XXVII звычайная нядзеля — 2 кастрычніка 2005 г.

Чытанні: Іс 5, 1–7; Пс 80 (79);
Флп 4, 6–9.

Евангелле (Мц 21, 33–43):

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён ізноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць яму аддаваць плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых. Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

Цярплівасць і клопат. Ахвяра і самаадданасць. План, поўны надзеі, а таксама абяцанняў. З гэтых дэталяў складаецца вобраз Божай любові да Ізраэля. Любові прыгожай і напоўненай усё большаю прагаю кахання. Пра гэта гаворыць нам Хрыстус у сённяшнім Евангеллі. Вобраз вінаградніка быў блізкі Ягоным слухачам. Напэўна, яны не раз чыталі ў кнізе прарока Ісаі песню пра вінаграднік (Іс 5, 1–7). Спасылаючыся на гэты прыклад з Пісання, Езус выкарыстоўвае яго ў сваім навучанні. Гэта як бы прарочае бачанне, у якім паказаны трагічны лёс Сына Чалавечага. Безумоўна, кожны з нас пазнае ў вобразе гаспадара вінаградніка самога Бога Айца, а ў вобразе яго сына — Езуса Хрыста, Сына Божага. А яшчэ ў гэтай прыпавесці ёсць чалавек, якому Бог даверыў свае даброты. Чалавек, які не пабаяўся падняць руку на Сына Божага. Чалавек, які хацеў стаць гаспадаром вінаградніка, яго адзіным уладальнікам. Якая вялікая пыха стварэння ў адносінах да свайго Стварыцеля! А з другога боку, якая вялікая міласэрная любоў Бога, выяўленая ў прабачэнні. Сёння месца народа, які не прыняў Божага Сына і не захаваў вернасць запавету, займае Касцёл. Гэтая супольнасць з’яўляецца знакам новага запавету, замацаванага смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Менавіта Езус з’яўляецца падмуркам гэтага сучаснага вінаградніка, яго вуглавым каменем. Але вартасць гэтай супольнасці не абмяжоўваецца толькі гэтым цудоўным падмуркам. Кожны з нас, хто прыняў святы хрост, займае ў Касцёле сваё месца. Ад кожнага з нас залежыць прыгажосць сучаснага вінаградніка ў свеце. Таму так неабходна і важна тое, што мы выбіраем у сваім жыцці, а таксама на падставе чаго прымаем рашэнні. Чым больш у іх Божага Слова, а можа проста самога Бога, тым прыгажэйшым становіцца вобраз Касцёла-вінаградніка, і тым большы давер выклікае ў свеце. Касцёл — гэта рэчаіснасць, у якой мы існуем. Аднак нам пагражае небяспека пасіўнасці і недахопу адказнасці за гэтую рэчаіснасць у сучаснай гісторыі. Сёння Езус Хрыстус выбраў нас у гэтую супольнасць, а таксама ўмацаваў сваёй прысутнасцю, каб мы маглі быць Яго сведкамі. Ад нас не патрабуецца нейкіх вялікіх паказных учынкаў, з якіх будзе дзівіцца ўвесь свет. Асаблівую важнасць мае нашае штодзённае жыццё. Тыя звычайныя хвіліны, якія, можа, наганяюць на нас сум. Менавіта ў гэты час трэба жыць згодна з Божай воляю. У самых дробных дэталях нашага існавання. З гэтых дробязяў складаецца вобраз вінаградніка, якім сёння з’яўляецца Касцёл. Нам нельга забывацца пра тое, што, каб быць у поўнай меры адказнымі за Касцёл, мы павінны быць у камуніі з Езусам — у еднасці з Ім. Таму Эўхарыстыя — гэта пачатак усяго. Нашу адказнасць за Касцёл, а таксама сілу, неабходную для сведчання, мы чэрпаем менавіта падчас Эўхарыстыі. На зямлі няма іншай крыніцы. Таму, прабываючы ў супольнасці Касцёла, мы павінны заўсёды памятаць пра багацце яго пачатку і традыцыі. Мы таксама павінны заўсёды ўглядацца ў Езуса Хрыста, які дае жыццё гэтаму незвычайнаму вінаградніку. Няхай гэта ўмацоўвае нас духоўна і заахвочвае яшчэ больш клапаціцца пра Касцёл, выконваючы сваё жыццёвае пакліканне.

