Упершыню ў гісторыі

Ватыкан апублікаваў дакумент, які дакладна перадае працэс хваробы і абставіны смерці Папы Яна Паўла ІІ. Дакумент узнік на падставе сведчанняў людзей, якія спадарожнічалі Святому Айцу на яго апошнім шляху. Сведчанні, запісаныя ў «Acta Apostolicae Sedis», канчаткова развейваюць чуткі пра тое, што Папа ўжо за некалькі дзён да смерці знаходзіўся ў непрытомным стане.

«Дазвольце мне адысці да дому Айца» – гэта апошнія словы Яна Паўла ІІ. Папа прамовіў іх па-польску за шэсць гадзін да адыходу ў вечнасць. У 20.00, як запісана ў ватыканскім дакуменце, каля ложка паміраючага Папы распачалася св. Імша з Нядзелі Божай Міласэрнасці. Літургію канцэлебраваў арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш разам з кардыналам Мар’янам Яворскім, арцыбіскупам Станіславам Рылкам і кс. Мечыславам Макжыцкім. Польскія касцёльныя песні зліваліся са спевамі моладзі, якая малілася на пляцы св. Пятра. У 21 гадзіну 37 хвілін Ян Павел ІІ адышоў да дому Айца.

Асабісты доктар Папы Рэнато Будзанэцці канстатаваў смерць Яна Паўла ІІ, але электракардыяграма, згодна з прынятымі правіламі, была адключана толькі праз 20 хвілін.

 
Папскі Дзень

Урачыстыя набажэнствы, канцэрты, навуковыя сесіі, уручэнне ўзнагароды Totus – гэта толькі некаторыя падзеі Папскага Дня, які шырока адзначаўся ў Польшчы 16 кастрычніка і быў прысвечаны 27-й гадавіне выбару на Пятрову Сталіцу Яна Паўла ІІ.

Упершыню гэты Дзень адзначаўся без самога Папы і праходзіў пад дэвізам «Ян Павел ІІ – абаронца Праўды». Ва ўсіх касцёлах вернікі маліліся аб хуткай беатыфікацыі вялікага Папы.

 
Новыя правілы кананізацыі

29 верасня Кангрэгацыя па справах кананізацыі выдала камунікат аб новых правілах, якія датычаць кананізацыі і беатыфікацыі. Нядаўна гэтыя правілы зацвердзіў Папа Бэнэдыкт XVI. Камунікат пацвярджае, што кананізацыю будзе ажыццяўляць сам Папа, а беатыфікацыю – прадстаўнік Святога Айца, звычайна – прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

Кананізацыя будзе адбывацца ў Рыме, а беатыфікацыя – у дыяцэзіі, якая распачала працэс новага благаславёнага, альбо ў іншым адпаведным месцы. Па просьбе біскупа і іншых зацікаўленых бакоў пасля атрымання згоды Сакратарыяту Стану беатыфікацыя можа адбыцца ў Рыме.

 
Апошняя кніга кардынала Ратцынгера
і першая кніга Бэнэдыкта XVI

«Еўропа Бэнэдыкта ў крызісе культураў» – так называецца гэта кніга, апублікаваная ўжо пасля выбару кардынала Ратцынгера на Апостальскі Пасад. Ксёндз Клаўдзіё Рассіні, генеральны дырэктар выдавецтва Libreria Editrice Vaticana, якое валодае аўтарскімі правамі на творы папярэдняга і сённяшняга Папы, нагадаў, што гэта адна са ста кніг кардынала Ратцынгера. У Італіі яна ўжо разышлася 30-тысячным накладам.

«Папа паказвае новае бачанне чалавека, Бога і сувязі паміж імі, таму, магчыма, ажывіць Еўропу, якая губляе сваю духоўнасць...», – зазначыў вядомы польскі бэнэдыктынец а. Ляон Кнабіт, аўтар уступу да польскага выдання кнігі. Яе прэзентацыя прайшла ў Варшаве 6 кастрычніка.

Па матэрыялах КАІ падрыхтавала Крыстына Лялько.