Пад такім дэвізам 7–9 кастрычніка ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве – Лагеўніках адбыўся ІІ Міжнародны кангрэс апосталаў Божай Міласэрнасці.

Гэты кангрэс быў прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння святой сястры Фаустыны Кавальскай і арганізаваны Таварыствам апосталаў Божай Міласэрнасці «Faustinum» і рэктаратам санктуарыя ў Лагеўніках.

Каля 200 удзельнікаў з 34 краін свету з’ехаліся на гэты незвычайны форум, каб разам маліцца каля рэліквій святой Фаустыны, разважаць над асноўнымі аспектамі яе паслання і даваць асабістае сведчанне свайго апостальства. Бо, як зазначыў на адкрыцці кангрэсу кардынал Францішак Махарскі, «кожная справа міласэрнасці распачынаецца ў глыбіні душы чалавека, дзе кропля за кропляй адбываецца асвячэнне». Былы кракаўскі мітрапаліт падкрэсліў, што ўсе «сабраліся тут, каб пачуць і яшчэ раз прыняць пасланне любові».

Сваё апостальскае прывітанне перадаў удзельнікам форуму Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Папа пажадаў, каб кангрэс «прынёс шчодры плён ласкі ў сэрцы ўсіх удзельнікаў і абудзіў у іх новы запал пашыраць пасланне аб Міласэрнасці Бога і даваць сведчанне праз канкрэтныя справы любові».

Менавіта пра гэтыя канкрэтныя справы і апавядалі ўдзельнікі кангрэсу, што з’ехаліся ў Лагеўнікі літаральна з усіх кантынентаў: з Аргентыны, Аўстраліі, Паўночнай Афрыкі, Паўднёвай Карэі, Філіпінаў, з Еўропы...

«Кажы свету пра Маю Міласэрнасць, пра Маю любоў», – словы Хрыста, скіраваныя да сястры Фаустыны і запісаныя ў яе «Дзённіку», сёння скіраваныя таксама да кожнага з нас з заклікам быць апосталамі Яго Міласэрнасці. Кангрэс у кракаўскіх Лагеўніках засведчыў, што гэты заклік пачуты ва ўсім свеце, што ў многіх хрысціянскіх сэрцах ён знайшоў свой водгук.

Як слушна зазначыла сястра М. Эльжбета Сепак, якая кіруе Таварыствам «Faustinum» і якая была ініцыятарам і арганізатарам кангрэсу, «сустрэча столькіх апосталаў Божай Міласэрнасці – гэта добрая нагода для таго, каб убачыць справу, якую Бог распачаў у Касцёле праз св. сястру Фаустыну, каб дзякаваць за яе і ўсё больш актыўна ў ёй удзельнічаць». А да гэтага ўдзелу можа далучыцца кожны з нас, пашыраючы пасланне Міласэрнасці праз слова, малітву і ўчынкі.

На заканчэнне кангрэсу прадстаўнікі розных кантынентаў прынялі агонь Міласэрнасці, што гарыць у Лагеўніках, запалены і благаслаўлёны ў 2002 годзе Папам Янам Паўлам ІІ, які прысвяціў увесь свет Божай Міласэрнасці.

К.Лялько
Фота М.Новікава