З 29 верасня па 2 кастрычніка ў Рыме праходзіла Канферэнцыя Біскупаў Еўропы. Усе ўдзельнікі ў душы чакалі запрашэння ад Святога Айца, але кожны з нас разумеў, што ў нядзелю распачынаецца Сінод Біскупаў, прысвечаны Эўхарыстыі, а ў Святога Айца столькі працы... Таму кожны з нас прыйшоў у базыліку св. Пятра на св. Імшу, якую канцэлебраваў Папа Бэнэдыкт XVI. Мноства вернікаў, святароў, біскупаў і кардыналаў з усяго свету, веліч будынка, прыгожа падрыхтаваная літургія, цудоўны стыль змястоўнай гаміліі Святога Айца ўчынілі так, што я яшчэ мацней усвядоміў сваю прыналежнасць да адной вялікай сям’і дзяцей Божых. Благаслаўленне і ўсмешка Папы так моцна наблізілі мяне да яго, але мяне чакала яшчэ і асабістая сустрэча з Пятром нашага часу.

Спачатку я наведаў гроб апекуна нашай дыяцэзіі св. Язафата Кунцэвіча, які аддаў жыццё за веру ў нашым Віцебску, а цяпер спачывае ў ватыканскай базыліцы побач са святым Апосталам Пятром. Вельмі доўгая чарга пілігрымаў вакол плошчы св. Пятра прывяла мяне да гроба Вялікага Папы Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Кожны, хто прыбывае ў Рым, жадае хаця б на хвіліну затрымацца пры яго гробе і пакланіцца таму, хто амаль 27 гадоў кіраваў чаўном Касцёла і ўвёў Божы народ у трэцяе тысячагоддзе хрысціянства...

У сераду 5 кастрычніка, у дзень успаміну св. Фаустыны, якая нанава абвясціла свету Божую Міласэрнасць, я выправіўся на генеральную аўдыенцыю. Плошча перад базылікай была запоўнена пілігрымамі (50 тыс. чалавек), якія жадалі маліцца з Папам. Разам з іншымі біскупамі, што таксама прыбылі на аўдыенцыю, я заняў месца ў першым радзе, аднак біскупы ўвесь час прыбывалі, таму былі прынесены новыя рады крэслаў, і я неўзабаве апынуўся ў апошнім радзе. «І першыя будуць апошнімі...», — падумаў я тады. Аднак узнагарода прыйшла для мяне ад Бэнэдыкта XVI. Ён вельмі ўзрадаваўся, даведаўшыся, адкуль я прыехаў. Святы Айцец сказаў: «Беларусы, я з вамі». У сваю чаргу я адказаў, што мы любім нашага Папу і атуляем яго сваімі малітвамі. У пэўную хвіліну Святы Айцец узяў мяне за руку і мы апынуліся перад тэлевізійнымі камерамі. Ён сказаў: «Цяпер зробім фотаздымак для тваёй мамы». З усёй вялікай групы іерархаў толькі мне быў аказаны такі гонар. «Пашчасціла табе», — казалі мне іншыя святары. А я адказаў, што дастаткова аддаць Богу кіраванне сваім жыццём і Ён учыніць цябе шчаслівым.

* Думай і дзейнічай радасна — і будзеш радасны.

* Не спрабуй зводзіць рахункі са сваім ворагам, бо сабе зробіш большую крыўду, чым яму.

* Замест таго, каб расчароўвацца з прычыны людской няўдзячнасці — не чакай яе.

* Лічы свае благаслаўленні, а не клопаты.

* Не наследуй іншых. Пазнай сябе і будзь сабою.

* Калі ў цябе ўвесь час нічога не атрымліваецца, ты можаш гэта атрымаць, нічога не губляючы: па-першае, паспрабуй яшчэ раз, можа, у цябе атрымаецца, па-другое, калі не атрымаецца, ідзі наперад.

* Замест таго, каб быць эгаістам, паспрабуй цікавіцца іншымі людзьмі.

Малітва дапаможа табе ў гэтым. З гэтага часу ты не адзін. Людзі, якія моляцца, ведаюць, у які бок трэба ісці.

Веліч нараджаецца са штодзённых малых справаў. Набярыся мужнасці, каб проста быць. Нясі адказнасць за жыццё. Ты павінен адкрыцца са сваёю вераю.

Быць добрым — гэтага мала, неабходна здзівіць людзей тым, чаму ты іншы. Неабходна даверыцца і пайсці за Хрыстом да канца — і будзеш шчаслівы.

Такога трывалага і сапраўднага шчасця я жадаю кожнаму з вас, хто будзе чытаць пра маю сустрэчу з Папам Бэнэдыктам XVI.

Біскуп Уладзіслаў Блін,
ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.