У нядзелю, 11 верасня, невялікая вёска Вязынь (на Вілейшчыне) ажыла з самай раніцы: каля касцёла выкладваліся зелянінай дарожкі, людзі, прыгожа апранутыя, з кветкамі ў руках, накіроўваліся ў бок святыні, з’язджаліся госці, бо менавіта ў гэты дзень павінна было адбыцца тое, чаго католікі гэтай мясцовасці чакалі доўгія гады.

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў тут пабудаваны ў 1908 годзе, але ў пасляваенны час яго сустрэў лёс большасці святыняў на нашай зямлі: ён быў зачынены, ператвораны ў склад, а пасля ў музей. З надыходам атэістычнай «адлігі» касцёл быў вернуты католікам. На жаль, «касметычны» рамонт не ліквідаваў дэфектаў даху, і касцёл хутка быў зноў знішчаны вільгаццю і грыбком.

З дапамогаю нямецкай арганізацыі Renowabis і намаганнямі саміх вернікаў у 2004 годзе быў адрамантаваны дах, а летам гэтага года праведзены грунтоўны рамонт звонку і ўнутры святыні, дзе з’явіліся закрыстыя і катэхетычны клас. Касцёл прыгожа аздоблены новымі абразамі, фігурамі і стацыямі Крыжовай дарогі. Працы праводзіліся спецыялістамі, але з чынным удзелам усёй вёскі. Дапамагалі фінансава і ў працы як католікі, так і праваслаўныя, а таму за час рамонту парафія сталася моцнай і вялікай сям’ёй.

11 верасня а 16-й гадзіне распачалося ўрачыстае асвячэнне адрэстаўраванай святыні і яе новых абразоў і фігур. Святую Літургію цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. У гэтай урачыстасці ўдзельнічалі дзекан Вілейскага дэканата ксёндз пралат Эдмунд Даўгіловіч, пробашч з Даўгінава а. Алойзы Шулік, пробашч лебедзеўскай парафіі кс. Пётр Байгер, пробашч з Ракава кс. Дзмітрый Барыла. Разам з парафіяй маліліся сёстры ад Анёлаў з Вілейкі, сёстры назарэтанкі з Маладзечна, клерыкі Міждыяцэзіальнай духоўнай семінарыі ў Пінску. Свята ўпрыгожваў малады хор з Вілейкі «Angeli», які спецыяльна падрыхтаваў некалькі новых музычных твораў.

Жыхары Вязыні на заканчэнне свята выказалі вялікую радасць з прычыны адноўленага касцёла, а таксама падзякавалі кс. біскупу Антонію, які знайшоў магчымасць быць у гэты гістарычны дзень разам з імі.

Кс. Аляксандр Барыла.
Фота з архіва парафіі