Здавён вернікі, пачынаючы ад першых стагоддзяў існавання хрысціянства, пілігрымавалі на месцы мучаніцтва сваіх сясцёр і братоў па веры з адной просьбай да Пана Бога – умацаваць іхнюю веру. І гэта зразумела. Бо свет такі зменлівы! І калі сёння табе не пагражае пераслед за тваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, то зусім невядома, што будзе заўтра. Свет вельмі зменлівы. А мучанікі за Хрыстову веру былі самі моцныя ў ёй. Моцныя настолькі, што аддавалі свае жыцці за Хрыста і Ягоны Касцёл.

«Пане, умацуй нашу веру», – прасілі мы Пана Бога, выпраўляючыся 16 жніўня з полацкага касцёла святога Андрэя Баболі ў росіцкі касцёл Святой Тройцы. Андрэй Баболя – мучанік нашай зямлі ХVII стагоддзя, Росіца – месца хрысціянскага мучаніцтва ХХ стагоддзя. З Полацка да Росіцы – чатыры дні хады. Чатыры дні, напоўненыя малітвай, разважаннямі, рахункам уласнага сумлення, у часе якога так шмат перадумаецца ды прааналізуецца.

Але чаму менавіта пехатою? Ці нельга маліцца дома, у касцёле альбо, калі ўжо ёсць такая патрэба, паехаць у тую ж Росіцу і маліцца там? Вядома, можна. І, напэўна ж, кожная малітва і кожная ахвяра будуць прынятыя Небам. Ды толькі пешая пілігрымка на чале з крыжам, з прыгожым хрысціянскім спевам, з малітваю – гэта яшчэ і моцнае сведчанне хрысціянскай веры. А для кагосьці яна яшчэ і адвага. Як у свой час патрабавалася адвага, каб насуперак патрабаванням парторгаў, камсоргаў ды нейкіх іншых «оргаў» не зняць з покуці абразы ў сваёй хаце, а з шыі – крыжык. Вельмі асабістае і адначасна вельмі агульнахрысціянскае.

І няхай сабе хтосьці махне рукой: маўляў, няма ім чаго рабіць – вось і ходзяць з крыжам па дарогах. І няхай хтосьці з пагардай, дэманстратыўна адвернецца ад пілігрымскага крыжа, усім сваім выглядам паказваючы, што яго ўсё гэтае не тычыцца. Але ж будуць на пілігрымскім шляху абавязкова і тыя, хто захоча проста ўкленчыць перад знакам Хрыстовай веры, перажагнацца, хто папытае: «А Росіца – гэта што такое?». І тады мы раскажам, што Росіца – гэта выключнае месца на нашай зямлі. Святое. Мы раскажам, што менавіта ў Росіцы насуперак лютай нянавісці яркім полымем успыхнула і на ўсю моц расквітнела вялікая хрысціянская любоў. Тая, найвышэйшая, «калі ты жыццё сваё пакладзеш за братоў сваіх». Мы раскажам, што гэта менавіта ў Росіцы два адважныя ў сваёй любові да Бога і людзей айцы марыяне – Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч – прынеслі добраахвотную ахвяру сваіх жыццяў Богу. Не за морамі ды горамі было гэта, але на нашай, такой, здавалася б, звычайнай зямлі.

Таму мы, пакінуўшы на некалькі дзён усе свае пільныя справы, і ідзем туды, бо разумеем, як не хапае ў нашым жыцці менавіта такой бескарыслівай, прыгожай, ахвярнай любові. Мы не губляем надзеі, што знойдзем яе для сябе, нашых родных і блізкіх, для нашай зямлі. А таму і просім у Бога: «Пане, умацуй нашу веру».

Напэўна ж, з гэткай жа інтэнцыяй ідуць у Росіцу і тыя пілігрымы, якія вырушылі з Друі. У той групе ідзе больш дзяцей ды моладзі, таму тая група жвавейшая за нашу, магчыма, трохі больш бесклапотная. Усё лагічна і вытлумачальна. Праўда, у нас таксама ёсць і дзеці, і моладзь, а таксама і сямідзесяцігадовыя вернікі. Але не толькі ўзрост некаторых пілігрымаў адрознівае нашы пілігрымкі. Тры гады таму полацкую пілігрымку ў Росіцу нібы прыпячатала суровай, бязлітаснай рэальнасцю нашых дзён смерць пілігрымшчыцы Ніны Філіпчык. Яна, маладая, прыгожая, усмешлівая Ніна, стала ахвярай вялікага зла нашага часу – п’янства. Загінуўшы ў першы дзень пілігрымкі пад коламі машыны, якой кіраваў п’яны шафёр, яна нібы пакінула нам запавет – маліцца за цвярозасць нашага народа, прасіць у Неба паратунку для нас ад гэтай страшнай навалы.