 
XXVIIІ звычайная нядзеля — 9 кастрычніка 2005 г.

Чытанні: Іс 25, 6–10а; Пс 23 (22);
Флп 4, 12–14. 19–20.

Евангелле (Мц 22, 1–14):

Адказваючы, Езус ізноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. І паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле! Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

Перад табою чарговая нядзеля. Чарговы дзень Панскі. Ты радуешся, бо ў цябе будзе больш вольнага часу, і стараешся дакладна распланаваць увесь гэты дзень. У пэўны момант ты ўзяў у рукі часопіс «Ave Maria», каб паглядзець, якое будзе Евангелле ў гэтую нядзелю. І вось ты чытаеш прыпавесць пра каралеўскую гасціну і запрошаных на яе людзей, якія пагардзілі гаспадаром і не прыйшлі. Магчыма, чытаючы евангельскі тэкст, ты быў уражаны і здзіўлены тым, як паводзяць сябе гэтыя людзі. Ты думаеш: «Калі б мяне хто-небудзь запрасіў на такую гасціну, я ні за што б не адмовіўся». Ці сапраўды так?

Кожную нядзелю Езус Хрыстус запрашае цябе на Эўхарыстычную гасціну. Ён накрывае для цябе стол свайго Слова і Цела. Ці ты ўважлівы да гэтага запрашэння? Ці не пагарджаеш ім? Ці не пабудаваў ты паміж сабою і Богам таўшчэзнай сцяны з часовых справаў? Які твой адказ? Можа такі, пра які напісаў паэт:

Ты змяняў Хрыста
на адпачынак ад працы,
На кошык грыбоў,
На маленькую рыбку,
На аўтарынак,
На футбольны матч.
Астатняе спіхнуў на слабое
здароўе, на стому і дождж,
На цесны абутак,
старое адзенне...
Менавы гандаль з самім сабою
Заўсёды ўдаецца.
Хрыстус пачакае
заклапочаных людзей...

Мы можам знайсці безліч адгаворак, абы не ўдзельнічаць у Эўхарыстычнай гасціне, пераконваючы сябе, што Бог усё гэта зразумее і даруе, бо Ён добры. Так, Бог сапраўды добры, але ў сённяшнім Евангеллі гаворыцца, што тых, хто не прыняў запрашэння на гасціну, кароль загадаў знішчыць, а тых, хто прыйшоў да яго без вясельнай вопраткі, загадаў кінуць у цемру. Гэты выкінуты чалавек, які прыйшоў на гасціну неадпаведна апранутым, увасабляе тых хрысціянаў, якія не вераць, што святая Імша — гэта вясельная гасціна. Яны прыходзяць на яе толькі па абавязку і выглядаюць так, як быццам прыйшлі на пахаванне. Гэта вобраз верніка, апранутага ў адзенне абыякавасці і маўчання ў той час, калі трэба быць у адзенні радасці і надзеі. Такі чалавек замест Божай усмешкі нясе ў свет смутак. Ён не зразумеў, што радасць — гэта сіла і заклік да таго, каб несці яе ў свет. Хто гэтага не разумее, шукае адгаворкі і ўцякае, а калі прыходзіць, дык толькі сумуе. Безумоўна, нікога немагчыма прымусіць быць шчаслівым, бо шчасце з’яўляецца толькі ў атмасферы свабоды. Мастацтва чалавечай свабоды грунтуецца на тым, каб умець знайсці час прыйсці, нават калі гэта і не так проста. Адмаўляючыся прыйсці, ты пагарджаеш дабрынёю Гаспадара, які цябе запрашае. «Вось я прыгатаваў гасціну маю. Прыходзьце на вяселле!» — няспынна гучыць запрашэнне Езуса.

 
XXІХ звычайная нядзеля — 16 кастрычніка 2005 г.

Чытанні: Іс 45, 1. 4–6;
Пс 96 (95); 1Тэс 1, 1–5b.

