15 жніўня 2005 г., ва ўрачыстаcць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, у парафіі св. Ганны ў в. Мосар Віцебскай дыяцэзіі, адбылося ўрачыстае асвячэнне першага ў нашай Айчыне помніка Папу Рымскаму Яну Паўлу іі.

Аўтар гэтай ідэі – кс. пралат Юзаф Булька, пробашч мосарскай парафіі. Скульптары – Павел Хоміч, Сяргей Грабеня, Аркадзь Шабека.

Урачыстасць асвячэння распачалася ў мосарскім касцёле св. імшой якую цэлебраваў кс. др Ян Крэміс разам з кс. пралатам Юзафам Булькам у прысутнасці вернікаў і гасцей парафіі. У казанні кс. Ян нагадаў пра галоўныя падзеі з жыцця святой памяці Яна Паўла іі, а таксама пра тое, што асвячэнне яго помніка ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі не выпадковае, бо ўсё жыццё Яна Паўла іі было непадзельна злучана з Марыяй – «Totus tuus».

Скульптура Яна Паўла іі змешчана перад галоўнай брамай мосарскай святыні, праз якую штодня праходзяць сотні пілігрымаў, якія наведваюць гэты санктуарый прыгажосці. Скульптура, памерам 180 см, узвышаецца на раскінутых камянях, сярод якіх растуць кветкі. Папа вылеплены ў поўны рост, у хадзе, у літургічнай вопратцы, з пастаралам у руцэ і жэстам благаслаўлення.

Паводле ідэі, скульптура Папы ў руху мае сваю сімволіку. Па-першае, Ян Павел іі – гэта наступнік св. Пятра, скала, на якой на працягу 26 гадоў яго пантыфікату Хрыстус будаваў свой адзіны, святы, апостальскі Касцёл. Па-другое, Папа – гэта Найвышэйшы Пастыр, якому было дадзена Богам увесці Паўсюдны Касцёл у трэцяе тысячагоддзе.

Супольная малітва аб хуткай беатыфікацыі Яна Паўла іі завяршыла ўрачыстаць.

Няхай будзе хвала Богу за вялікія справы, якія Ён учыніў для Касцёла праз жыццё і дзейнасць Вялікага Папы!

Кс. Антоні Клімантовіч.
Фота кс. Андрэй Сіповіч