Урачыстасць Усіх Святых — 1 лістапада 2005 г.

Чытанні: Ап 7, 2–4. 9–14;
Пс 24 (23); 1 Ян 3, 1–3.

Евангелле (Мц 5, 1–12а):

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Размаўляючы з людзьмі, я час ад часу задаваў ім пытанне: «Якім павінен быць каталік?» І тое, што большасць адказаў змяшчалася ў межах Дзесяці запаведзяў, прымушае задумацца. Атрымліваецца, што сапраўдны каталік павінен: «хадзіць у касцёл, маліцца, слухацца бацькоў, не хлусіць, не забіваць, не чужаложыць...» Так, гэта ўсё праўда. Але Езус у сённяшнім Евангеллі дае нам таксама і іншыя рэкамендацыі, якія можна разглядаць як новы кодэкс хрысціянскай маралі. На жаль, вельмі многія лічаць, што Восем благаславенняў прызначаныя толькі для абраных, для святароў, манахаў і законніц, і што немагчыма рэалізоўваць іх у штодзённым жыцці на пачатку трэцяга тысячагоддзя. Ці ж гэта сапраўды так? Сёння, калі Касцёл у Літургіі ўзгадвае Усіх Святых, трэба усвядоміць, што да святасці пакліканы кожны з нас. Шлях да святасці пачынаецца ўжо тут, на зямлі. Ён нялёгкі, але яго можна прайсці. Каб мы не заблукалі на ім, Бог дае нам Дзесяць запаведзяў, а Хрыстус у нагорным казанні выразна паказвае нам, як трэба жыць, каб быць благаслаўлёным, або, інакш кажучы, шчаслівым.

Шчаслівыя ўбогія духам. Мы баімся ўбоства. Баімся трапіць у залежнасць ад іншых людзей. Таму няспынна прагнем, здабываем, павялічваем свае даброты. Нам не хапае даверу да Бога і бліжніх. Мы часта клапоцімся пра мноства розных рэчаў, даем развівацца ў сабе неўпарадкаваным жаданням карыстання і валодання, і з-за гэтага ўжо не можам заўважаць таго, што жадае нам прапанаваць Бог. Нам здаецца, што наша асабістае бачанне шчасця з’яўляецца лепшым і больш поўным.

Шчаслівыя засмучаныя. У сучасным свеце засмучаных вельмі шмат. Але ці з’яўляецца іх смутак смуткам евангельскім? Ці з любові да бліжняга засмучае нас чыйсьці грэх, ці мы проста імкнемся зрабіць выгляд, што яго не бачым? Ці засмучае нас чалавечая трагедыя, або мы, хутчэй, жадаем бачыць у той ці іншай катастрофе, катаклізме справядлівую кару Божую для грэшнікаў? Ці смутак, прычына якога — нашая бездапаможнасць перад абліччам невылечнай хваробы ці смерці блізкага чалавека, не пераходзіць ў нараканне і сумненне ў Божай любові?

Шчаслівыя лагодныя. Як жа лёгка і хутка мы паддаемся кепскім, дэструктыўным эмоцыям! Нам здаецца, што на кожнае зло, кожнае непрыняцце, кожную подласць мы павінны самі адрэагаваць справядлівым гневам, павышаным голасам, абурэннем, а часам абразаю і прыніжэннем.

Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці. Ці ў кожнай жыццёвай сітуацыі мы стараемся шукаць, пазнаваць і выконваць волю Бога, ці, хутчэй, карыстаемся ўласнаю мераю справядлівасці: адною — для бліжніх, а іншаю — для сябе?

Шчаслівыя міласэрныя. Як цяжка ўсвядоміць, што мы павінны дзяліцца з іншымі ўсім тым, што самі атрымліваем ад Бога: духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі! Малітва, пост і міласціна — гэта і ёсць праява міласэрнасці да бліжняга і да самога сябе.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам. Чысціні сэрца немагчыма дасягнуць адным асобным актам волі. Гэта няспыннае змаганне са сваімі слабасцямі, а разам з тым — Божая ласка. Бог праз сваё слова і святыя сакрамэнты супрацоўнічае з намі ў справе памнажэння гэтай ласкі. Аднак мы часта расчароўваемся і адмаўляемся ад штодзённага духоўнага змагання, паддаючыся спакусам гэтага свету.

Шчаслівыя міратворцы. Сёння сучаснаму свету вельмі патрэбны мір. Але поўны драматызму заклік да міру не ажыццявіцца да таго часу, пакуль мір не ўсталюецца ў сэрцы кожнага чалавека. Мы не зможам даць міру іншым, пакуль у нас саміх яго не будзе і пакуль мы самі не прымем дар міру, які дае нам Хрыстус.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць. Часта, калі плён нашай працы не прыносіць жаданых вынікаў, а таксама калі мы баімся пераследу і перашкодаў, спакуса скласці рукі спыняе нас і не дае нам рашуча дзейнічаць, выконваючы Божую волю.

