Толькі што ў базыліцы св. Пятра закончылася эўхарыстычная цэлебрацыя, якою мы распачалі Звычайны Сход Сіноду Біскупаў. Сінадальныя айцы, якія паходзяць з усіх бакоў свету, разам з экспертамі і дэлегатамі ў найбліжэйшыя тры тыдні будуць перажываць (сумесна з Наступнікам Пятра) выключны час малітвы, разважаючы над тэмаю: «Эўхарыстыя – крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла». Адкуль такая тэма? Хіба ж яна ўжо не вычарпана і цалкам не апрацавана?

На самай справе каталіцкая навука пра Эўхарыстыю была аўтарытэтна сфармулявана Трыдэнцкім Саборам. Касцёльнай супольнасці неабходна яе прымаць, перажываць і перадаваць усё новым, адпаведным часу, спосабам. Эўхарыстыю можна таксама лічыць «лінзаю», праз якую трэба пастаянна ўстанаўліваць сапраўднасць аблічча і шляху Касцёла, які Хрыстус заснаваў дзеля таго, каб кожны чалавек мог спазнаць любоў Бога.