Пробашч катэдры св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне ксёндз Ян Кучынскі згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта пасля ўрачыстасці каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), якая адбылася 28 жніўня ў Гродне.

Данута Бічэль: Вы былі ў цэнтры падзеяў каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай. Што Вы перажылі і адчулі як малады пробашч гэтай парафіі?

Кс. Ян Кучынскі: Лічу гэта першым цудам укаранаванай Маці Божай Кангрэгацкай. У самым пачатку майго святарства я апынуўся ў Тракелях пры Маці Божай, Яна кіравала маім лёсам, я быў пасланы ў Рым і сюды якраз да 300-гадовага юбілею касцёла. Усхвалявана перажываў час падрыхтоўкі да свята, а калі нёс карону, а за мной неслі абраз Маці Божай Кангрэгацкай і зайграў аркестр, сэрца маё ледзь не выскачыла...

Раней здавалася, што культ гэтага абраза занядбаны. І абверглася гэта. Культ жывы, калі Маці Божая сабрала вакол сябе такое вялікае мноства вернікаў.

Д. Б.: Хто быў ініцыятарам каранацыі абраза Маці Божай?

Кс. Ян: Ініцыятыва сыходзіла ад біскупа ардынарыя Аляксандра Кашкевіча. Гэта па яго просьбе Святы Айцец Ян Павел ІІ дазволіў 4 сакавіка 2003 г. каранацыю цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай. А пра цудадзейнасць абраза сведчаць воты, якіх там шмат, сведчыць традыцыя студэнтаў маліцца перад экзаменамі да Маці Божай Кангрэгацкай.

Д. Б.: Чаму быў укаранаваны абраз, а не галава Маці Божай і не галава Дзіцяці?

Кс. Ян: З тэхнічных поглядаў. Абраз маленькі. Гэтак робіцца ў іншых месцах. Напрыклад, у Ліхэні ўкаранаваны ўвесь абраз.

Д. Б.: У прэсе ёсць розныя згадкі пра аклад абраза...

Кс. Ян: Першы залаты аклад абраза згублены невядома дзе і калі. Цяперашні аклад таксама залаты і паходзіць з канца XVIII або пачатку XIX стагоддзя. Залатую карону цяпер зрабіў гродзенскі мастак Уладзімір Кіслы.

Д. Б.: Вельмі прыгожая малітва, якую прачытаў кардынал Казімір Свёнтэк пры асвячэнні і ўскладанні кароны.

Кс. Ян: Гэта старажытная малітва, рэстаўраваная і прыстасаваная да сучаснасці.

Д. Б.: Ці будуць праводзіцца акцыі з боку Касцёла, каб заахвочваць людзей да асвячальнай ласкі і ўзвышэння культу Маці Божай Кангрэгацкай?

Кс. Ян: Так. З гэтага тыдня праводзіцца святая Імша падзякі за каранацыю а 19-й гадзіне. У суботу праводзіцца святая Імша з навэннай да Маці Божай Кангрэгацкай складковая. Чакаем, што ад парафій будуць прыходзіць пілігрымкі. Нам трэба ведаць, калі якая парафія прыйдзе, каб іх тут сустрэць. Спецыяльныя ласкі дае Апостальская Сталіца нашаму касцёлу з нагоды каранацыі — адпушчэнне грахоў на працягу цэлага году.

Д. Б.: Хто збірае звесткі пра цуды і як іх праверыць?

Кс. Ян: Мы заводзім спецыяльны сшытак, каб занатоўваць сведчанні людзей. А як правяраць і ці варта правяраць людскую ўдзячнасць?

Д. Б.: Місіянеры за тыдзень вельмі шмат зрабілі — здолелі пераканаць, з’яднаць людзей.

Кс. Ян: Місіянеры — айцы рэдэмптарысты з Варшавы — маюць адмысловы талент і вялікі вопыт місійнай дзейнасці, ведаюць, як перадаць людзям Хрыстовы праўды.

Д. Б.: Каранацыя абраза, які больш як трыста гадоў чакаў свайго ўшанавання, адбылася ў Год Эўхарыстыі. Усё гэта сталася невыпадкова?

Кс. Ян: Каб падрыхтаваць супольнасць да каранацыі, цэлы год трывала штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай. А тое, што гэта супала з Годам Эўхарыстыі, то гэта сапраўды добрае сімвалічнае супадзенне.

Д. Б.: Якое значэнне мае для святара месца, дзе ён адпраўляе святую Імшу? Кажуць, што алтар нават маленькай вясковай святыні — гэта алтар адзінага паўсюднага Касцёла?

Кс. Ян: Так і ёсць. Вядома, найлепей адпраўляць святую Эўхарыстыю ў намоленым месцы, у касцёле, у парафіі з людзьмі, якіх спавядаеш, якіх ведаеш, да якіх прывыкаеш. Але святар мусіць працаваць там, куды яго пашлюць... Падчас вучобы ў Рыме я вёў святую Імшу на італьянскай мове. Я бязмерна ўдзячны Богу і Маці Божай, што мне выпала быць тут у гэты час...

Д. Б.: І мы ўдзячны Богу і Маці Божай за Вас і за ўсіх маладых святароў, якія так аддана і шчыра моляцца з намі.

Данута Бічэль