1 кастрычніка:
святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус,
панны і доктара Касцёла

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў. Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.

 
4 кастрычніка:
святога Францішка Асізскага

Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл. Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Яшчэ пры жыцці святога папулярнасць францішканскіх ідэалаў так шырока распаўсюдзілася, што Францішак стварыў яшчэ і так званы «трэці закон» для людзей свецкіх. За два гады да смерці ў Францішка з’явіліся стыгматы — раны Езуса Хрыста на руках і нагах. Тыя два апошнія гады жыцця жабрака з Асізі былі напоўнены вялікім цярпеннем: ён цяжка захварэў на малярыю і пачаў губляць зрок. Св. Францішак сустрэў смерць, якую называў «сястрою», у невялічкай хатцы ў Парцыюнкулі непадалёк ад Асізі 3 кастрычніка 1226 г. Яго рэліквія да гэтага часу захоўваецца ў крыпце цудоўнай базылікі, пабудаванай у яго гонар у Асізі. Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў. Яго рэлігійная паэзія працягвае кранаць і хваляваць людзей таксама і ў наш час, а Дантэ Аліг’еры сказаў пра святога з Асізі: «Ён заззяў над светам, як узыходзячае сонца».

 
15 кастрычніка:
святой Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла

Тэрэза нарадзілася 28 сакавіка 1515 г. у Авіле (Іспанія). Пасля смерці маці яна выхоўвалася ў сясцёр аўгустынак і пад уплывам «Лістоў» св. Гераніма ва ўзросце 20 гадоў сама ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Авіле. Пасля складання манаскіх шлюбаў Тэрэза цяжка захварэла і нават была часткова паралізаваная. У той жа час у яе з’яўляюцца містычныя бачанні. Дзякуючы гэтым незвычайным духоўным перажыванням Тэрэза ад Езуса вырашыла імкнуцца да абсалютнай дасканаласці. Паколькі нават жыццё ў яе кляштары здавалася ёй недастаткова аскетычным, у 1562 г. святая заснавала ў Авіле першы рэфармаваны кармэліцкі кляштар, у якім значна больш увагі прысвячалася малітве, самотнасці, суровай аскезе. Праз шэсць гадоў заахвочаны яе прыкладам святы Ян ад Крыжа рэфармаваў мужчынскую галіну ордэна, даючы пачатак босым кармэлітам. За сваю рэфарматарскую дзейнасць святая Тэрэза ўвесь час цярпела ад нападаў і крытыкі нядобразычліўцаў. Знясіленая нястомнаю працаю, а таксама вялікімі фізічнымі і духоўнымі пакутамі, Тэрэза памерла 4 кастрычніка 1582 г. Свой містычны вопыт яна перадала ў кнігах, якія з’яўляюцца неацэнным духоўным скарбам для ўсяго Касцёла; найбольш вядомая з іх — «Унутраны замак». Тэрэза ад Езуса, вядомая таксама як Тэрэза Вялікая або Авільская, — гэта адна з самых вялікіх святых жанчын Касцёла. Яна з’яўляецца апякункай Іспаніі, і яе заступніцтва просяць пры душэўных пакутах, а таксама ад болю сэрца і галавы.

 
17 кастрычніка:
святога Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка

Ігнацы — адзін з першых сведкаў Хрыста. Яго называлі Тэофорос — з грэцк. «той, хто нясе Бога», або «несены Богам», звязваючы гэта з тым, што св. Ігнацы быў тым дзіцем, якога Хрыстус, узяўшы на рукі, паставіў перад вучнямі са словамі: «Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае» (гл. Мк 9, 36–37). Св. Ігнацы быў вучнем св. Яна Багаслова і на працягу сарака гадоў з’яўляўся біскупам Антыёхіі, у той час значнага горада ў Малой Азіі на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Пры цэзары Траяне Ігнацы быў асуджаны на смерць і разам з іншымі хрысціянамі высланы ў Рым. Падчас гэтага цяжкага падарожжа ён напісаў сем «святых лістоў», у якіх звяртаўся да хрысціянскіх супольнасцяў у розных гарадах. Менавіта ў гэтых лістах упершыню з’яўляецца паняцце «Каталіцкі Касцёл». Ён таксама пісаў сваім братам у веры, што жадае прыняць мучаніцкую смерць, бо перапоўнены палымянай любоўю да Хрыста, без якога ён — нішто. У сталіцы імперыі на арэне Калізея Ігнацы быў аддадзены на разарванне дзікім звярам. Мужна прымаючы смерць, стары біскуп сказаў: «Я — пшаніца Хрыстовая, таму павінен быць змолатым зубамі дзікіх звяроў, каб стаць сапраўдным хлебам».

 
18 кастрычніка:
святога Лукі, евангеліста

Аўтар трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і, далучыўшыся да яго паміж 50 і 51 гг., быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў. Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр натуральнай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Сімвалам св. Лукі з’яўляецца вол, і гэта тлумачыцца тым, што евангеліст быў цярплівым і верным, як гэтая жывёла. Св. Луку называюць «песняром Божай міласэрнасці», бо толькі ў яго Евангеллі змешчана прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца. Ён таксама вельмі кранальна апісвае вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму лічыцца, што менавіта ён намаляваў першыя абразы Багародзіцы. Св. евангеліст Лука з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва. Яго імя носіць цэнтр «Карытас», размешчаны пад Мінскам.

 
28 кастрычніка:
святых Сымона і Юды, апосталаў

Апостал Сымон перад тым, як далучыўся да супольнасці Дванаццаці, належаў да палітычна-рэлігійнай жыдоўскай групоўкі, члены якой называлі сябе зэлотамі (арамейск. кананітамі) — руплівымі, змагарамі. Пасля ўваскрасення Хрыста ён абвяшчаў Евангелле ў асноўным у Егіпце і Арменіі. Апостал Юда Тадэвуш, які падчас развітання з Хрыстом спытаўся ў Яго: «Пане, чаму Ты хочаш аб’явіць сябе нам, а не свету?» — напачатку абвяшчаў Евангелле ў Эдэсе, дзе ахрысціў мясцовага цара і ўсіх яго падданых. У знак падзякі за гэта цар Эдэсы падараваў апосталу выяву Хрыста, якую Юда Тадэвуш заўсёды насіў на грудзях. Паводле паданняў, абодва гэтыя апосталы вялі місіянерскую дзейнасць у Сірыі, Персіі і Месапатаміі і разам былі забітыя дубінамі каля 71 г. (па іншых звестках, Сымон быў распілаваны). Св. апостал Сымон з’яўляецца апекуном дрывасекаў і лясных работнікаў, а заступніцтва св. Юды Тадэвуша просяць у бязвыхадных сітуацыях.