Сярод шматлікіх і разнастайных манаскіх кангрэгацый ёсць адна асаблівая. Яе заснавальнікі — благаслаўлёны айцец Ганарат Казьмінскі і Марыя Ванда Алендзка. Харызмай гэтай манаскай супольнасці з’яўляецца дапамога памерлым, якія праходзяць праз ачышчэнне, — душам чыстцовым. Кангрэгацыя мае ўжо больш чым стогадовую гісторыю (заснавана 10 лістапада 1889 г.). Першая генеральная настаяцельніца кангрэгацыі паходзіла з в. Чарэі былой Магілёўскай губерні.

Сёстры кангрэгацыі, жывучы таямніцай еднасці святых у штодзённым жыцці, імкнуцца набліжаць гэтую таямніцу да вернікаў і знаёміць іх з каталіцкай эсхаталогіяй. На працягу 20 гадоў пры кангрэгацыі існуе т. зв. Апостальская справа дапамогі чысцу (АСДЧ). Гэта арганізаваная форма апостальства Кангрэгацыі Сясцёр Успамогі Чыстцовых Душаў. Яна ўзнікла як адказ на шматлікія просьбы ад свецкіх асобаў. Кангрэгацыя ўспрыняла гэтае фармаванне як новы знак часу і новы апостальскі заклік. Пасля пачатковага перыяду супрацоўніцтва з асобамі, якія звярталіся ў Кангрэгацыю галоўным чынам праз карэспандэнцыю, у 1985 г. для новай формы апостальства ўрэшце была знойдзена назва — Апостальская справа дапамогі чыстцу.

Членам АСДЧ можа стаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзросту), які, ажыўлены бескарыслівай любоўю, жадае дапамагаць памерлым, церпячым у чыстцы, праз даступныя для яго сродкі: малітву, ахвяру, міласціну, добрыя ўчынкі і г. д. Пераканальны прыклад дапамогі душам чыстцовым нам пакінулі сучасныя святыя — св. сястра Фаустына Кавальская і св. айцец Піо.

Члены АСДЧ ствараюць духоўную сям’ю Кангрэгацыі Сясцёр Успамогі Душаў Чыстцовых. Гэтая духоўная сувязь паміж членамі АСДЧ і сёстрамі праяўляецца перадусім ва ўзаемнай малітве. Сёстры даручаюць Пану Богу ўсіх членаў Справы — як жывых, так і памерлых, — а члены Справы ў сваю чаргу моляцца ў інтэнцыі Кангрэгацыі, выпрошваюць для яе новыя пакліканні. Члены АСДЧ атуляюць заступніцкай малітвай таксама паміраючых, каб у гэты апошні момант жыцця яны — па прыкладзе злачынцы з Евангелля, які раскаяўся, — вызналі свой грэх, пакаяліся і аддаліся ў рукі міласэрнага Бога.

Да АСДЧ могуць належаць як паасобныя людзі, так і цэлыя групы. Са згоды пробашча ў парафіі могуць стварацца групы малітвы ў інтэнцыі душаў чыстцовых. Кожная група стараецца, па магчымасці, раз у месяц ахвяраваць святую Імшу за памерлых і арганізаваць агульную малітоўна-фармацыйную сустрэчу. З цэнтра АСДЧ групы атрымліваюць адпаведную дапамогу.

На сённяшні дзень існуе каля 130-ці парафіяльных групаў АСДЧ, большасць з якіх дзейнічае ў Польшчы. Ёсць яны і ў Літве (асабліва ў віленскім рэгіёне), ва Украіне, пачынаюць стварацца таксама ў Беларусі.

Тыя, хто зацікаўлены Апостальскай Справай Дапамогі Чыстцу, супрацоўніцтвам з ёю, могуць звяртацца па адрасе:

Apostolskie Dzieło Pomocy dla Czyśćca
przy Zgromadzeniu Sióstr Wspomoźycielek Dusz Czyśćcowych
ul. M. Skłodowskiej-Curie 4
05-230 KOBYŁKA
Polska
Тэл.: +48/22/786 26 11 ці
+48/600 831 552
Факс: +48/22/786 95 55
E-mail: adpc@wp.pl