ушанаванне
Вастрабрамскай Божай Маці

туліцца сонца да скроняў
такое сонца на небе якое ў Тваёй кароне
ад дванаццаці зорак палаюць на небе зоры
закалыхвае чоўнік таго хто невылечна хворы

у шчылінцы між дзвюх каронаў заснулі сіроты
схаваліся людзі бяздомныя ў збаўчыя воты
там аніхто не зловіць і не зраніць іх душы
залатыя ружы сукенкі будзяць жывыя ружы

перад Тваім адзеннем
кленчаць у захапленні
і падаюць на калені
глухія сэрцы каменні

пад Тваёй высокай каронай ідуць да ўзаемнай згоды
ўжо маюць ахоўныя межы суседнія ўсе народы
Вострая Брама ўплывае на іхні на Вільні лёс
магнітнай падковай Пагоні прыцягвае ўсіх да нябёс

 
                   начная малітва
да Маці Божай Вастрабрамскай

над збалелаю мною балесна прысела
як у цёмныя ночы не раз
супакоіла боль неслухмянага цела
і душы
                  памаліся за нас

як сусвет Тваё сонейка цёплае ноччу
прамянее ў Цябе за спіной
цёплы промнік ляціць у гліняны збаночак
падзялілася промнем са мной

дзе з цяністага ценю ў любові паснулі
узняліся ў яснотаў экстаз
у святлістыя брамы мае прабабулі
я лячу
                  памаліся за нас

аніхто дарагі не ўздыхне па мне зранку
не патрэбна нікому зусім
толькі сон адчыняе сасновую брамку
дзе хаваецца ў сэрданька дым

між спрадвечных няволяў калыскі-магілы
Ты мне выбар свабодны знайшла
на сярэбраных снах Вастрабрамскай малітвы
расцвітаю ўначы бы імгла
                  памаліся за нас



 
                                     супліка

Вастрабрамская Божая Маці
ясна сонейка ў земскай пастаці

пасяродку Еўропы краіна
камянее так быць не павінна

міласэрнае Матчына сэрца
пасяродку каменнага б’ецца

цвёрды камень змякчае да воску
на тым камені садзіць бярозку

ствол бярозкі высокі і просты
а лісткі як літаніі просьбы
а душа ў берагоў абалоні
не цямнеюць у сонейка промні



Данута Бічэль