Пачатак глядзі ў нумары №3(118) 2005 >>>

МЕСЦА ДЛЯ ПАНА

Свята св. Юзафа, абранніка Марыі
19 сакавіка 1994 г.

Дарагі Тамаш, сёння свята св. Юзафа. У Святым Пісанні пра яго сказана вельмі мала. Ён быў пабожным, сціплым чалавекам. Юзаф нічога не гаварыў, ён дзейнічаў, і ўся яго дзейнасць – узор адданага, бескарыслівага служэння Богу. На першы погляд, гэта сціплая фігура ў гісторыі збаўлення. Аднак вядома, што ўсё вялікае адбываецца ў цішыні і спакоі.

Святы Юзаф нагадвае мне многіх каталіцкіх святароў, якія служаць сёння ў сваіх парафіях па цэлым свеце. Яны цалкам прысвяцілі сябе Богу і Касцёлу. Яны не робяць гучных заяваў і таму мала каму вядомыя.

Паглядзі на св. Юзафа. Вось прыклад духоўнай і апостальскай дасканаласці! Гаворачы пра дасканаласць, я маю на ўвазе тое, што ён цалкам прысвяціў сябе Хрысту, паставіўшы інтарэсы Езуса вышэйшымі за свае асабістыя. Усе яго думкі і ўсе намаганні былі сканцэнтраваны на патрэбах Езуса і Марыі. Юзаф жыў любоўю да іх, забыўшыся пра сябе. Тэарэтычна кожны святар пагадзіцца з гэтым. На практыцы ж часта бывае інакш. Вось прыклад. Многім святарам я прапаноўваў разгледзець магчымасць бесперапыннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіях. І многія адказалі, што не могуць знайсці месца для малітоўнага пакою.

Але што рабіў св. Юзаф? «...Не было ім месца ў гасподзе» (Лк 2, 7). Ён шукаў, шукаў да таго часу, пакуль не знайшоў такое месца. І гэта месца нараджэння Хрыста ў Бэтлееме стала першай капліцай бесперапыннай Адарацыі, і пастухі першымі прыйшлі пакланіцца Яму.

Святар, думкі якога цалкам занятыя Хрыстом, заўсёды знойдзе месца для Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе ўдзень і ўначы будзе адбывацца Адарацыя.

Я ведаю святара а. Ахерна з Заходняй Аўстраліі, які зрабіў тое, што зрабіў бы св. Юзаф. Ён аддаў Езусу сваю спальню. Яна была ідэальным месцам для каплічкі, таму што мела асобны ўваход з двара. Айцец Ахерн перанёс сваю спальню ў іншае месца ў доме святара. Памятаем, Езус гаворыць, што ў валадарстве Айца Яго шмат памяшканняў. І я ўпэўнены, што а. Ахерн будзе мець прыгожы палац у Небе, таму што тут, на зямлі, ён аддаў сваю спальню Хрысту, каб людзі днём і ноччу маглі прыйсці пакланіцца нашаму Пану, утоенаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Але ўжо цяпер а. Ахерн узнагароджаны. Яго каплічка натхніла Браена Моргана стаць святаром і прысвяціць жыццё распаўсюджванню бесперапыннага пакланення. Любоў а. Моргана да Эўхарыстыі і Найсвяцейшага Сакрамэнту прыцягнула яшчэ 6 чалавек да святарства, пяцёра з якіх вучацца тут, у Маніле, каб стаць святарамі новай супольнасці місіянераў Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Я пішу табе гэты ліст, дарагі Тамаш, таму што спадзяюся, што ты будзеш наступным і, як св. Юзаф, знойдзеш месца для нашага Пана.

Твой брат у Яго Эўхарыстычнай Любові
мансеньёр Джазэфіно Рамірэс.

Падрыхтавала Г. Калевіч.