Таму і ў росіцкім касцёле штогод у часе жнівеньскай урачыстасці адбываюцца набажэнствы ў гэтай інтэнцыі, а таксама і на працягу года тут будуць трываць малітвы ў тых інтэнцыях, якія пакінулі пілігрымы. Многія ж з іх просяць у Пана Бога менавіта гэтага – цвярозасці для іхніх сем’яў, спакою і разумення паміж людзьмі.

Сёлета ў Росіцы апроч тых набажэнстваў, якія адбываюцца тут штогод, была і малітва ў інтэнцыі абароны зачатага ва ўлонні маці жыцця. Бяздумна выкінутыя на сметнікі тысячы нашых безабаронных дзяцей – яшчэ адна суровая рэальнасць сучаснасці. Гэтая бязвінная кроў праліваецца штодня ў вялікіх і малых гарадах, у вёсках. Балючыя кадры дакументальнага фільма, горкія словы псіхолага Наталлі з фонда «Маці Божай Фацімскай» увялі ўдзельнікаў набажэнства ў гэтую жахлівую рэальнасць, прыадчынілі заслону цяжкога граху. Кожны аборт мае больш важкія і менш важкія прычыны, а вынік адзін – смерць чалавека. І прычына ўсё ж адна: цяжкі грэх парушэння Божай запаведзі «не забівай». У Росіцы ў дні трагедыі 1943 года ракою лілася кроў нявінных ахвяраў, сярод якіх было таксама шмат і дзяцей. Сотні іх згарэлі ў агні. Сведкі ўспамінаюць, як тых дзяцей, што спрабавалі ўцячы з полымя хатаў ды хлявоў, карнікі прабівалі штыкамі, расстрэльвалі чэргамі аўтаматаў, кідалі назад у агонь. Гэта рабілі фашысты. Сучаснае праліццё нявіннай дзіцячай крыві чыніцца іхнімі бацькамі.

«...Прашу, дай бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў», – так маліліся ў росіцкім касцёле ўдзельнікі гэтага набажэнства, прыняўшы ўдзел у духоўным усынаўленні дзяцей, якім пагражае небяспека аборту. Многія прынялі ў тыя хвіліны абавязак духоўнага ўсынаўлення – малітвы на працягу 9 месяцаў за дзіця, якому пагражае небяспека аборту. Такім вось чынам мы і ратуем адзін аднаго.

У Росіцы, можа, як нідзе, адчуваецца наша еднасць. Вельмі добра пра гэта сказаў правінцыял ордэна айцоў марыянаў Павел Навумовіч у казанні на святой Імшы, калі гаварыў пра сімволіку абраза росіцкіх мучанікаў, які змешчаны ў галоўным алтары касцёла. Пра тое, што на тым абразе блаславёны Юры Кашыра паказвае рукой на палаючы хлеў, у якім гараць людзі, і нібы кажа нам:«Вось тут, сярод іх – наша святарства». А блаславёны Антоні Ляшчэвіч паказвае рукой уверх і нібы тым самым кажа нам пра галоўную мэту жыцця хрысціяніна – Неба. У росіцкім хляве гарыць шмат людзей, а дым над тым хлявом адзін – вялізны, клубасты дым, праз які ідуць у вечнасць католікі і праваслаўныя, беларусы, палякі, рускія. Гэта пры жыцці на зямлі мы любім дзяліцца і ўзводзіць межы пры любым зручным выпадку. У небе ж мы ўсе будзем у адной рэальнасці – Божай. Думаць пра гэта нам трэба, дбаць пра нашу еднасць – таксама, маліцца за тое, каб усе мы былі адно,— таксама.

І таму малітва ў росіцкім касцёле такая патрэбная нам. Бо ў гэтай малітве мы здольныя перамагаць сваю раз’яднанасць, забывацца на падзелы ды межы, што дзеляць нас. Тут мы здольныя ўзвышацца над будзённым, звычайным, мізэрным. Тут мы здольныя спазнаваць таямніцы вечнага. Нават мы, прадстаўнікі ХІХ стагоддзя, абцяжаранага язвамі цяжкіх маральных ды фізічных хваробаў. Дык дзе ж, як не на месцы хрысціянскага мучаніцтва, іх лячыць?

Ірына Жарнасек.
Фота М. Новікава.