Няхай жа сённяшні дзень і сведчанне святых і благаслаўлёных падштурхнуць нас выплыць на глыбіню хрысціянства, акрэсленую Васьмю благаславеннямі.

 
ХХХІІ звычайная нядзеля — 6 лістапада 2005 г.

Чытанні: Мдр 6, 12–16;
Пс 63 (62); 1 Тэс 4, 13–18.

Евангелле (Мц 25, 1–13):

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

Давайце больш уважліва прыгледзімся да тых дзесяці паннаў з сённяшняга Евангелля. Усе яны выйшлі сустракаць жаніха. Усе ўзялі з сабою светачы і ўсе, чакаючы яго, заснулі, але пры гэтым пяць з іх былі названыя мудрымі. Чаму? Таму што яны праявілі адказнасць: жылі не толькі бягучым момантам, а паклапаціліся пра будучыню і ўзялі з сабою алей у пасудзінах. Калі ж, нарэшце, з’явіўся жаніх, яны не былі заспетыя знянацку і разам з ім увайшлі на вяселле. Прыклад гэтых пяці паннаў заахвочвае нас паразважаць сёння пра мудрасць. Мудрасць — гэта вялікі скарб і шчасце чалавека. Аўтар Кнігі Мудрасці піша: «Цудоўная і неўвядальная мудрасць. З лёгкасцю заўважыць яе той, хто любіць яе, а хто шукае яе, той знойдзе яе». Аднак не ўсе цікавяцца мудрасцю і не ўсе яе шукаюць. Хоць, напэўна, усім хацелася б быць мудрымі, але далёка не кожнаму гэта ўдаецца. Чаму ж так адбывецца? Па-першае, самым важным і галоўным крокам у кірунку да мудрасці з’яўляецца вучоба. Але не ўсе жадаюць набываць веды. Гэтая праблема найбольш востра стаіць у школе. Ад яе пакутуюць настаўнікі і перажываюць бацькі, калі бачаць, што іх дзеці не хочуць вучыцца. Старэйшыя з вышыні свайго жыццёвага вопыту ведаюць, што ад гэтага залежыць будучыня, і часта ўжо ў школе вызначаецца далейшы лёс чалавека: кім ён будзе, як распарадзіцца сваім жыццём. Няма іншага шляху да мудрасці, акрамя здабывання ведаў, пазнавання праўды, спасцігання яе. Але вучыцца трэба не толькі ў школе. Мудры чалавек вучыцца ўсё жыццё, ён заўсёды шукае мудрэйшых за сябе, бо ведае, што ўсё, што ён умее, гэта ўсяго толькі кропля вады ў акіяне ведаў і ўменняў, якія назапасіла чалавецтва. Мудрасці трэба вучыцца да канца жыцця, трэба быць вучнем аж да смерці. Іншаю перашкодаю на шляху да мудрасці з’яўляецца адкіданне ўсяго традыцыйнага, старога і празмернае захапленне ўсім новым і модным. Безумоўна, гэта не азначае, што ўсё новае — кепскае, але трэба памятаць, што сапраўдную вартасць чалавечых справаў вызначае час. Ён выпрабоўвае, ён дае ацэнку ўсяму, што робіць чалавек. Таму толькі тыя каштоўнасці сапраўдныя, якія перажылі вякі. Яны з’яўляюцца значным набыткам чалавецтва, якім мы і сёння можам карыстацца. І наадварот, тое, за чым сёння людзі больш за ўсё ганяюцца, праз некалькі гадоў можа аказацца пустым і непатрэбным. Мудрасць не можа залежаць ад моды, бо яна цэніць тое, што ўжо выпрабавана часам. Яшчэ адна прычына, з якой людзі не імкнуцца да сапраўднай мудрасці, з’яўляецца няправільна зразуметая свабода. Мудрасць прымушае лічыцца з Богам, які з’яўляецца яе крыніцаю, а чалавек часта жадае быць незалежным нават ад Бога, вольным ад Яго закону і запаведзяў, якія ўспрымаюцца як абмежаванне свабоды яго жыцця. Нярэдка ён паступае так у імя вольнай думкі, навукі, свабоды ў пошуку праўды. Але хіба ж Бог, які стварыў чалавека вольным, а калі той трапіў у няволю, ізноў яго вызваліў, хоча яго абмежаваць і зняволіць? Ён жа сам з кожным чалавекам падзяліўся сваёю свабодаю. Такім чынам, мудрасць трэба шукаць у самім яе вытоку. Шлях да сапраўднай мудрасці — гэта шлях да Бога. Гэта шлях малітвы, шлях медытацыі, разважання над Божым словам, шлях больш глыбокага спасціжэння самога сябе, свайго жыцця, сваёй будучыні. Няхай не будуць рэдкімі такія хвіліны. Гэта будзе мудрае і адказнае стаўленне чалавека, які сур’ёзна думае пра жыццё і пра сваю будучыню.

