Пасланне
Маці Божай Гудагайскай,
Залатой Мадонне Беларусі

Маці Ласкавая,
Зоркамі свецішся,
Туліш Ты нас да Сябе,
Стомленых, радасных,
Сумных, удзячных,
Хвалім заўсёды Цябе.

Каб цяжкасці выпрабаванняў
Пранесці з чыстаю душой,
Звярнуцца трэба ў Гудагаі
За дапамогаю Тваёй.

Крыж будзе вельмі лёгкі,
Калі Маці нас вучыць нясці
З падзякай, з Камуніяй, з песняй,
Не сумнявацца, да Бога ісці.

Ісці на кожны дзень...
А на фэсты — вакол касцёла,
Бога Айца хваліць,
спяваць Яму...

Перапрасіць Хрыста,
а на дарогу,
Падзякаваць Табе за ласкі
і падмогу.

Паабяцаем мы ўжо сёння –
Ў год Эўхарыстыі Святой
Злагодзіць сэрцы супакой
І два айцы — наступнікі Пятра
Благаславяць нас папскаю рукою,
Каб у час Твайго Каранавання
Ты стала Маці Залатою!

Як цудоўна, што мы маем такое месца на Радзіме, як Гудагай!

...Мы памятаем (бацькі і дзяды апавядалі, а яны прайшлі нялёгкі жыццёвы шлях) пра сваіх святароў, якія працавалі на нашай зямлі. Светлая памяць ксяндзу Адаму, ксяндзу пралату Алойзу. Менавіта ён, які прайшоў праз турму і знявагі, рабіў у той час вельмі вялікую працу для адраджэння рэлігіі...

На пачатку 90-х гадоў мы ў Гудагаі атрымалі вялікі цуд — аднаўленне закона кармэлітаў. Маці Божая прыслала нам на дапамогу айцоў з польскай зямлі, братоў і сясцёр. Нельга знайсці што-небудзь больш каштоўнае за гэтыя жыватворныя малітвы, рэкалекцыі, фэсты! Дзякуем Табе, Шкаплерная, за пілігрымаў, за дзяцей, за ўвесь люд верны! Мы вельмі палюбілі Марыю, бо Яна — наша Маці, а мы — Яе дзеці.

Парафіяне не прапускалі ніводнага слова айца Бэрнарда, захопленыя яго праўдзіваю навукаю і чысцінёю яго сэрца. Усё заззяла навокал ад яго абаяльнасці, усмешкі, жартаў, лёгкасці (а. Бэрнард цяпер працуе ў Нарачы). Працаваў у нас і айцец Казімір, чалавек вельмі шляхетны, які кожны раз запрашаў і цяпер запрашае нас да ўсё большай любові і глыбіні веры ў тое, што Марыя — самы блізкі праваднік людзей да Бога. А якія патрэбныя дзецям, моладзі, семінарыстам, усім нам лекцыі айца Аркадзя! Дзякуем яму за непаўторную ўсмешку, за парадак ва ўсім, што б ён ні пачынаў... Айцец Раман — высокаадукаваны чалавек, вельмі добры спаведнік, якога вельмі ўважліва слухалі і дарослыя, і дзеці. Падабаюцца веруючым Імшы шаноўнага айца Леанарда, інтанацыя яго голасу, спеў. Усе айцы вельмі хутка авалодалі беларускай і рускай мовамі, што вельмі важна. Пачуўшы адзін раз голас брата Нікадэма, цудоўнага спевака і музыканта, мы закахаліся назаўсёды ў яго талент.

Вельмі многа зрабілі для нас сёстры-кармэліткі Наэма, Богна і іншыя — мілыя, чулыя, добрыя, сціплыя. Іх густ і старанні захаплялі нас. Дзякуем вам, дарагія браты-кармэліты, нашыя землякі, мы ганарымся вамі! Дзякуем табе, сястра Тарэзіна, кветачка нашых палёў, дарагая зямлячка! Вельмі прыгожыя чытанні і спевы ў Гудагаі, а дзяўчаткі, моладзь надзвычай шчыра рыхтуюцца да Імшаў. А якія харошыя нашы хлапчукі, што паслугуюць каля стала Панскага — міністранты, надзея наша...

Выбачай, Маці Божая, Ты не дастукалася да ўсіх нашых сэрцаў, бо не ўсе яшчэ шырока адчынены, бо замала было толькі хацець... Абяцаем дапамагаць выхоўваць добрае пакаленне ўнукаў, Тваіх дзяцей, у пашане, чуючы Твой голас. І яшчэ раз хочацца пакланіцца Табе, Маці Унебаўзятая, якая праходзіш у жніўні зоркамі па Небе, а мы, гледзячы, заўважаем, як блізка ёсць Неба, як блізка з намі Ты — найлепшая за ўсіх... За нас, наш Родны край, за Гудагай — заступіся перад Богам!

Твая дачка, маці былых міністрантаў у Гудагаі,
Валянціна, Вільня.