вялікую пятніцу 4 красавіка 1370 г. група юдэяў сабралася ў сінагозе, каб апаганіць Найсвяцейшую Гостыю. Калі яны ўзялі нажы і пачалі ўбіваць іх у Гостыю, яна раптоўна закрывавіла. Ахопленыя жахам мужчыны выпусцілі з рук нажы і ўпалі на зямлю. Пазней яны спрабавалі пазбавіцца Гостыі, перадаць яе яўрэйскай супольнасці ў Кёльне, аднак жанчына, якой гэта было даручана, сказала ўсё пробашчу касцёла Нотр-Дам-дэ-ла-Шапэль і перадала яму цыборый з рэшткамі захаваных Гостый. Частка іх была пакінута ў катэдры, а астатнія ў вялікай працэсіі з удзелам духавенства і прадстаўнікоў свецкіх уладаў былі перанесены ў катэдру св. Міхала. Віноўнікі прафанацыі былі пакараны. У 1968 г. брусельскія ўлады архідыяцэзіі змясцілі ў катэдры таблічку, у якой паведамлялі пра тое, што ў духу ІІ Ватыканскага Сабору і ў святле гістарычных даследаванняў абвінавачванні яўрэяў у гэтай справе аказаліся беспадстаўнымі, аднак падрабязна не ўдакладнялася, чаму былі прызнаны несапраўднымі паўсюдна вядомыя падзеі, якія апісалі сур’ёзныя гісторыкі.

 
Сумненні малавераў

Хоць апісаныя вышэй факты ў большасці сваёй належаць мінуламу, усё ж памыляюцца тыя, хто лічыць, што сёння эўхарыстычныя цуды не здараюцца. Пра гэта сведчаць цудоўныя падзеі, якія адбыліся, напрыклад, у нямецкім гарадку Шціх у 1970 г., у санктуарыі Маці Божай у Фінка Бэтанія (Венесуэла, 1991 г.), у некаторых мясцовасцях Злучаных Штатаў і інш. Гэтымі цудамі Пан Бог хоча перадусім развеяць сумненні скептычных малавераў. Бо ў нас, веруючых, не выклікае сумненняў тое, што цуд перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў нашага Пана адбываецца падчас кожнай св. Імшы, а праз святую Камунію мы прымаем у сваё сэрца Хрыста. І нам не патрэбны доказы.

Паводле арт. М. Бэйды,
«Żródło», № 23, 2004.


Падрыхтавала Таццяна Мухляда.