 
ХХХІІІ звычайная нядзеля — 13 лістапада 2005 г.

Чытанні: Прып 31, 10–13. 19–20. 30–31;
Пс 128 (127); 1 Тэс 5, 1–6.

Евангелле (Мц 25, 14–30):

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго. Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго. Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: Нягодны і лянівы слуга, ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам; а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Каб добра зразумець сённяшняе Евангелле, трэба спачатку растлумачыць, што такое «талант». У часы Езуса Хрыста гэта была мера вагі золата ці срэбра, роўная амаль 35 кілаграмам, а пазней так называлася грашовая адзінка. Вытворнае ж ад гэтага слова «талент» з цягам часу пачало азначаць «здольнасць, уменне». У гэтым значэнні і мы ўжываем яго, гаворачы, што хтосьці з’яўляецца таленавітым футбалістам, спеваком і г. д. Магчыма, у звычайнага чалавека, які чуе гэтыя словы, узнікне думка: «Але я не з’яўляюся таленавітым паэтам, мастаком ці музыкантам, як жа мяне датычацца словы сённяшняга Евангелля?». Магчыма, у цябе і няма тых ці іншых талентаў, але адзін ты напэўна атрымаў ад Бога — талент «ляпіць», фармаваць сваю асобу. У кантэксце сённяшняга Евангелля гаворка ідзе пра таленты чалавечнасці, якія Бог даў нам у самім факце стварэння. Трэба ўмець заўважаць талент жаноцкасці, мужнасці і юнацтва. Менавіта дзякуючы таленту жаноцкасці жанчыны здольныя прынесці ў дар саміх сябе, каб даць свету новае жыццё, не баючыся ні звязанага з гэтым болю, ні нават небяспекі смерці. Менавіта яны з усмешкаю і пяшчотаю фармуюць пасля жыццё сваіх дзетак і мужоў, незаўважна і далікатна развіваючы свае і іх таленты. Бог даў чалавеку талент мужнасці, каб ён быў здольны стаць бацькам і клапаціцца пра сваю сям’ю. Моладзі Бог дае талент запалу і энтузіязму, талент радасці і супакою, талент ведаў і любові. Бог даў нам усе неабходныя дары, натуральныя і звышнатуральныя. Ён даў нам асвячальную ласку, дары Святога Духа, святыя сакрамэны: сваё слова, сваё Цела і Кроў, якія нас асвячаюць, прыпадабняючы да Хрыста і Яго Маці, робячы Божымі дзецьмі. Такім чынам, талент — гэта дар і пэўны матэрыял, а таксама шанц. Хрыстус, даючы табе талант-талент, аказвае табе вялікі давер і чакае ад цябе, што ты яго належным чынам выкарыстаеш. Калі Ён даў табе нейкія здольнасці, значыць, Яму не ўсё роўна, што ты з імі зробіш. Калі ж ты не атрымаў здольнасцяў — гэта таксама талент. Талент — гэта не толькі штосьці атрыманае, недахоп чагосьці — таксама талент. Аднак гэта можна зразумець толькі ў святле веры. Талентам, напрыклад, можа быць і тое, што ты не можаш маліцца, хоць табе гэта і здаецца няшчасцем. Галоўнае, што ты робіш з гэтым няўменнем маліцца. Магчыма, ты закапаў гэты талент, вырашыўшы, што ўвогуле не будзеш маліцца. А няўменне маліцца, наадварот, павінна павялічыць у табе прагу Бога і такім чынам стаць сродкам твайго асвячэння. Гэтак жа, калі ў цябе ўзнікаюць хатнія праблемы, нязгода ў сям’і — гэта таксама твой талент і дадзены табе Богам шанц. Што табе з ім рабіць? Калі ты адчайваешся і падаеш духам, то закопваеш яго ў зямлю. Чалавек веры не можа не бачыць больш глыбокага сэнсу сваіх асабістых перажыванняў, і пры гэтым ужо сам пошук сэнсу з’яўляецца ў пэўным значэнні абарачэннем таланту-таленту. Езус, калі глядзіць на тваё жыццё, магчыма, поўнае няўдачаў, клопатаў, канфліктаў, расчараванняў, жыццёвых і духоўных цяжкасцяў, ніколі не бывае сумным. Ён глядзіць на цябе з радасцю, бо спадзяецца, што ўсе атрыманыя таленты дадуць плён, што ты іх выкарыстаеш, што будзеш радавацца і дзякаваць за ўсё, чым ён цябе няспынна адорвае. Таму ўкленчы сёння вечарам на малітву і падзякуй Богу за ўсе свае таленты, за кожны, нават самы малы, атрыманы дар, якога ты, можа, да гэтага моманту не заўважаў у сваім жыцці або проста не лічыў талентам.

