«Вось Я пасылаю анёла перад табою, каб цябе аберагаў у часе тваёй дарогі і давёў цябе да таго месца, якое Я табе вызначыў» (пар. Зых 23, 20). Гэтыя словы клапатлівага Бога, скіраваныя да Майсея, скіраваны таксама і да кожнага з нас, бо ў кожнага ёсць свой анёл апякун, праз якога дзейнічае Божая апека і ласка. З дзяцінства мы молімся да свайго анёла ахоўніка, просячы яго дапамогі і заступніцтва, жывем, атуленыя яго нябачнымі светлымі крыламі. Але ёсць у літургічным годзе асаблівы дзень – 29 верасня, калі Касцёл аддае пашану самым вядомым і магутным прадстаўнікам анёльскага войска – Арханёлам Міхалу, Габрыэлю і Рафалу. У гэты дзень адбываюцца адпустовыя фэсты ў касцёлах, якія носяць іх імя.

Касцёл у старажытнай Белагрудзе на Лідчыне мае тытул святога Арханёла Міхала, Апекуна ўсяго Касцёла на Беларусі. Магутнае заступніцтва гэтага Князя анёлаў і Абаронцы Хрыстовага Касцёла белагрудская святыня адчувала ва ўсе часы, бо нават і ў самыя змрочныя з іх яна не зачынялася. Таму штогод 29 верасня ў Белагруду сыходзяцца і з’язджаюцца парафіяне і госці, каб падзякаваць святому Міхалу Арханёлу за яго нястомную апеку, дапамогу і абарону.

Сёлета гэтаксама гасцінна былі адчынены дзверы белагрудскага касцёла, а яго пробашч ксёндз Рышард Пэрчак і вернікі парафіі добра паклапаціліся пра тое, каб святыня выглядала па-сапраўднаму святочна і ўрачыста.

Святую Імшу ў гэты дзень у Белагрудзе цэлебраваў дзекан Лідскага дэканату ксёндз пралат Вінцэнты Лісоўскі разам з многімі святарамі Лідчыны.

Пра святога Арханёла Міхала і ролю анёлаў у нашым жыцці цікава расказаў прысутным пробашч беліцкай парафіі ксёндз Валянцін Хвядук.

Завяршылася гэтая анёльская ўрачыстасць прыгожай працэсіяй вакол касцёла і ўзнёсла адспяваным гімнам Te Deum перад галоўным алтаром святыні.

К. Лялько
Фота М. Новікава