I. РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Звеставанне

Хто ад Бога звеставаў надзею? —
Анёл Панскі Найсвяцейшай Панне:
«А Слова сталася Целам
і пасялілася паміж намі».

2. Адведзіны Паннай Марыяй Святой Альжбеты

Так сустрэліся ў Аін-Карыме
з Новага й Старога Запаветаў —
Езус Хрыстус у лоне Марыі,
Ян Хрысціцель у лоні Альжбеты.

3. Нараджэнне Езуса Хрыста

Нарадзіўся Езус Хрыстус у стаенцы.
Колькі радасці было
Святой Сямейцы!
На ўслаўленне Божаму Дзіцятку
час пачаў лічыцца ад пачатку.

4. Ахвяраванне Езуса ў святыні Ерузалемскай

Юзаф і Марыя ў Ерузалем
неслі Сына да Айца ў святыню.
Богу Дзіцятка ахвяравалі.
Парка галубкоў ляцела з імі.

5. Адшуканне Езуса ў святыні

Буду і ў галечы, і ў нядолі —
каб не страціў Ты мяне ніколі!
Божа, навучы мяне трымацца
за святыя пацеркі Ружанца.

 
II. ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

1. Хрост Езуса ў Ярдане

Езус ступае ў воды Ярдана
пад узнятыя рукі Хрысціцеля Яна.
Нябёс парушаецца вечны спакой:
«Гэта Сын улюбёны Мой».

2. Цуд у Кане Галілейскай

На тым вяселлі ў Галілейскай Кане,
дзе Езус замяніў ваду ў віно,
з’явілася у Маці прадчуванне,
Хоць шляху з крыжам не было відно.

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства

Так шчодры Твой давер і так няспынны,
што Ты мяне прабачыў і прыняў.
Усю маю бяду ў Тваёй святыні
святар здымае ад Твайго імя.

4. Перамяненне Пана на гары Табор

Свяціўся Езус чыста і прыгожа,
узняты ў неба на Табор-гары.
Не пакідай нас у цямрэчы, Божа,
перамяні, у аблокі забяры.

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

Ніць наматаецца на вераценца.
Засну, як навальніца на мяжы.
Імша закончыцца.
І зноў пасля пачнецца
Нябеснай адарацыяй душы.

 
III. БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Малітва ў садзе Аліўным

Вучні ад гора змарыліся ў сон,
а пад карчамі сіпела змяя.
Быў у сусвеце Адзін толькі Ен:
«Божа, хай станецца воля Твая!»

2. Бічаванне Езуса

Білі бічамі і спражкамі дзяг.
Білі па спіне, пасля па грудзях.
І аніхто Яго не бараніў...
Поўныя вочы святой дабрыні.

3. Укаранаванне Езуса цернем

Уелася ў скроні карона з цярніны,
плашч апранулі, як чырвань рабіны.
Нехта піхнуў яму жмутак трысцін.
Аж зелянеюць ад злосці і кпін.

4. Крыжовы шлях

Млее пад крыжам. Пабоі, што град,
крыж прытуляе, нібы гэта брат.
Крыкнуў Сымон: «Біць болей не дам!»
Збаўцу абняў. І нёс крыж Яго сам.

5. Смерць на крыжы

Укрыжаваны — прыняў сваю смерць.
Матчына Сэрца прабіў востры меч.
Мечам прабіта, дае ўсім любоў —
Крыж Адкуплення. Сынаву Кроў.

 
IV. ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Змёртвыхпаўстанне Езуса

Адваліў магільны камень,
перайшоў праз мукі смерці,
Уваскрос перад вякамі,
каб ніколі не памерці.

2. Унебаўшэсце Езуса

У сорак дзён узышоў да Бога,
сеў у Бога па правіцы.
Нам пакінуў веры многа
ў Найсвяцейшай Таямніцы.

3. Спасланне Духа Святога

Дзесяць дзён па Ўнебаўшэсці
пераслаў з нябёсаў весці:
Дух Святы напоўніў вучняў,
мовы свету даў іх вуснам.

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Як дванаццаць год мінула,
Маці Божая заснула.
У сне глыбокім за аблокі
узнялі Яе анёлкі.

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
на Валадарку неба і зямлі

У вянку Тваёй кароны
усясвет благаславёны.
Да Цябе нам прыбліжацца
ланцужком святым Ружанца.