Вучыце і настаўляйце на розум
адзін аднаго псальмамі,
славаслоўем і духоўнымі песнямі,
у міласці апяваючы ў сэрцах вашых Пана.
(пар. Клс 3, 16)

Ужо каторы год, як толькі заканчваюцца ўрачыстыя спевы будслаўскіх пілігрымаў, полацкая парафія касцёла св. Андрэя Баболі пачынае жыць чаканнем і нейкім своеасаблівым прадчуваннем сапраўднага свята, свята сапраўднай музыкі, чаканнем удзельнікаў, гасцей і выкладчыкаў міжнародных майстаркласаў, якіх парафіяне разам са сваім пробашчам, генеральным вікарыем Віцебскай дыяцэзіі, ксяндзом-пралатам і духоўным куратарам урачыстасцяў Францішкам Кісялём віталі ўжо ў чацвёрты раз.

Гэтыя міжнародныя майстаркласы з’яўляюцца ці не найлепшым адлюстраваннем велізарнай, бясконца ахвярнай працы секцыі касцёльнай музыкі Літургічнай камісіі пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якая, абапіраючыся на пастановы Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору, ставіць на мэце стварэнне агульнай касцёльна-музычнай традыцыі на Беларусі, распаўсюджванне новых паслясаборавых кампазіцый і ў той жа час захаванне скарбніцы існуючых традыцый, але ўзбагачэнне іх новымі вартасцямі, якія ў сутнасці і нараджаюць сучасную музычную культуру, інспіраваную аднаўленнем святой Літургіі і выданнем новага Імшалу. Паказальна, што арганізатарам і галоўным натхняльнікам Тыдня касцёльнай музыкі ў Полацку стаў галоўны арганіст і дырыжор мінскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік ПНДЛМ і старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класу аргана Уладзімір Неўдах.

Так, ужо чатыры гады запар на цэлы ліпеньскі тыдзень Полацк у адно імгненне ператвараецца з невялічкай правінцыі ў сапраўдную сталіцу музыкі — ды яшчэ і якой! — святой музыкі Каталіцкага Касцёла, якая штораз збірае вакол сябе ўсё больш сяброў – арганістаў і спевакоў з розных дыяцэзій Беларусі.

Унікальнасць і асаблівая непаўторнасць міжнародных майстаркласаў знаходзяць сваё ўвасабленне ва ўласных магчымасцях: навучанне ўдзельнікаў, якія (падкрэслю) маюць розны ўзрост, узровень прафесійнай падрыхтоўкі (а часам і яе адсутнасць), адбываецца на базісе музычных дысцыплін, неабходных для працы ў Касцёле. Тут, у ліпеньскім Полацку, можна атрымаць веды па арганазнаўстве і практычнай музычнай грамаце (выкладчык Святлена Немагай, супрацоўнік секцыі касцёльнай музыкі, навуковы супрацоўнік БДАМ, арганістка касцёла св. Роха), вакалу (выкладчык Тамара Рэмез, лаўрэат Міжнароднага конкурса, салістка Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных сілаў Беларусі, выкладчык Каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка), па асновах працы з хорам і дырыгаванні (выкладчык Святлана Шэйпа, супрацоўнік секцыі касцёльнай музыкі, кіраўнік хораў «Залатая горка» і хору парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску), па арганнай літаратуры, літургічнай арганнай ігры і імправізацыі, музычнай літургіцы, касцёльнаму спеву і грыгарыянскаму харалу, якія выкладае У. В. Неўдах.

Нельга не адзначыць ахвярную працу па выкладанні арганнай і клавесіннай літаратуры госці з Італіі Валянціны Лонгі, асістэнта галоўнага дырыжора катэдральнага касцёла ў горадзе Грац (Аўстрыя), магістра музыказнаўства і клавірнага выканальніцтва.

Адметнай рысай ІV Тыдня касцёльнай музыкі сталі штодзённыя канцэрты, у якіх удзельнічалі як «студэнты», так і самі выкладчыкі. Полацкіх слухачоў асабліва ўразіў сольны канцэрт маэстра Валянціны Лонгі «Вечар старадаўняй музыкі», на якім прагучалі творы, выкананыя на аргане і клавесіне. Бах, Россі, Фрэскабальдзі, Муфат, Сторачэ, Пёрсэл, Галуппі... Колькі дзівоснай музыкі пачулі сцены полацкага касцела, колькі адбылося новых сустрэч і знаёмстваў, колькі раз з вуснаў таленавітых юнакоў і дзяўчат прагучала: «Спявайце Пану новую песню, слава Яму ў зграмаджэнні святых»! Менавіта гэтыя словы прагучалі апошнімі і на заключным канцэрце ў творы Вінцэнта Еліча «Cantate Domino canticum novum», які выканалі У. Неўдах, С. Шэйпа, С. Немагай. Менавіта гэтыя словы сталі заклікам, дэвізам і запрашэннем на V юбілейны Тыдзень касцёльнай музыкі.

Дзмітры Гарэлаў.
Парафія святога Духа, в. Фарынава.