Пачатак глядзі ў нумары №3(118) 2005 >>>

ЭЎХАРЫСТЫЧНЫ ВОБРАЗ

Св. Ян Боско,
31 студзеня 1994 г.

Дарагі Тамаш, дзякую табе за ўсё тое, што ты робіш для моладзі. Прыезд Папы на Філіпіны ў наступным годзе будзе вялікаю дапамогаю твайму служэнню. Падчас візіту ў Карэю Святы Айцец сказаў маладым, што яны знойдуць сваё адлюстраванне ў Эўхарыстыі. Святая Гостыя — гэта люстэрка, у якім мы бачым бясконцую любоў Хрыста да нас. Менавіта таму Ян Боско прывёў маладых да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Што патрэбна маладым? Ведаць, што Езус — гэта Асоба, спадабацца Якой лягчэй, чым каму бы то ні было ў свеце (...)

Вялікі біскуп Шын прайшоў праз перыяд «сухасці», калі было так цяжка маліцца, што ён проста сядзеў у капліцы, ні слова не гаворачы Езусу. Мужнасць пакідала яго ад думкі, што такія святыя гадзіны непрыемныя Езусу. Потым біскуп успомніў, што яго маленькі сабака таксама не можа размаўляць. І калі біскуп сядаў у сваё зручнае крэсла пачытаць газету, сабака адразу сядаў побач. Гэта вельмі цешыла біскупа і нават рабіла яго шчаслівым. Як толькі ён пра гэта разважаў, атрымліваў ухвалу ад Бога. Біскуп Шын быў вельмі мілым суразмоўцам Пана, таму што знаходзіўся побач з Ім у Найсвяцейшым Сакрамэнце, хаця, як і яго маленькі сабака, нічога Яму не гаварыў (...)

Галоўны сэнс духоўных практыкаванняў і казанняў біскупа Шына быў у тым, каб натхніць кожнага чалавека маліцца сваю штодзённую святую гадзіну каля Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Незадоўга да сваёй смерці ён даў інтэрв’ю па тэлебачанні. У яго запыталіся, хто натхніў і падзейнічаў на яго, можа, Папа, кардынал, біскуп, святар ці, магчыма, законніца? Біскуп Шын адказаў: «Не». Тым, хто натхніў яго адпраўляць штодзённую святую гадзіну, была маленькая дзяўчынка. Калі камуністы захапілі ўладу ў Кітаі, яны прыйшлі да аднаго з касцёлаў і зачынілі святара ва ўласным доме, які стаў для яго турмой. Потым яны зламалі табэрнакулюм, кінулі на падлогу святыя гостыі і пайшлі. Яны не ўбачылі маленькай дзяўчынкі, якая малілася на каленях. Той жа ноччу яна вярнулася назад, змейкай праслізнула паміж ахоўнікаў каля дома святара і ўвайшла ў цёмны халодны касцёл. Там яна ўкленчыла на малітву, каб атрымаць свайго Пана і свайго Бога ў святой Камуніі. Дзяўчынка вярталася кожную ноч у касцёл, пакуль не прыняла ўсе святыя гостыі. Яна схілялася да падлогі і прымала Езуса на язык. Усё гэта засведчыў парафіяльны святар, які бачыў дзяўчынку са свайго вакна ў святле яркага месяца. Ён дакладна ведаў, колькі святых гостый было ў табэрнакулюме, таму што сам іх палічыў і асвяціў. Пасля таго як дзяўчынка прыняла апошнюю Гостыю, на 36-ю ноч, яе ўбачылі ахоўнікі. Яны схапілі дзіця і забілі да смерці. Святар выжыў і расказаў гэтую гісторыю. Біскуп Шын пачуў яе, калі быў семінарыстам. Тады ён даў абяцанне Богу кожны дзень на працягу ўсяго свайго святарскага жыцця адпраўляць святую гадзіну, што і рабіў, пакуль не памёр ва ўзросце 82 гадоў. На гэту святую справу ён натхніў многіх біскупаў і святароў. І мала хто ведаў, што сам ён быў натхнёны маленькай кітайскай дзяўчынкай.

Я расказаў гэту гісторыю, Тамаш, таму што ідэалізм — вартасць маладога сэрца. Ты прысвяціў сваё святарства таму, каб прыводзіць моладзь да Хрыста. Я толькі хачу дадаць: Хрыстус — у святой Эўхарыстыі.

Твой брат у Яго Эўхарыстычнай Любові
мансеньёр Джазэфіно Рамірэс.

Падрыхтавала Г. Калевіч.