Да сённяшняга дня існуе справа, распачатая ксяндзом Бюжэ, — кажа кс. Ан-Гіём Вернакт, які працуе ў санктуарыі Маці Божай у Монліжоне. — Гэтае брацтва малітвы, якое яднае неба і зямлю, грунтуецца на веры і надзеі, абвяшчае таямніцу еднасці святых, у якой нашая святасць і святасць памерлых злучаецца са святасцю тых, хто ўжо ў небе. У Монліжоне чалавек адкрывае, што ўсе людзі — гэта Касцёл, Цела Хрыста, што ўсе мы з’яўляемся Яго членамі: людзі на зямлі, святыя ў небе і душы чыстцовыя.

Ля Шапэль Монліжон — гэта мясцовасць у паўднёвай Нармандыі, за 150 км на захад ад Парыжа ў дыяцэзіі Сэ.

Базыліка, а таксама справа, што існуе пры ёй сёння, паўстала дзякуючы аднаму Полю-Жозэ Бюжэ (1843–1918 гг.) — святару, які адкрыў у сваім жыцці асаблівую харызму і цалкам прысвяціў сябе яе рэалізацыі.

Ён прыехаў у Ля Шапэль Монліжон — пасёлак, у якім было тады 770 жыхароў — 1 жніўня 1878 года як новапрызначаны пробашч гэтай парафіі. Ён бачыў, што сем’і, якія губляюць сваіх блізкіх, вельмі хутка пра іх забываюцца, і пачаў адпраўляць вялікае набажэнства да чыстцовых душаў. Святар вырашыў заснаваць Таварыства малітвы за памерлых, асабліва за душы чыстцовыя, пра якіх не памятаюць іх блізкія. 4 кастрычніка 1884 г. Таварыства было зацверджана мясцовым біскупам. Спасылаючыся на Апакаліпсіс, дзе гаворка ідзе пра Кнігу жыцця (гл. Ап 20, 12), кс. Бюжэ «ўвёў» кнігу жыцця ўжо тут, на зямлі. Людзі, якія прыбывалі ў Монліжон, пачалі ўпісваць у гэтую «кнігу жыцця» імёны сваіх памерлых.

Цэнтрам гэтай высакароднай Справы малітвы за памерлых стаў парафіяльны касцёл, а капліца Найсвяцейшай Панны Марыі стала капліцай Маці Божай Вызваліцелькі. У 1893 г. гэтая Справа была зацверджана Папам Львом XIII, а праз два гады з рук гэтага ж Папы атрымала наступны прывілей — стала брацтвам са сваім статутам.

Чарговым пачынаннем гэтага руплівага святара сталі намаганні на карысць будаўніцтва санктуарыя Маці Божай з Монліжона, які стаў сусветным цэнтрам малітвы за памерлых, асабліва ўсімі забытых. Благаслаўленне вуглавога каменя адбылося 4 чэрвеня 1896 года, а праз пяць гадоў, 1 чэрвеня 1901 года, у санктуарыі была адпраўлена першая святая Імша для пілігрымаў. Пазней Папа Пій XI надаў святыні тытул меншай базылікі.

Заснавальнік Справы малітвы за памерлых памёр 14 чэрвеня ў 1918 годзе ў Рыме, а праз тры гады, 16 лістапада, яго астанкі былі перанесены ў базыліку.

У цэнтры базылікі, адразу за алтаром, змешчана цудоўная статуя Маці Божай Вызваліцелькі, чыё імя носіць базыліка. Статуя, як і алтар, зроблена з мармуру. У левай руцэ Марыя трымае Дзіцятка Езуса. Ля падножжа Маці Божай — дзве маладыя жанчыны. Адна з іх, якая сімвалізуе душу чыстцовую, трымае складзеныя на каленях далоні, а яе ўмольны позірк скіраваны на Маці Божую. Марыя працягвае жанчыне руку дапамогі, глядзіць на яе з мацярынскаю пяшчотай. У другой фігуры рукі складзены на грудзях у жэсце ўдзячнасці за атрыманы ад Хрыста вянец абраных.

 
Пасланне Монліжона

Монліжон з’яўляецца сусветным цэнтрам малітвы за памерлых. Сёння, калі ў выніку аслаблення веры ў жыццё вечнае многім людзям так цяжка знайсці сябе пасля страты блізкіх людзей, з гэтага месца нястомна гучыць пасланне і напамін пра тое, што малітва дазваляе надалей заставацца ў камуніі з нашымі памерлымі. Тут рэальна здзяйсняецца таямніца веры, якая сведчыць пра еднасць святых.

Монліжон — гэта найперш месца малітвы. Кожны дзень парадак набажэнстваў у базыліцы складаецца са святой Імшы, малітвы брэвіярыя, Ружанца, эўхарыстычнай адарацыі. У базыліцы працуюць сёстры з Супольнасці Новага Запавету.

З 2002 года ў Монліжоне знаходзіцца галоўная рэзідэнцыя Таварыства Маці Божай Апякункі Добрай Смерці.

Сястра Кінга Шчурэк.
Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды.