«І беларускі збалелы край, не пакідай, не пакідай», – просім мы Маці Божую Будслаўскую ў вядомай песні. Але, напэўна, няма цяпер у Беларусі больш пакутнага краю, чым Палескі, які больш за ўсіх пацярпеў ад чарнобыльскае бяды. Аднак Чарнобыль духоўнасці тут аказаўся яшчэ страшнейшы: да 1990 года ў Мазырскім Палессі не дзейнічаў ніводзін касцёл, не было нават ніводнага прыдарожнага крыжа. І ўсё ж пакрысе край стаў духоўна ўзнімацца. Адбудоўваюцца касцёлы, адчыняюцца капліцы. Палескія каталікі звязваюць гэты цуд з асаблівай апекай Маці Божай Юравіцкай, абраз якой ушаноўваюць тут і каталікі, і праваслаўныя.

Гістарычная даведка

У гістарычных хроніках упершыню ікона згадваецца ў 1630 годзе. Яна славілася вялікімі цудамі, і ў Юравічы пастаянна ішлі пілігрымы. У 1726–1746 гады замест драўлянага кляштара ордэн езуітаў пабудаваў велічны мураваны касцёл, які хутка набыў статус санктуарыя Маці Божай Юравіцкай. Доўгі час ён быў сапраўдным духоўным цэнтрам Палесся.

Ганенне на Каталіцкі Касцёл з боку царскіх уладаў у той час было вельмі жорсткім, а ў 1860-я гады – асабліва. Баючыся знішчэння цудоўнай рэліквіі, пробашч юравіцкага касцёла Гуга Гадзецкі тайна замяніў абраз Маці Божай Юравіцкай на копію. Арыгінал перадаў на захаванне адной з парафіянак. Акурат праз некалькі месяцаў царскім указам была скасавана каталіцкая парафія ў Юравічах, а касцёл перададзены праваслаўным.

Габрыэля Горват, якая старанна захоўвала абраз, перад сваёю смерцю адвезла яго ў Кракаў айцам езуітам з той умовай, што яны вернуць ікону ў Юравічы пасля таго, як там адродзіцца касцёл. Цяпер цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай знаходзіцца ў касцёле святой Барбары ў Кракаве.

Пры бязбожных саветах юравіцкі касцёл зачынілі. Унікальныя будынкі кляштара з цягам часу былі разбураны і паўразбураны. А ў 1993 годзе ўсё, што засталося ад некалі велічнага санктуарыя, мясцовыя ўлады перадалі Тураўскай праваслаўнай епархіі. І цяпер тут дзейнічае жаночы манастыр. Копія іконы Маці Божай Юравіцкай знаходзіцца тут жа ў капліцы.
 

Вяртанне з забыцця

Культ Маці Божай Юравіцкай пачаў адраджацца з 1990 года дзякуючы дзекану Мазырскага дэканата ксяндзу Юзафу Дзеконьскаму. Даведаўшыся пра цудадзейны абраз, ксёндз Юзаф паехаў у Кракаў, каб памаліцца каля арыгінала іконы Маці Божай Юравіцкай. У Юравічах адправіў святую Імшу ў будынку разбуранага касцёла. Марыў мець хаця б копію цудоўнага абраза. З часам знайшоўся мастак, які намаляваў яе для касцёлаў у Мазыры і Хойніках (парафіі ксяндза Юзафа).

Здзейснілася мара ксяндза дзекана і аб тым, каб наладзіць пілігрымкі да Маці Божай Юравіцкай. І вось ужо тры гады запар легіянеры Марыі з розных куткоў Беларусі і тыя, хто любяць Маці Божую, ідуць да Яе ў Юравічы з падзякай і малітвамі. Разам заўсёды ідзе і ксёндз Юзаф, які з’яўляецца мадэратарам Легіёна Марыі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.
 

Малітоўны голас у пустыні

Тыя, хто ішоў у мінулыя разы ў Юравічы, аднадушна сказалі, што сёлетняя пілігрымка найцяжэйшая. Па-першае, было горача. Сонца паліла, як у ліпені, хаця гэта быў верасень, бо менавіта святу дня Нараджэння Маці Божай прысвячалася пілігрымка. Па-другое, шлях пралягаў па палях, лугах, лясах, а на палях у гэтым годзе нават межы былі перапаханыя. Пра асфальт толькі марылі: скрозь – сыпучы белы пясок, у якім патаналі ногі. Здавалася, ідзеш па сапраўднай пустыні, дзе галоўныя спадарожнікі – сонца, пясок і смага. Піць вельмі хацелася, бо не разлічылі запас вады. А калодзеж спаткаўся ўсяго толькі адзін раз за ўвесь 25-кіламетровы шлях. «Што вы хочаце, – сказаў нехта з легіянераў, – ідзем па пустыні ў духоўным сэнсе і мусім складаць ахвяры». Хтосьці з пілігрымаў прыпамінаў і цытаваў Святое Пісанне, а менавіта – выйсце габрэяў з Егіпту. Не, нараканняў не было, але некаторыя сказалі, што больш у пілігрымку не пойдуць, і амаль усе пагадзіліся з думкай, што адзін дзень шляху ў Юравічы можна смела прыраўняць да трох дзён шляху ў Будслаў.

Але ўсё гэтыя цяжкасці нічога не вартыя ў параўнанні з тою радасцю і Божай ласкаю, якімі былі перапоўнены нашыя душы. Ружанцовая малітва змянялася спевам прыгожых песняў, адна з якіх Провідам Божым была паслана нам менавіта для гэтай пілігрымкі. Яе словамі мы выказалі Пану Богу і Матачцы Божай Юравіцкай просьбы як асабістыя, так і за ўсю краіну. І спявалі сапраўды са слязьмі:

«...О Матанька міру, прымі любоў шчыру,
Прымі нашы слёзы і спеў.
Мы просім у Бога, мы просім у Бога
Злагодзіць Яго Божы гнеў...»

Вядома, што вялікая роля ў пілігрымцы духоўнага кіраўніка, і нам у гэтым сэнсе вельмі пашчасціла. У асобе кс. Юзафа мы маем прыклад шчырай адданасці Маці Божай і Яе Легіёну, прыклад самаахвярнасці і сапраўднай любові да Бога і бліжняга свайго. Як жа важна для нас, грэшных людзей, бачыць, што прыгожыя словы святарскай навукі не разыходзяцца з яго жыццём! Мы ўсе вельмі ўдзячныя кс. Юзафу за яго па-сапраўднаму айцоўскую апеку, за тое, што адкрыў для нас цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай, і за гэту пілігрымку да Яе.

Галіна Калевіч