Ужо колькі месяцаў у мёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў першыя суботы месяца трывае малітва маладых хлопцаў і дзяўчат у інтэнцыі беатыфікацыі слугі Божага Яна Паўла ІІ. Пробашч парафіі Крыштаф Мянкіна кажа, што, на ягоны погляд, вялікая каштоўнасць гэтых чуванняў заключаецца яшчэ і ў тым, што парафіяльная моладзь сама, без усялякіх падказак прыняла гэтае прыгожае рашэнне і настойліва яго рэалізуе. Яны самі падбіраюць тэксты, рыхтуюць разважанні, спевы.

Напэўна, лішне было б пытацца, чаму, адкуль узнікла гэтая малітва. Адказ вельмі просты: людзі моляцца зазвычай за тых, каго любяць. А пра тое, як любіла моладзь Святога Айца Яна Паўла ІІ, найлепш сведчылі шматтысячныя натоўпы маладых хлопцаў і дзяўчат, якія з году ў год у розных кутках свету віталі яго, слухалі ягоныя палымяныя прамовы, звернутыя да іх. Нават і ў глыбокай старасці гэты чалавек умеў па-маладому, горача любіць людзей, і людзі адказвалі яму ўзаемнасцю.

Падчас кастрычніцкага чування мёрскай моладзі мне прыгадалася раптам пілігрымка Яна Паўла ІІ на радзіму, у Польшчу, у 1991 годзе. Тады сярод 20 тысячаў беларускіх католікаў, якія прыехалі ў Беласток на тую сустрэчу, была і група вернікаў з Мёраў, разам з якімі мне таксама пашчасціла дзяліць радасць той пілігрымкі. Ішоў 1991 год. Беларусь толькі што абвясціла сваю незалежнасць. З вераю і надзеяй на шчаслівую будучыню, з малітвай за гэтую будучыню мы прыехалі тады ў Беласток, і пачулі казанне Святога Айца, у якім ён заклікаў нас паразважаць над сёмай запаведдзю.

— Сёмая запаведзь веры. Удумайцеся ў яе, — горача звяртаўся ён да шматтысячнага людскога натоўпу. — Не крадзі. Не крадзі ў бліжняга, не квапся на чужое, не крадзі ў гісторыі свайго народа, у прыроды, маралі...

Нязвыкла было нам, якія толькі што выйшлі з атэістычнай саветчыны, а па-сутнасці ўсё яшчэ трывалі ў яе атрутнай павуціне, усё гэта чуць. Цяжка, горка было рабіць той рахунак сумлення. І нельга было яго не рабіць.

У тым казанні Святы Айцец звярнуўся да беларускіх католікаў па-беларуску:

— Вера ў Бога на беларускай зямлі жыве. Лепшы доказ таму тое, што адчыняюць свае дзверы занядбаныя раней касцёлы, адкрываюцца семінарыі, ствараюцца новыя дыяцэзіі. Доказ таму і 20 тысяч вернікаў, што прыехалі ў Беласток...

Як мы радаваліся тады тым словам, той увазе Святога Айца да нас, беларускіх пілігрымаў! І як хораша нам спявалася тады ў Беластоку нашай мёрскай супольнасцю!

Цяпер на моладзевых чуваннях у мёрскім касцёле моляцца за Слугу Божага Яна Паўла ІІ дзеці тых пілігрымаў. Праўда, не зачынена ў гэтыя гадзіны святыня і для іх бацькоў, а таксама для найстарэйшых вернікаў, чыімі трывалымі малітвамі ўмацоўваецца кожная парафія.

У апошнія гадзіны свайго жыцця Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў маладым людзям, якія прыйшлі на пляц святога Пятра ў Рыме, каб быць разам з ім:

— Я шукаў вас, а цяпер вы прыйшлі да мяне.

На працягу ўсяго свайго жыцця ён шукаў іх. І знайшоў. Сярод гэтых знойдзеных ёсць і невялікая групка мёрскай моладзі, якая кожную першую суботу месяца трывае на малітве за беатыфікацыю Слугі Божага Яна Паўла ІІ.

І.Студзеньская.
Фота аўтара.