8 верасня Каталіцкі Касцёл адзначаў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое з’яўляецца адным з галоўных у парафіі Браслаў Віцебскай дыяцэзіі. Наш касцёл мае тытул Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму кожны год гэтая ўрачыстасць збірае шматлікіх вернікаў з Браслава і яго наваколля.

У гэтым годзе свята Нараджэння Панны Марыі ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў таксама сабрала шмат людзей добрай волі на супольную малітву. Разам з айцамі сальватарыянамі, якія працуюць у браслаўскай святыні, перад іконай Маці Божай маліліся святары з іншых парафій, прысутнічалі таксама з іншых дыяцэзій.

Святкаванне распачалося 7 верасня ўвечары Літаніяй да Маці Божай і працэсіяй вакол касцёла. Потым была супольная малітва на ружанцы перад фігурай Марыі побач з касцёлам — такім чынам вернікі рознага ўзросту аддавалі пашану Найсвяцейшай Панне.

Галоўную святую Імшу, якая распачалася а 11-й гадзіне 8 верасня, разам з іншымі святарамі адправіў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Кшыштаф Вітвіцкі. На пачатку святой Імшы ён прывітаў усіх прысутных, павіншаваў са святам і заклікаў да супольнай малітвы перад абліччам Марыі, Валадаркі Азёраў, нагадаўшы прысутным аб вялікай ролі, якую адыграла Марыя ў гісторыі збаўлення чалавека і аб тым, што жыццё Маці Божай павінна быць прыкладам для кожнага хрысціяніна.

Напрыканцы святочнай літургіі вернікі, сабраныя ў касцёле, урачыста адспявалі гімн Te Deum, пасля чаго адбылося асвячэнне збожжа, якое будзе пасеяна. Звычай асвячэння збожжа нагадвае аб тым, што кожны ўраджай, усе сабраныя плёны даюцца нам не толькі дзякуючы працы, але найперш дзякуючы Божай дапамозе.

Жанна Гарніш