Гэтага дня католікі Вілейкі чакалі доўгія гады... Касцёл у Вілейцы нядаўна адзначаў 90-годдзе свайго існавання. За гэты час, не такі і доўгі, ён перажыў нялёгкую гісторыю. У пасляваенны час католікі страцілі сваю святыню, якая ў хуткім часе ператварылася ў руіны і выкарыстоўвалася як склад. На пачатку 80-х гадоў гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на вялікі будынак у цэнтры горада, які сваёй знішчанасцю псаваў увесь выгляд. Таму была прынята пастанова ператварыць касцёл у дом культуры. Былі праведзены адпаведны рамонт і рэканструкцыя, а каб знішчыць публічны знак веры, на вежы касцёла замест крыжа з’явілася ліра...

Дзякуючы благаславенню Бога і намаганням людзей будынак касцёла ў 1991 годзе быў зноў вернуты католікам. Веруючых чакала нялёгкая праца, каб вярнуць святыні выгляд Дома Божага. У хуткім часе вілейскі касцёл стаў адной з найпрыгажэйшых святыняў у рэгіёне.

Але католікі Вілейкі не маглі згадзіцца з тым, што іх касцёл Узвышэння Святога Крыжа не мае на вежы знака хрысціянскай веры – Крыжа. Шмат маліліся, каб наступіў той дзень, калі зноў з’явіцца Крыж. Часта гэтая просьба гучала падчас малітвы ў касцёле, была інтэнцыяй Жывога Ружанца, да Брацтва якога належаць 200 асобаў. Вясною 2005 года было прынятае рашэнне, нягледзячы на вельмі складаныя працы, устанавіць Крыж на святыні. Для гэтага адшукалі адпаведных майстроў і вернікі з радасцю сабралі патрэбныя сродкі.

... Вось і настала 14 верасня 2005 года, свята Узвышэння Святога Крыжа. З самай раніцы ў касцёле сабралася шмат людзей, якія адароўвалі Найсвяцейшы Сакрамэнт. Адарацыю праводзілі па чарзе: міністранты, парафіяльны хор, Легіён Марыі, Маці ў малітве, Брацтва Жывога Ружанца.

У 18.00 біскуп Антоні Дзям’янка ўрачыстай працэсіяй разам са шматлікімі святарамі з Вілейскага і суседніх дэканатаў увайшоў ва ўпрыгожаную святыню са спевам “Узняліся крыжы над святынямі, за плячыма застаўся той час, калі Бога мільёны пакінулі, але Бог не забыўся пра нас!” Ксяндза біскупа віталі дзеці, моладзь, сям’я, прадстаўнік старэйшага пакалення.

З якім вялікім хваляваннем перажывалі ўсе прысутныя момант асвячэння Крыжа! У многіх на вачах з’явіліся слёзы радасці! Вежа касцёла зноў мае Крыж! У гэты час чуўся спеў: “Зноў крыжы над вілейскімі вежамі, той святыні, так нам дарагой!”

На заканчэнне святочнай літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні, пасля якой усе прысутныя спявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, дзякуючы гэтым спевам Усемагутнаму Богу за вялікую ласку для парафіі.

У гэты дзень было абвешчана яшчэ аб адным падарунку, які падрыхтаваў Пан Бог на гэтае свята: пасля доўгіх гадоў клопату гарадскія ўлады далі католікам зямлю для пабудовы парафіяльнага дома. Ксёндз біскуп з радасцю ўдзяліў благаславенне на новыя нялёгкія, але такія патрэбныя працы па будове гэтага дома.

Узняліся ў блакітную высь
На вежах касцёльных крыжы.
За сябе, за другіх памалісь
Лепей стане жыццё для душы!

Ксёндз Аляксандр Барыла,
пробашч вілейскага касцёла.