Евангелле (Мц 22, 15–21):

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з ірадыянамі, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на каго, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам, як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не? Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне манету, якой плаціце падатак. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

Узяўшы ў рукі манету, якой плаціўся падатак, Езус паказаў нам мяжу, якая існуе паміж тым, што належыць цэзару, і тым, што належыць Богу. Ён як быццам хоча нам сказаць, што хрысціянін жыве ў дзвюх супольнасцях: супольнасці Касцёла, якая клапоціцца пра яго духоўнае дабро і вядзе да збаўлення, а таксама ў палітычнай супольнасці, мэта якой забяспечыць матэрыяльны дабрабыт грамадства. Кожны чалавек нараджаецца на свет у пэўным грамадскім і культурным асяроддзі, якое мае сваю гісторыю, культуру, мову і звычаі. У адносінах да гэтай супольнасці хрысціянін павінен вызначацца цнотаю патрыятызму — любові да сваёй Айчыны і да яе набытку. Магчыма, менавіта ў кантэксце гэтай цноты трэба разумець словы Хрыста з сённяшняга Евангелля: «аддайце цэзарава цэзару». Гэта звязана з тым, што ў нашым жыцці існуе пэўны парадак любові. Хрысціянін павінен любіць Бога ўсім сэрцам і вышэй за ўсё; затым сваёй любоўю ён павінен атуліць сям’ю, а потым — Айчыну. Нашае жыццё паходзіць ад Бога, бо Ён стварае душу кожнага чалавека ў хвіліну яго зачацця. У сваю чаргу бацькі падаравалі нам цялеснае жыццё, выгадавалі і выхавалі нас, а Айчына дала нам культуру, мову і ўсё багацце сваёй гістарычнай спадчыны і такім чынам вызначыла кірунак нашага асабістага развіцця. Таму мы павінны з усёй адказнасцю клапаціцца пра сваю краіну. На беларускім тэлебачанні ёсць выдатныя рэкламныя ролікі, прысвечаныя ахове навакольнага асяроддзя, бо гэта адна з важных праяваў адказнасці за нашу краіну. Але патрыятызм патрабуе таксама імкнуцца выправіць у ёй усё нездаровае і занядбанае. А гэта часта бывае вельмі складанаю задачаю, бо трэба назваць усё сваімі імёнамі, а таксама не раз давядзецца рабіць заўвагі. Гэта заўсёды трэба рабіць з усёю павагаю, памятаючы, што чалавечая ўлада паходзіць ад Бога, і што прыйдзе час, калі ўсе зямныя валадары павінны будуць адказаць перад Ім за сваё кіраванне. Аднак жыццё хрысціяніна не праходзіць толькі ў той ці іншай палітычнай супольнасці. Як было адзначана напачатку, мы ўваходзім таксама ў супольнасць, якою з’яўляецца Касцёл. Менавіта ў гэтай супольнасці мы павінны імкнуцца да збаўлення ўласнага і нашых бліжніх. Касцёл грунтуецца на любові да Бога. У гэтым сэнсе належыць разумець наступныя словы Хрыста: «аддайце Божае Богу». Уся рэлігійнасць чалавека, якая з’яўляецца найпрыгажэйшаю цнотаю, вынікае менавіта з нашага адказу на любоў, якую Бог мае да нас. Усё, што мы маем, паходзіць ад Бога. «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» (1 Кар 4, 7) — пытаецца святы Павел. Усведамляючы бязмежную дабрыню Бога, чалавек павінен стаць перад Ім з падзякаю і скласці да Яго ног усё, што толькі мае. Таму нам трэба аддаць Айчыне тое, што мы абавязаны, а Богу аддаць тое, чаго Ён з поўным правам чакае ад сваіх стварэнняў.

 
XXХ звычайная нядзеля — 23 кастрычніка 2005 г.

Чытанні: Зых 22, 20–26;
Пс 18 (17); 1 Тэс 1, 5с–10.

Евангелле (Мц 22, 34–40):

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе? Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.

