У Бога час, бывае, вяртаецца назад. 28 жніўня Гародня як бы вярнулася ў святое Сярэднявечча: цесныя вулкі запоўніліся пакорнымі людзьмі, касцёльнымі харугвамі, над горадам загаманілі званы...

Цудоўны абраз Маці Божай знаходзіўся ў Кангрэгацкай капліцы болей як 300 гадоў. Маці Божая не выходзіла з касцёла. Ёй дапамагалі на адлегласці Яе служкі анёлкі.

Вынеслі на плячах абраз з касцёла пад урачыстую музыку аркестра і хораў. Дзяўчаты ў белых вяночках пасыпалі Яе шлях пялёсткамі ружаў, у працэсіі ішлі хлопчыкі-міністранты, клерыкі, законныя сёстры, святары ў святочных шатах, біскупы, кардынал Казімір Свёнтэк і кардынал з Вроцлава Генрых Гульбіновіч, госці. Залатую карону на аксамітнай падушцы нёс пробашч гродзенскай катэдры кс. Ян Кучынскі. Радасныя і ўдзячныя людзі ішлі ў працэсіі, многія перабеглі на бэрнардынскую горку, каб заняць там больш зручнае месца, але няма такога пляцу, такой прасторы ў Гародні, каб змясціліся ўсе, хто ўдзячны Божай Маці...

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай устанавілі на палявым троне, сярод кветак і духавенства. Зблізку ён падаўся яшчэ больш велічным, асабліва срэбная рама ў стылі ракако, а маленькая постаць Маці Божай і Дзіцятка ў залатым акладзе сярод адданых вачэй выглядалі годна, як Уладары Свету.

Год у Кангрэгацкім алтары адбывалася няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. 6 жніўня біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў копіі абраза Маці Божай Кангрэгацкай, і дэлегацыі з дэканатаў павезлі іх па Гарадзеншчыне, ад касцёла да касцёла, а пасля — ад сядзібы да сядзібы. Нікога не абмінае наша Апякунка.

Місіянеры-рэдэмптарысты тыдзень нястомна маліліся з вернікамі, а ў завяршэнне місій асвяцілі місійны крыж і крыжыкі ў руках людзей. У казанні прызналіся, што самі вучыліся разумець людзей Усходу Еўропы, іх эмацыйнасць, шчырасць і адкрытасць.

Ад пятніцы да 11 гадзін у нядзелю трывала няспынная малітва.

Кульмінацыяй урачыстасці было казанне Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, пачынальніка ўзвышэння культу Маці Божай Кангрэгацкай. «Касцёл — гэта сакрамэнт усеагульнага збаўлення», — сказаў арцыбіскуп.

Кардынал Казімір Свёнтэк прачытаў малітву, асвяціў карону і супольна з біскупам Аляксандрам Кашкевічам, які аддаў у апеку Маці Божай студэнтаў і людзей Беларусі, іерархі ўмацавалі карону на срэбранай раме, дзе якраз было месца сярод буйнай квецені на срэбры.

З парадкам спраўляліся хлопцы ў белых комжах. Пасля дзеці елі булкі, запівалі напоямі з бутэлек, і гэта напамінала пра цуд Езуса з хлябамі. Бабулі на сходках збіралі пялёсткі ружаў, каб потым гаіць імі болесці...

Пасля ўрачыстасці вялікая чарга праз увесь касцёл стаяла да ўкаранаванай Божай Маці Кангрэгацкай. Многія прагнулі сказаць Ёй і Сыну паціху тое запаветнае, што не гаворыцца гучна...

Данута Бічэль