З 1 па 6 жніўня ў доме сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах праводзіліся рэкалекцыі для моладзі на тэму Эўхарыстыі. Праводзілі іх сёстры Паўла і Аляксандра.

... Мы кожны дзень сустракаем мноства людзей. З некаторымі з іх дзелімся сваімі перажываннямі, некаторых стараемся абмінуць, каб «не псаваць настрой»... Але мы можам упэўненна сказаць, што яны прысутнічаюць у нашым жыцці. Ці можам сказаць гэтак жа і пра Езуса? Ну, вядома, мы верым, што Ён з’яўляецца спадарожнікам нашага шляху, але ці адчуваем мы Яго ўдзел? Вельмі дапамагаюць адчуць гэта рэкалекцыі. Гэта час для таго, каб паглядзець на сваё жыццё, адкрыць маўклівую прысутнасць Таго, Хто будзе несці нас на руках, калі мы зусім не будзем мець сілы ісці далей.

Кожны дзень рэкалекцый пачынаўся супольнай малітвай, якая давала сілу на ўвесь дзень, распланаваны па хвілінах. Тут былі і святая Імша, і канферэнцыі, і разважанні над Бібліяй, і маўчанне, і сустрэчы ў групах. І ўсё гэта набліжала нас да Езуса, дазваляла наблізіцца да Яго падчас малітвы ў Аліўным садзе; падчас ВЯЛІКАЙ, але, на жаль, не зразумелай для чалавека, Апошняй Вячэры; падчас смерці на Крыжы; тады, калі Ён прыйшоў да вучняў «незнаёмцам» і застаўся з імі назаўсёды ў эўхарыстычным хлебе.

Асабліва важным было разважанне, якое суправаджалася маўчаннем. Разам з гэтай фізічнай цішынёй мы імкнуліся і да цішыні духоўнай, бо толькі праз такі ўнутраны спакой можна прыйсці да галоўнай мэты рэкалекцый: сустрэчы з Богам.

Падчас рэкалекцый адбылася таксама вельмі радасная падзея. Оля, студэнтка Баранавіцкага універсітэта, першы раз прыйшла да споведзі і прыняла Езуса ў сваё сэрца. Дзяўчына трапіла на рэкалекцыі дзякуючы сваёй сяброўцы. І, відаць, не дарма. Пасля Імшы Олю ўрачыста павіншавалі. Слёзы радасці блішчэлі не толькі на яе вачах, але і на вачах усіх прысутных.

Увогуле, рэкалекцыі далі ўсім вялікі плён. Трэба толькі рэалізоўваць яго з дапамогай Езуса ў штодзённым жыцці.

Удзельнікі рэкалекцый

 

Вось водгукі некаторых удзельнікаў рэкалекцый
пра гэтыя дні навучання.

«Час рэкалекцый быў, па-першае, часам вялікай працы ў маім асабістым жыцці. Часам, калі разам з дапамогаю рукі Хрыста можна было адчуць і зразумець Яго любоў. Зразумець, наколькі неабходна для чалавека мець такога сябра, як Хрыстус. Зразумець, што ўсе праблемы вырашацца толькі тады, калі з поўным даверам пабудуем мост да Найлепшага Айца, адважымся ступіць на гэты мост, пайсці наперад, крок за крокам знішчаючы тую адлегласць, якая аддзяляе нас ад Бога».

Аксана, в. Параф’янава.

«Праграма была складанай не столькі ў плане фізічным, колькі ў плане духоўным... Мае разважанні былі рознымі, але заўсёды было адно: Бог і д’ябал. Спакусы былі вельмі вялікія, і не заўсёды я магла ім супрацьстаяць, хоць змагацца з імі мне найперш дапамагаў Святы Дух... Я зразумела, наколькі вялікая Яго магутнасць, адчула на сабе Яго дзеянне. Ён, і толькі Ён, можа раскрыць нам тое, чаго мы шукаем, і паказаць тое, да чаго імкнёмся. На рэкалекцыях я адчула Яго прысутнасць».

Аксана, г. Стоўбцы.