28 верасня 2004 г. на плошчы перад базылікай святога Пятра ў Рыме Слуга Божы Ян Павел ІІ асвяціў абраз Найсвяцейшага Імя Марыі Беззаганна Зачатай, які 10 снежня гэтага года будзе каранаваны і змешчаны ў галоўным алтары мінскай архікатэдры. Пра падрыхтоўку да гэтай падзеі гаворыць пробашч архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, Мінскі дзекан ксёндз Антоні Клімантовіч.

— Асвячэнне ўзноўленага і нанава адбудаванага галоўнага алтара мінскай архікатэдры, у якім будзе змешчаны абраз Маці Божай, падараваны і асвечаны Слугою Божым Папам Янам Паўлам ІІ, — гэта, безумоўна, надзвычай важная і значная падзея для ўсяго Касцёла ў Беларусі. Галоўная каталіцкая святыня нашай краіны, знявечаная і апаганеная ў гады «ваяўнічага атэізму», была адноўленая і рэкансэкраваная 21 кастрычніка 1997 г., але да гэтага часу ў ёй не былі цалкам завершаны рэстаўрацыйныя працы і, у прыватнасці, адсутнічаў зруйнаваны галоўны алтар. Цяпер ён адбудаваны у дакладнай адпаведнасці з тым алтаром, які тут існаваў, і ў абвешчаны Янам Паўлам ІІ Год Эўхарыстыі ў нашай святыні, нарэшце, з’явіцца годнае месца для табэрнакулюма, дзе будзе заўсёды прысутны Езус Хрыстус у Эўхарыстычнай постаці.

10 снежня стане для архікатэдральнай парафіі падвойным святам, бо ў гэты ж дзень таксама будуць асвечаны новыя арганы, пабудаваныя аўстрыйскімі майстрамі (дарэчы, адны з лепшых у Еўропе) — дар Епіскапату Аўстрыі.

Больш падрабязна хацелася б спыніцца на абразе Імя Марыі Беззаганна Зачатай. Перад тым, як заняць цэнтральнае месца ў новаасвечаным алтары, ён будзе каранаваны. Гэта не зусім звычайная каранацыя, бо карануюць, як правіла, абразы з багатай гісторыяй, якія праславіліся шматлікімі цудамі, такія, напрыклад, як абраз Маці Божай Будслаўскай, або нядаўна каранаваны ў Гродне абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай). Абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай не мае такой гісторыі. Ён з’яўляецца сучасным творам і быў напісаны ў Італіі па просьбе галавы Касцёла ў Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка. Папа Ян Павел ІІ, Слуга Божы, які падараваў і асвяціў абраз, выказаў жаданне, каб ён быў каранаваны. Таму гэтая каранацыя стане выразам падзякі Найсвяцейшай Панне Марыі ад імя ўсяго Касцёла і асабліва ад імя беларускіх каталікоў за захаваны праз Яе заступніцтва скарб веры, які не ўдалося знішчыць ворагам Хрыстовага Касцёла за доўгія гады пераследу, а таксама нагадаць нам пра нашыя даўнія хрысціянскія карані і багатую рэлігійную традыцыю, якой мы павінны непахісна трымацца, беручы прыклад з нашых продкаў.

Старэйшыя вернікі, сярэдняе пакаленне і моладзь архікатэдральнай парафіі ўжо пачалі рыхтавацца да ўрачыстасці. Яна павінна стаць сапраўдным святам нашай веры, а таму найлепш падрыхтавацца да яе нам дапаможа перш за ўсё шчырая малітва. Мы распачалі гэтую духоўную падрыхтоўку ў кастрычніку, і невыпадкова. Кастрычнік — гэта месяц, асаблівым чынам прысвечаны аднаму з найпрыгажэйшых і найбольш папулярных Марыйных набажэнстваў — святому Ружанцу, які ніколі не выпускаў з рук Слуга Божы Ян Павел ІІ і ўсіх нас нястомна заклікаў на ім маліцца. На працягу таго часу, што застаецца да ўрачыстасці, у нашым касцёле будуць рэгулярна праводзіцца спецыяльныя малітвы, мэта якіх — дапамагчы вернікам належным чынам перажыць урачыстасць і правільна разумець яе духоўнае значэнне.

Трыдыум распачнецца ў чацвер 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень пасля святой Імшы а 8-й гадзіне адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыя, якая будзе доўжыцца на працягу трох дзён. У гэты і наступны дні (8 і 9 снежня) святыя Імшы ў нашым касцёле будуць адбывацца а 8-й і 12-й гадзіне, а таксама ўвечары ў 18.30. Іх будуць цэлебраваць розныя святары, якія ў сваіх казаннях растлумачаць вернікам розныя аспекты ўрачыстасці і звязаных з ёю падзеяў.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту будзе працягвацца і пасля святой Імшы а 8-й гадзіне ў суботу 10 снежня і завершыцца а 11-й гадзіне. А 12-й гадзіне распачнецца ўрачыстая святая Імша, падчас якой адбудзецца каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай і асвячэнне алтара. У ёй прымуць удзел арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, іншыя біскупы, шматлікія святары, законнікі і законніцы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. На ўрачыстасць збіраюцца прыехаць пілігрымы з усіх дыяцэзій нашай краіны і нават з-за мяжы.

Мы ўсіх будзем рады бачыць у мінскай архікатэдры і шчыра запрашаем разам з намі перажыць гэты светлы дзень, гэтую цудоўную ўрачыстасць. Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы са старонак часопіса «Ave Maria» звярнуцца да ўсіх вернікаў, перш за ўсё да мінчанаў, а асабліва — да моладзі, каб, захопленыя штодзённымі клопатамі, не прапусцілі гэтую вялікую падзею і ўдзельнічалі не толькі ў кульмінацыі ўрачыстасці, але таксама ў святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу ўсіх трох дзён.

Памятайце, што кожны, хто з даверам звяртаецца да Найсвяцейшай Панны, заўсёды атрымлівае праз Яе заступніцтва шчодрыя ласкі. Таму з рук Маці Божай на нашым абразе, як сімвал гэтых ласкаў, сыходзяць промні святла, якія асвятляюць увесь свет. Пад нагамі Беззаганнай — змяя, і гэта азначае канчатковую перамогу дабра над злом. Я не сумняваюся, што кожны, хто будзе маліцца перад гэтым абразом Багародзіцы, з Яе дапамогаю пераможа любыя спакусы злога духа і атрымае ўсё, аб чым Яе шчыра папросіць.