10 лістапада:
святога Льва Вялікага,
Папы і доктара Касцёла

Святы Леў Вялікі паходзіў з Тасканы (Італія), але дата яго нараджэння дакладна невядома. Ён быў архідыяканам Папы Цэлестына І, а 29 верасня 440 г. сам быў абраны наступнікам святога Пятра. Як кіраўнік Касцёла ён быў непахісным абаронцам праўдзівай веры ад шматлікіх ерасяў, распаўсюджаных у тыя часы, а таксама адстойваў вучэнне пра Боскую і чалавечую натуры, з’яднаныя ў асобе Езуса Хрыста, палемізуючы ў гэтым пытанні з хрысціянскім Усходам. На славутым Халцэдонскім Саборы 451 г. Папу Льва падтрымалі ўсе прадстаўнікі Касцёла. Праз год пасля Сабору Леў Вялікі абараніў Рым ад нападу гунаў, выехаўшы насустрач іх правадыру Атылу. Існуе паданне пра тое, што Атыла, каб напалохаць Папу, сказаў: «Я — біч Божы». «А я — леў Божы», — адказаў Папа, і правадыр варвараў, які не чакаў такой адвагі, адступіў ад Вечнага Горада. Калі праз тры гады на Рым напалі вандалы, Леў Вялікі не даў ім спаліць горад і знішчыць яго жыхароў, і таму людзі лічылі яго героем і святым. Леў Вялікі памёр у Рыме 10 лістапада 461 г. і першым з Папаў быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра. Яго пантыфікат узняў аўтарытэт папства да найвышэйшай ступені. Святы Леў — адзін з нямногіх Папаў, якіх Касцёл ушанаваў эпітэтам «Вялікі».

 
11 лістапада:
святога Марціна Турскага, біскупа

Нарадзіўся паміж 316 і 317 гг. у Паноніі (сучасн. Венгрыя) у паганскай сям’і. Яго бацька, рымскі вайсковы трыбун, неўзабаве быў пераведзены ў Італію, дзе прайшло дзяцінства Марціна. Там ён пазнаёміўся з хрысціянствам і жадаў прыняць хрост, але па волі бацькі ва ўзросце пятнаццаці гадоў быў вымушаны стаць вайскоўцам. Праз нейкі час ён разам з войскам апынуўся ў Галіі (сучасн. Францыя). Аднойчы каля гарадской брамы Ам’ена Марцін убачыў жабрака, цела якога было толькі ледзь прыкрытае лахманамі, нягледзячы на холад. Малады вайсковец выцягнуў меч і, разрэзаўшы ім свой плашч, палову аддаў таму жабраку. Уначы Марцін убачыў Хрыста, захінутага ў палову яго плашча. Уражаны гэтым бачаннем, ён пакінуў вайсковую службу і прысвяціў сябе служэнню Хрысту. Святому давялося прайсці праз вялікія цяжкасці, але ён нястомна абвяшчаў Евангелле сярод паганаў. Найбольшай папулярнасцю Марцін карыстаўся сярод простага люду і дзякуючы гэтаму быў выбраны біскупам французскага горада Тура. Ён не пажадаў жыць у біскупскім палацы і пасяліўся ва ўбогай пустэльні непадалёк ад горада. Біскуп Турскі вызначаўся бязмежнай любоўю да ўсіх людзей і, нягледзячы на пераслед з боку нядобразычліўцаў, ніколі нікога не асуджаў. Марцін памёр 8 лістапада 397 г. непадалёк ад Тура падчас аднаго са сваіх шматлікіх душпастырскіх падарожжаў і быў урачыста пахаваны 11 лістапада. Над месцам яго пахавання быў пабудаваны невялікі касцёл, які ў гонар плашча Марціна пачалі называць Capella (адсюль «капліца»). Святы Марцін Турскі — адзін з найбольш шанаваных святых на Захадзе. Яго імкненне паяднаць манаскае жыццё з апостальскім служэннем стала прыкладам для ўсяго заходняга манаства. Святы Марцін з’яўляецца апекуном вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў, а таксама хатняй жывёлы, асабліва коней і гусей. На свята ў яго гонар у многіх краінах гатуюць традыцыйнага гусака.

