Такую, найбольш глыбокую сутнасць свайго святарства падкрэсліў біскуп Антоні Дзям’янка, які 28 кастрычніка адзначыў 25-годдзе святарскага пасвячэння. З гэтай нагоды біскуп Антоні выказаў удзячнасць Богу, радасць і надзею, якія поўняць яго святарскае сэрца, і мы з прыемнасцю прапануем увазе чытачоў гэта натхнёнае пастырскае слова.

Ад імя ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса «Ave Maria», а таксама ад імя нашых чытачоў шчыра віншуем Яго Эксцэленцыю з юбілеем святарства. Жадаем моцнага здароўя, як мага больш узнёслай і светлай радасці, паўнаты святарскага шчасця і шчодрай Божай ласкі на кожны дзень. Няхай Езус Эўхарыстычны і надалей дае сілы для натхнёнай працы і ахвярнага служэння Каталіцкаму Касцёлу і ўсяму Божаму люду.

«Я ўдзячны Богу за тое, што маю магчымасць штодзённа цэлебраваць святую Імшу, што Бог паслугоўваецца мною дзеля таго, каб Хлеб жывы стаў спажываю для тых, хто верыць у Эўхарыстыю.

Эўхарыстыя дае мне пачуццё радасці ад таго, што Езус побач са мною. Гэтае пачуццё асабліва адчувальнае падчас адарацыі ў касцёле, падчас наведвання, нават кароткага, Вязня табэрнакулюма ў святыні. Пэўны час я размаўляю з Хрыстом, утоеным у Найсвяцейшай Гостыі, бо Ён – найбольш аўтарытэтны і настаўнік, і суддзя, і выхаваўца, і дарадчык.

Эўхарыстычны Езус абавязвае нас пастаянна клапаціцца пра чысціню душы, Ён перасцерагае нас, каб мы годна прымалі Цела і Кроў. Гэтая перасцярога надае інтэнсіўнасць кірунку духоўнай працы над тым, каб здабываць адпаведныя цноты і выкараняць нявартыя хрысціяніна звычкі.

Многае ў жыцці, да чаго прывык на працягу гадоў, мяняецца, а людзі – родныя, блізкія, знаёмыя – адыходзяць. Такое пачуццё страты я перажываў не аднойчы, калі змяняў месца жыхарства альбо развітваўся з блізкімі асобамі, якіх Бог паклікаў да Сябе. Тады Езус у Эўхарыстыі для мяне з’яўляецца знакам пастаянства, нязменнасці таго, што Божае. Святло нязгаснай лампадкі ў неасветленым касцёле ўвечары напамінае мне аб тым, што ўсё мінае, і толькі Ён, Езус, вечны. Такі, як быў для нашых продкаў, такі цяпер Ён для нас, і такім будзе пасля нас для наступных пакаленняў: Дарогаю, Праўдаю і Жыццём.

Ахвярная любоў Езуса, які ў Эўхарыстыі прыходзіць да кожнага, хто Яго шукае, мабілізуе да адкрытасці і ахвярнасці ў адносінах да людзей падчас розных сустрэч. Езус у Эўхарыстыі ў касцёлах нашай краіны займае пачэснае месца.Табэрнакулюм змяшчаецца ў галоўным алтары, таму і час, прысвечаны на размову з Ім, звычайна прысвячаю не толькі той, які застаецца пасля вырашэння пэўных справаў, але спецыяльна вызначаны. Адараваць і праслаўляць Эўхарыстычнага Хрыста можна ў кожнай паставе, аднак найбольшая сканцэнтраванасць і лучнасць з Вязнем табэрнакулюма атрымліваецца тады, калі гэта чыню на каленях.

Асаблівае пачуццё радасці перажываю ў хвіліны Першай святой Камуніі дзяцей з розных парафій. Радасць ад таго, што дапамагаю ім распачаць жыццёвую дарогу разам з Эўхарыстычным Хрыстом, які жадае, каб у гэтым зменлівым свеце яны выбіралі толькі найбольш істотнае і моцна не прызвычайваліся да таго, што запавольвае рух на шляху да Яго.

Узнёслыя хвіліны перажываў тады, калі адноўленая святыня была рэкансэкраваная, а таксама пры кожнай кансэкрацыі новай святыні. Цешыць усведамленне таго, што кансэкраваны дом Божы – месца, прысвечанае толькі Богу, у якім будзе ўзносіцца з гэтага моманту хвала толькі Яму – Усемагутнаму і Найвышэйшаму. Ні з чым не параўнальная радасць ахоплівае ад таго, што яшчэ ў адной святыні вуснамі вернікаў будзе ўзносіцца гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Безумоўна, мала яшчэ ў нас святыняў, не хапае таксама святароў, каб неслі належную паслугу людзям. Надзея – у новых пакліканнях да святарства. Бо святар – слуга Эўхарыстыі, які сам палае і жыве Хрыстом, менавіта ён вядзе вернікаў да Хлеба з Нябёсаў і падае ім сродак на несмяротнасць. Спадзяюся, што дух веры, малітвы і ахвярнасці ўсіх вернікаў дасць шчодры плён – святарскія і законныя пакліканні. Новым імпульсам да жыцця Эўхарыстыяй для ўсіх нас будуць, напэўна, пастановы апошняга Сіноду Біскупаў, які адбыўся ў кастрычніку ў Рыме».