«Будзь праслаўлёная, Божая Маці!», – словамі з Евангелля паводле святога Лукі вітаем Цябе, Марыя, – Маці і Каралева наша. Вітаем Цябе, Маці, нашымі гарачымі сэрцамі,» – такімі словамі звярнуўся да шматлікіх вернікаў на пачатку каранацыйнай урачыстасці Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

 
Урачыстасць, прысвечаная каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай і 300-гадоваму юбілею кансэкрацыі катэдральнай базылікі ў Гродне, распачалася працэсіяй. Шматтысячная працэсія вернікаў рушыла вуліцамі старажытнага горада за абразом Найсвяцейшай Маці, спевамі праслаўляючы Яе веліч, молячыся аб заступніцтве і дапамозе.

Каля пабернардынскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа адбылася галоўная святая Імша, якую служыў Яго Эмінэнцыя кардынал Свёнтэк. Разам з іерархам Касцёла на Беларусі святую Імшу канцэлебравалі кардынал Генрык Гульбіновіч з Вроцлава, нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – мітрапаліт з Масквы, арцыбіскуп Войцех Земба – мітрапаліт Беластоцкі, біскуп Драгічынскі Антоні Дыдыч, біскуп Сандамежскі Анджэй Дзенга, біскуп Тадэвуш Пікус з Варшавы, Тадэвуш Завістоўскі з Ломжы, біскупы Мінска-Магілёўскай Мітраполіі – ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, дапаможныя біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, а таксама сакратар нунцыятуры ксёндз Генрык Ягадзінскі, архімандрыт Сяргей Гаек – Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, генеральныя і правінцыяльныя настаяцелі законных і манаскіх супольнасцяў і святары з Польшчы і Літвы, святары розных дыяцэзій Беларусі.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў С.І.Буко, прадстаўнікі абласных і гарадскіх уладаў.

Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. пралат Міхал Сапата абвясціў дакумент Апостальскай Сталіцы аб умовах атрымання поўнага адпусту ў дзень каранацыі і на працягу года ў гродзенскай базыліцы.

Падчас святой Імшы цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай быў укаранаваны папскімі каронамі, якія асвяціў Слуга Божы Ян Павел ІІ.

З вялікім энтузіязмам успрынялі вернікі гамілію, якую абвясціў кардынал Генрык Гульбіновіч. Са слязьмі на вачах вернікі слухалі эмацыйнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з біскупскай кансэкрацыі якога распачалося адраджэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі і адраджэнне культу Маці Божай Кангрэгацкай.

Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч запэўніў у любові і духоўнай лучнасці Святога Айца Бэнэдыкта XVI з католікамі Беларусі, выяўленнем якой з’яўляецца абвяшчэнне юбілейнага года ў базыліцы і ўстанаўленне адпусту. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў вернікаў да адвагі ў перамене свайго жыцця, да адвагі ў веры. «Адвагі, бо ведаем, што тут, у Гродне, ёсць Матчына Сэрца, якое б’ецца для ўсіх, – Сэрца Маці Езуса і Маці нашай», – заклікаў арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прыгадаў прысутным, што на працягу амаль пятнаццаці гадоў свайго біскупства дзякуючы прыхільнасці Святога Айца Вялікага Папы Яна Паўла ІІ ён меў магчымасць, так, як сёння, каранаваць абразы Маці Божай на Беларусі: абраз Маці Божай Брэсцкай, абраз Маці Божай Лагішынскай, абраз Маці Божай Будслаўскай – Апякункі Беларусі. І ў Лагішыне, і ў Будславе цяпер санктуарыі. У Лагішыне – санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся, у Будславе – нацыянальны санктуарый.

«І вось сёння я меў магчымасць каранаваць абраз Маці Божай Кангрэгацкай. Культ Маці Божай на гэтых тэрыторыях вельмі распаўсюджаны. Мы не можам уявіць сабе, як можна шанаваць Сына Яе Езуса Хрыста без пашаны і любові да Яго Маці. І таму таксама пры аднаўленні алтара ў мінскай архікатэдры я звярнуўся да Яна Паўла ІІ з просьбай: для мінскай архікатэдры неабходны абраз Маці Божай – Найсвяцейшага Імя Марыі. І на маю вялікую радасць Папа сказаў: „Будзеш мець гэты абраз, і гэта будзе мой дар для архікатэдры ў Мінску“. І гэты абраз ужо прыбыў у Мінск. І яшчэ я пачуў цудоўныя словы. Папа дадаў: „Але гэта яшчэ не ўсё. Гэты абраз ты карануеш папскімі каронамі. Няхай ад мяне будзе абраз і алтар у архікатэдры сталіцы Беларусі“.

Спадзяюся, што яшчэ сёлета 21 кастрычніка ў архікатэдры будзе змешчаны і каранаваны абраз Маці Божай. Гэта будзе пятая каранацыя. Дзялюся з вамі гэтай радасцю, бо кожная такая каранацыя – гэта пашырэнне пашаны да Маці Божай, прызнанне Яе Каралевай нашай, бо кароны – гэта знак каралеўскай улады. Радуюся разам з вамі з сённяшняй урачыстасці і запрашаю ў Мінск, на пятую каранацыю Маці Божай», – заклікаў Яго Эмінэнцыя.

Напрыканцы ўрачыстасці біскупы аддалі ў апеку Маці Божай Кангрэгацкай Гродзенскую дыяцэзію, моладзь і ўсіх вернікаў Беларусі.

Працэсіяй да базылікі з каранаваным абразом Маці Божай Кангрэгацкай і адарацыяй цудадзейнага абраза завяршылася прыгожая каранацыйная ўрачыстасць у старажытным Гродне.

Маці Божая Кангрэгацкая – Маці Божая Снежная, Маці Божая Студэнцкая, Каралева наша, апякуйся намі кожны момант, вядзі нас да свайго Сына. Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца...

Тэкст і фота Міколы Новікава.