Зою Прыгожую, парафіянку віцебскай парафіі святой Барбары, убачыш у касцёле заўсёды, нягледзячы на тое, што яна жыве ў прыгарадным Тулаве (за 15 кіламетраў ад горада). Абавязкаў, якія яна выконвае на пачэснай і адначасова клапатлівай «пасадзе» намесніка старшыні парафіяльнага камітэта так шмат, што іншы чалавек, напэўна, пры такіх жыццёвых варунках на сябе іх і не ўзяў бы. Зоя Прыгожая бярэ — і бярэ не па прымусу. Пра гэта і пра тое, якім быў яе шлях да Бога, — наша інтэрв’ю.

— Зоя Станіславаўна, што гэта значыць для Вас — жыць паводле Божых запаведзяў? І ці лёгка гэта — так жыць?

— Сказаць ці думаць, што гэта лёгка, — будзе памылкай. Выкананне Божых запаведзяў патрабуе ад нас пастаяннага самакантролю, што не кожнаму чалавеку, напэўна, па сілах. І гэта няпроста яшчэ з-за людскога неразумення. Уявіце: чалавек штосьці для цябе зрабіў і чакае, што ты, ну, напрыклад, як у нас гэта часта бывае, нальеш яму ў знак падзякі кілішак-другі. Ён прывык да гэтага, бо амаль усе так робяць. А ты не наліваеш. Вось табе і неразуменне, і непрыязнасць. І ў такой сітуацыі часта толькі ўсведамленне таго, што з табою ў гэты момант ёсць Бог, дапамагае выстаяць, не адступіцца ад хрысціянскіх прынцыпаў.

— Што азначае для Вас паняцце сведчання веры?

— Напэўна, у першую чаргу гэта — нашы ўчынкі паводле тых жа Божых запаведзяў. Што найбольш сведчыць пра нашу адданасць Богу, як не нашы канкрэтныя справы? Але і знешні бок тут мае значэнне. На маім працоўным месцы шмат таго, што сведчыць пра маю каталіцкую веру. І гэта дапамагае мне ў працы. Здараецца так: уваходзіць чалавек у кабінет з дрэнным настроем, увесь узбуджаны, знерваваны, гатовы абрынуць усё гэта на цябе. Але ўбачыць, куды трапіў, і падумае, ці варта тут, у такой атмасферы, пры абразах, выліваць кепскія эмоцыі. І міжволі стрымаецца.

— Мне чамусьці ўвесь час здавалася, што Вы гуманітарый...

— Я эканаміст, скончыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, а працую галоўным бухгалтарам у абласной праектна-вышуковай станцыі хімізацыі сельскай гаспадаркі.

— А паходзіце, напэўна, з каталіцкай сям’і?

— Так. Мае бацькі пабраліся касцёльным шлюбам у Уле ў 1925 годзе. У вёсцы Шэдзькі Шумілінскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла да паступлення ў інстытут, у суседстве з намі жыла бабулька, у хаце якой пасля закрыцця касцёла штонядзелю збіраліся вяскоўцы на супольную малітву. І я ўдзельнічала ў тых малітвах разам з дарослымі. На жаль, усё гэта падчас вучобы ў школе і пазней у інстытуце адышло на другі план ды проста забылася да такой ступені, што, выходзячы замуж, я і не думала пра касцёльны шлюб. Словам, была як амаль усе ў той час.

— Але ж Вы вярнуліся да веры бацькоў... Калі і як гэта адбылося?

— Думаю, глыбінным пачаткам усяго стала раптоўная, нечаканая смерць майго 7-гадовага сына Сашы. Гэта быў першы ўдар лёсу, які паспрыяў перагляду таго майго стаўлення і да жыцця наогул, і да веры. Пачаткам жа фактычным стаў дзень, калі я прыйшла да пробашча касцёла святой Барбары (тады ён яшчэ не быў катэдральным) Януша Скэнчака з просьбаю аб святой Імшы па памерлай маме. Да таго дня я толькі адзін раз была ў касцёле і не ведала нават, як да святара звярнуцца. А ён паглядзеў на мяне ды кажа: «Маці тваю бачу ў касцёле, дачку бачу, а цябе — не. Чаму так?» І вось Імша, а я — быццам немаўля тое, не ведаю, як і што рабіць. У той дзень усё перавярнулася ўва мне. Пачала хадзіць штотыдзень у святыню. Дзяўчатак сваіх, Аню і Таню, аддала на катэхізацыю, рыхтаваць да Першай Камуніі, і ў 1994 годзе яны яе атрымалі.