І зноў Езуса выпрабоўваюць. У апошні раз фарысеі пыталіся ў Яго, ці трэба плаціць падаткі. А сёння яна прыходзяць да Настаўніка з Назарэту, каб спытацца ў Яго, якая запаведзь найважнейшая ў Пісанні. А Ён адказвае, спасылаючыся на Пяцікніжжа Майсея (гл. Дрг 6, 5; Лев 19, 8): «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёй, і ўсім розумам тваім. (...) Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Такім чынам, найбольшая запаведзь — гэта наказ любіць Бога і чалавека. У нашы дні тэма любові вельмі папулярная. Пра любоў здымаюць кранальныя фільмы, пішуць раманы, спяваюць песні... Часам нават здаецца, што само слова «любоў» сёння стала вельмі зацяганым. Можна без перабольшання сказаць, што гэтае слова, якое заўсёды было пэўным сімвалам, ключавым словам, сёння стала выдзіманым лозунгам, танным рэкламным прыёмам. Напэўна, сённяшні свет больш за любую іншую прагу адчувае прагу любові. Чалавек гаворыць пра любоў, бо ў яго сэрцы ёсць патрэба любіць і быць любімым. Кожны з нас па-свойму разумее, што такое любоў. Аднак трэба запытаць у сябе, ці гэтае бачанне любові адпавядае таму азначэнню, якое даў ёй Езус Хрыстус? Настаўнік з Назарэту навучаў, што любоў — гэта канкрэтная жыццёвая пазіцыя, якая патрабуе ад нас пакоры, цярплівасці, адкрытасці для другога чалавека, гатоўнасці прабачаць і адказнасці. Гэта здольнасць чалавека забывацца пра сябе самога і жадаць толькі шчасця для іншага. Славуты нямецкі паэт Гётэ пісаў: «Любоў пачынаецца тады, калі шчасце іншага чалавека становіцца важнейшым за тваё». Такая любоў патрабуе самаахвярнасці і адмаўлення ад сябе самога. Езус не толькі казаў пра такую любоў, але сведчыў пра яе сваім жыццём. Ён да канца палюбіў нас і з любові да кожнага з нас аддаў сваё жыццё на дрэве крыжа. «Ніхто не мае любові большай за тую, калі хто аддасць жыццё сваё за сяброў сваіх» (Ян 15, 13). Каб навучыцца любіць, чалавеку патрэбна, каб спачатку палюбілі яго. Толькі тады ты зможаш цалкам пазнаць сябе і знайсці сваё месца ў жыцці, калі ўсвядоміш, што Бог ставіцца да цябе як да асобы, цікавіцца табою і любіць цябе. Ён радуецца таму, што ты ёсць, і што ты менавіта такі, які ёсць; Ён прымае ўсе твае якасці, нягледзячы на тое, што ты далёка не дасканалы. Ён прабачае табе грахі, калі ты хоць нейкім чынам папросіш у Яго прабачэння. Ты толькі тады зможаш усё, калі палюбіш Бога ўсім сваім сэрцам, усёю душою і ўсім розумам. Таму на першае месца Езус ставіць менавіта любоў да Бога. Гэта першая і найбольшая запаведзь. Запаведзь любові да бліжняга стаіць на другім месцы, але гэта не азначае, што яна менш важная. Проста другая вынікае з першай, або, інакш кажучы, не можа існаваць без першай. Святы апостал Ян у сваім пасланні піша: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8). Ён першы палюбіў нас любоўю вечнай і бясконцай. Наша любоў з’яўляецца адказам на любоў Бога. Напаўняючы нашыя сэрцы Богам, мы гэтым самым напаўняем іх любоўю. Толькі тады мы можам дзяліцца гэтаю любоўю з іншым чалавекам, бо немагчыма даць камусьці тое, чаго сам не паспытаў у жыцці. Любіць Бога і бліжняга, як сябе самога — гэта прыклад, да якога трэба дастасоўваць уласнае разуменне любові. Гэта заданне, якое мы абавязаны ажыццяўляць кожны дзень у нашым штодзённым жыцці.

 
XXХІ звычайная нядзеля — 30 кастрычніка 2005 г.

Чытанні: Мал 1, 14b–2, 2b. 8–10;
Пс 131 (130); 1 Тэс 2, 7b–9.