 
12 лістапада:
святога Язафата, біскупа і мучаніка

Нарадзіўся каля 1580 г. ва Уладзіміры Валынскім ва Украіне ў праваслаўнай сям’і. Згодна з воляю бацькоў, ён рыхтаваўся стаць купцом. Падчас побыту ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні — Язафат быў моцна ўражаны рэлігійнаю нязгодаю, што панавала паміж каталікамі, праваслаўнымі і арыянамі, а таксама юдэямі і мусульманамі. Усёй душою прагнучы еднасці, Язафат зблізіўся з уніятамі, прыняў каталіцтва і ўступіў у Вільні ў ордэн базыліянаў. Там ён прыняў біскупскае пасвячэнне і быў прызначаны дапаможным біскупам у Полацк. Ужо ў якасці арцыбіскупа Полацкага Язафат вёў актыўную місіянерскую дзейнасць і далучаў да уніяцкай Царквы шматлікіх вернікаў, служачы такім чынам справе еднасці хрысціянаў. У сваім жыцці ён непахісна трымаўся ўсходняй манаскай традыцыі і быў адданым душпастырам: штодзённа спавядаў, вёў дыспуты з праціўнікамі уніі, напісаў правілы для святароў і катэхізіс. Язафат заўсёды быў гатовы дапамагчы церпячым і раздаваў усё, што меў, на дабрачынныя мэты, часта сам застаючыся без сродкаў на існаванне. Раззлаваныя незвычайнай папулярнасцю Полацкага арцыбіскупа, праціўнікі аб’яднання Цэркваў падбухторылі частку праваслаўных вернікаў Віцебска, і падчас побыту ў гэтым горадзе 12 лістапада 1623 г. Язафат быў засечаны сякераю ў галаву. Ён спакойна сустрэў раз’юшаны натоўп, які ўварваўся ў архірэйскі дом, і ўжо смяротна паранены маліўся за сваіх забойцаў. Праз 20 гадоў пасля мучаніцкай смерці Язафат быў беатыфікаваны, а ў 1867 г. далучаны да ліку святых. Яго рэліквія знаходзіцца ў базыліцы святога Пятра ў Рыме непадалёк ад канфесіі (грабніцы) Князя Апосталаў. У літаратуры часта падаюцца скажоныя звесткі пра святога Язафата Кунцэвіча, якога беспадстаўна абвінавачваюць у розных гвалтоўных дзеяннях, быццам бы скіраваных супраць праваслаўных, але яны не маюць пацверджання ў гістарычных крыніцах. Святы Язафат, якога называюць «апосталам еднасці», з’яўляецца галоўным апекуном Віцебскай дыяцэзіі і адным з найбольш шанаваных святых Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі і ва Украіне.

 
17 лістапада:
святой Альжбеты Венгерскай, законніцы

Нарадзілася каля 1293 г. у сучасным Будапешце і была дачкою венгерскага караля Андрэя ІІІ. Бацькі жадалі, каб Альжбета выйшла замуж за Вацлава Чэшскага, аднак яна не пажадала заключыць гэтага дынастычнага шлюбу, уцякла з каралеўскага двара і каля 1310 г. уступіла ў кляштар дамініканак у Швейцарыі. Альжбета гераічна пераносіла шматлікія цярпенні і таму яшчэ пры жыцці здабыла сабе славу святой. Памерла яна 6 мая 1338 г. і была пахаваная каля галоўнага алтара касцёла ў сваім кляштары. Са смерцю Альжбеты скончылася дынастыя святога Стэфана І Венгерскага.

 
20 лістапада:
святога Рафала Каліноўскага, святара

Нарадзіўся 1 верасня 1835 г. у Вільні і на хросце атрымаў імя Юзэф. Ва ўзросце васемнаццаці гадоў паступіў у інжынерную школу ў Пецярбургу, а пасля заканчэння застаўся працаваць у ёй на пасадзе ад’юнкта матэматыкі. Аднак праз нейкі час Юзэф адмовіўся ад выкладчыцкай працы і наняўся на будоўлю чыгункі Курск – Адэса. Падарваўшы здароўе на гэтай працы, якая вялася ў вельмі цяжкіх умовах, ён пасяліўся ў Брэсце. За ўдзел у студзеньскім паўстанні 1863 г. Юзэф Каліноўскі быў асуджаны на 10 гадоў катаржных працаў у Сібіры. Пасля вызвалення ён спачатку быў выхаваўцам Аўгуста Чартарыскага — нашчадка славутага княскага роду, які пазней стаў святаром-салезіянцам, — а ў 1877 г. уступіў у ордэн кармэлітаў у Грацы (Аўстрыя), прыняўшы манаскае імя Рафал. Праз пяць гадоў ён атрымаў святарскае пасвячэнне і стаў аднавіцелем ордэну кармэлітаў босых у Польшчы, а таксама на нашых землях. Рафал Юзэф Каліноўскі памёр 15 лістапада 1907 г. у Вадавіцах каля Кракава. Папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго 17 лістапада 1991 г. у Рыме.

 
22 лістапада:
святой Цэцыліі, панны і мучаніцы

Народжаная на мяжы ІІ і ІІІ стст. у сям’і рымскіх арыстакратаў, Цэцылія ў вельмі маладым узросце пажадала заручыцца з Хрыстом і склала шлюб чыстасці. Згодна з воляю бацькоў, яна была выдадзена замуж за паганіна Валяр’яна, якому ў першую шлюбную ноч прызналася, што сваю чыстасць ахвяравала Богу. Ёй удалося пераканаць Валяр’яна прыняць хрост, і яны пачалі разам клапаціцца пра пераследаваных хрысціянаў. Неўзабаве Валер’яна і яго брата Тыбурцыя арыштавалі і пасля катавання адсеклі галовы. Цэцылію таксама схапілі і на працягу многіх дзён катавалі. Ёй тройчы спрабавалі адсекчы галаву, але Цэцылія памерла толькі праз тры дні ад атрыманых ранаў. Гэта здарылася 22 лістапада 230 г. Цела святой было знойдзена нятленным у катакомбах Калікста ў ІХ ст. і з пашанаю перанесена ў пабудаваны ў яе гонар касцёл за Тыбрам. Захавалася паданне пра тое, што Цэцылія праслаўляла Бога спевам і ігрою на музычных інструментах, а таму яна лічыцца апякункаю касцёльнай музыкі і спеваў, а таксама музыкантаў і спевакоў.