— І Вы разам з імі?

— Не. Я ўсё яшчэ ўнутрана была не гатовая да такога кроку. Да таго ж і муж (ён са стараверскай сям’і быў), калі заходзіла размова пра касцёльны шлюб, вагаўся. Асцерагаўся, што гэта абавязкова пацягне за сабою змену веры, а я не здолела яго пераканаць у адваротным. І вось у 1996-м ён цяжка захварэў і памёр. Так мы і не павянчаліся. Перад ягонаю смерцю між намі адбылася такая размова. «Ты папрасіў у Бога пабачэння?» — спытала я. — «Тысячу разоў папрасіў», — адказаў ён. Думаю, вера ў ім заўжды была, ды так вось атрымалася... З тае пары я пачала хадзіць на катэхезу. Дзень Першай Камуніі памятаю так, быццам учора ўсё было. Адчувала сябе так, як бы нанава нарадзілася. Другой вельмі значнаю падзеяй для мяне стала бежмаванне ў 2000 годзе. Як я рыхтавалася да яго! Дарэчы, якраз напярэдадні смерці мужа мы ўключылі тэлевізар і натрапілі на інтэрв’ю з балерынай Уланавай, якая разважала пра тое, як важна чалавеку падрыхтавацца да адыходу ў Вечнасць. Як наўмысна дзеля нас былі тыя разважанні.

— У Вашым жыцці было шмат стратаў: сын, брат у зусім маладым узросце, муж, сястра, маці... Ці не крыўдуеце часам на лёс, ці не хочацца панаракаць на Бога?

— Шчыра адкажу — не. Ведаеце, я думаю, што Бог заўжды забірае чалавека да сябе тады, калі ўпэўнены, што лепшае, на што чалавек здольны, ён ужо зрабіў. Можа, гэта памылковае ўяўленне, але мне так здаецца. Безумоўна, такая выснова не датычыць дзіцяці, тут штосьці іншае... Мой сынок нічога не паспеў, але ж і памёр ён з-за недагляду дактароў.

— У Вас шмат абавязкаў у касцёле. Як даяце ўсяму рады?

— Проста стараюся рабіць усё сумленна. А навучыў мяне працаваць былы старшыня нашага камітэта вечнай памяці Юзаф Масоіць, які раптоўна і вельмі нечакана адышоў ад нас у мінулым годзе. Гэта светлы быў чалавек і сапраўдны католік. Не саромеўся вызнаваць і сведчыць сваю веру, хоць і займаў значную пасаду па месцы асноўнай працы — даволі вядомы быў чалавек. Мы вельмі добра разумелі адзін аднаго, былі аднадумцамі. Ён вучыў мяне цярплівасці, мудрасці, уменню бачыць у працы галоўнае. Наогул, я лічу, што ў справе арганізацыі плённай працы парафіі ўдалы падбор старшыні камітэта і яго памочнікаў — вельмі важная рэч. Дзякуючы зладжанасці ў нашых сумесных з Юзафам Уладзіслававічам дзеяннях мы не ведалі асаблівых цяжкасцяў ні з рамонтам капліцы, ні з навязваннем добрых стасункаў з людзьмі, што курыруюць у вобласці рэлігійныя справы.

— Вы заўжды ў касцёле. Як паспяваеце, жывучы ад яго за 15 кіламетраў ды яшчэ маючы гэтулькі хатніх ды розных іншых абавязкаў?

— А вось так — на крылах лётаю!

— То жадаю, каб і надалей яны былі моцнымі! Дзякую за размову.

Францішак Дубраўскі.
Фота з сямейнага альбома Зоі Прыгожай.