Евангелле (Мц 23, 1–12):

Езус прамовіў да народа і сваіх вучняў: Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі». Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. І не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Чытаючы Святое Пісанне, мы часта сустракаем выказванні Езуса, якія нас моцна ўражваюць і прымушаюць задумацца. Штосьці падобнае ёсць і ў сённяшнім Евангеллі: «Хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны». Што меў на ўвазе Настаўнік з Назарэту, калі прамовіў гэтыя словы? Без сумнення, у іх Хрыстус заклікае нас да пакоры. Многія хрысціяне лічаць, што пакора — гэта прыніжэнне сябе. Безумоўна, такое разуменне пакоры нікога не натхняе на тое, каб рэалізоўваць яе ў сваім жыцці. Кожны чалавек з цвярозым розумам адразу задасць сабе пытанне: «А дзеля чаго я павінен прыніжацца?», і гэта сапраўды так. Таму можна зрабіць выснову, што, хоць выказванне Езуса і мае на ўвазе пакору, аднак не з’яўляецца яе ўзорам ці тлумачэннем. Дык што ж такое тады пакора? Пакора — гэта вельмі прыгожая хрысціянская цнота, якая ніяк не супярэчыць цвярозаму розуму. Ад яе неаддзельная падобная і звязаная з ёю рыса, якую мы высока цэнім, — сціпласць. Фальшывая пакора адштурхоўвае, смяшыць і адахвочвае. Праўдзівая пакора прыцягвае і добра ўплывае на акружэнне. Такая пакора вельмі блізкая па значэнні слову праўда. Цалкам абгрунтавана можна сказаць, што пакора — гэта праўда, праўда пра самога сябе, пра тое, хто я такі, што я магу, а таксама — і гэта, бадай, яшчэ важней — чаго не магу. Пакора — гэта здольнасць прыняць праўду пра сябе, а таксама нястомнае, шчырае намаганне пазнаць сябе і прыняць вынікі такога пазнання. Пакора вядзе нас да вельмі простых высноваў. Перш за ўсё гэта усведамленне, што як чалавек я маю абмежаваныя здольнасці і не магу зрабіць усяго. Гэта адносіцца як да штодзённых справаў, так і да звышнатуральных рэчаў. Пакорны чалавек прызнае, што ўсё добрае паходзіць выключна ад Бога, а маючы пэўныя здольнасці і таленты ведае, што яны з’яўляюцца дарам. Таму нават калі такі чалавек вельмі таленавіты, ён не будзе лічыць сябе лепшым і прыніжаць менш здольных, а калі ў яго няма нейкіх асаблівых талентаў, ён усё роўна не стане адчайвацца і зайздросціць іншым, бо ведае, што калі Бог яму іх не даў, значыць, яны яму не патрэбныя. Разам з тым чалавек пакорны не робіць выгляду, што ў яго няма таго, што ён мае, а да таго ж здольны прызнаць, што іншыя людзі таксама маюць таленты або штосьці робяць лепш, чым ён. Таму пакора — гэта вельмі практычная, мудрая і прыемная якасць. Пакорны чалавек радуецца, калі яго хваляць, але пры гэтым ён дзякуе Богу, што Ён учыніў праз яго штосьці добрае. Супрацьлегласцю пакоры з’яўляецца пыха. Пыха — гэта падман, гэта жыццё з фальшывым уяўленнем пра сябе, калі чалавек усё прымае і апраўдвае. Такое ўяўленне пра самога сябе, якое не адпавядае рэчаіснасці, адмоўна ўплывае на нашыя адносіны да іншых. Пыха можа адносіцца да нашых прыроджаных або атрыманых у спадчыну здольнасцяў, інтэлектуальных або духоўных. Паколькі мы ведаем цяпер, чым адрозніваецца пакора ад пыхі, можам адказаць, чаму тыя, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будуць, а тыя, хто прыніжае сябе, будуць узвышаныя. Пакора асабліва прыемная Богу, а пыха перашкаджае дзейнічаць ласцы Божай. Пакорныя людзі могуць прыняць ласку Божую і развівацца, і, хоць лічаць сябе нязначнымі, яны будуць збаўленыя і атрымаюць цудоўную ўзнагароду. А тыя, якія лічаць сябе вялікімі, святымі і пагарджаюць іншымі, перад Богам з’яўляюцца жабракамі; хоць яны і прыніжаюць іншых, але перад абліччам Бога акажуцца нікім. Будем жа прасіць Езуса, каб нашае сэрца было да краёў напоўнена пакораю і ўсклікнем разам з Псальмістам: «Я не ганяюся за вялікім і тым, што недасяжна для мяне. Але суцешыў і супакоіў маю душу» (пар. Пс 131 (130), 1. 2. 3).

Падрыхтаваў айцец Артур Папроцкі СSMA