 
Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету — 20 лістапада 2005 г.

Чытанні: Эзх 34, 11–12. 15–17;
Пс 23 (22); 1 Кар 15, 20–26. 28.

Евангелле (Мц 25, 31–46):

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. І сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы наведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? І Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваныя д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не наведалі Мяне. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

У мінулым годзе мне пашчасціла пабываць у Рыме. Сярод іншых славутасцяў я наведаў таксама і Сікстынскую капэлу ў Ватыкане, а ў ёй бачыў цудоўны твор вялікага Мікельанджэло — фрэску «Апошні суд». Я сеў і паглыбіўся ў медытацыю гэтай сцэны, якая так займала розум і ўяўленне шматлікіх мастакоў. І тады мне ўзгадалася сённяшняе Евангелле, у якім Езус з бязлітасным рэалізмам падрабязна паказвае драматычную сцэну, якая павінна адбыцца ў канцы свету. Сёння, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету, мы таксама маем добрую магчымасць для таго, каб гэтая сцэна закранула і нашае ўяўленне, але перш за ўсё, каб абудзіла нашу маральную ўспрымальнасць. Апошні суд. Гэты выраз выклікае не найлепшыя асацыяцыі, тым больш што ўсё, з ім звязанае, напоўнена жахам. Таму поруч з цёплымі словамі — «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства» — гучаць і надзвычай суровыя словы: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны». Вобраз Езуса Хрыста — Суддзі свету — які частку чалавецтва асуджае на вечны праклён, многія людзі палічылі наогул непраўдападобным і таму ў гэтым апісанні спрабавалі бачыць не больш чым перасцярогу. Аднак перспектыва збаўлення адных і асуджэння іншых не з’яўляецца нейкай другаснаю тэмай у Евангеллі. Яна адносіцца да самой сутнасці Хрыстовага вучэння. Дык якім жа будзе Апошні суд згодна з прарочым прадказаннем Хрыста? Гэта будзе аб’яўленне праўды. Прыйдзе час, калі знікне ўся няпраўда, будуць сарваныя ўсе маскі, а мы самі станем у праўдзе перад Богам, так, што ўжо анічога не ўдасца ўтаіць. Тады адкрыецца праўда нашага нутра і нашага жыцця. Святая сястра Фаустына Кавальская мела такое бачанне: «У пэўны момант я была паклікана на суд Божы. Стала перад Панам сам-насам (...). І ў тую ж хвіліну я ўбачыла поўны стан сваёй душы, так, як быццам гэта Бог глядзеў на яе. Я ясна ўбачыла ўсё, што Богу было недаспадобы. А я і не ведала, што нават за такія дробныя цені трэба даць адказ перад Панам» (Дзённічак, 36). Разам з тым Езус аб’явіў сястры Фаустыне, што перш чым Ён прыйдзе як Суддзя, на пачатку прыйдзе як Валадар Міласэрнасці. А значыць, пакуль мы жывем, Божая міласэрнасць не мае межаў, але ў хвіліну смерці распачнецца для нас час суду. Спярша — суд асабісты, а ў канцы часоў — апошні. І што ж тады будзе важным? Хрыстус вельмі канкрэтна кажа, што будзе найважнейшым для Яго, і ў гэтых словах адкрываецца найбольшы парадокс рэлігійнага жыцця, вяршыня і паўната якога — не ў духоўных, узнёслых пачуццях, скіраваных непасрэдна да Бога, а ў канкрэтным служэнні іншаму чалавеку. У гэтым святле бачна, што найлепш служыць Богу той, хто прысвячае сябе служэнню чалавеку. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі», — кажа Езус. Няхай жа сённяшняе Евангелле абудзіць нашае сумленне. Няхай зробіць нас успрымальнымі найперш да патрэбаў самых блізкіх людзей, якіх трэба накарміць, напаіць, апрануць. Няхай нагадае нам пра самотных і хворых, якіх трэба наведаць, суцешыць, паразмаўляць. Няхай кожная наша праца, якую мы выконваем сумленна, паважна, самааддана, стане служэннем іншаму чалавеку. Нам нельга замыкацца толькі ў сваіх справах, а трэба быць адкрытымі і заўважаць іншых людзей, якім, магчыма, патрэбная дапамога. Будзем жа проста чалавечнымі. Менавіта гэтага чакае ад нас Хрыстус.

 
І нядзеля Адвэнту — 27 лістапада 2005 г.

Чытанні: Іс 63, 16b–17. 19b; 64, 2b–7;
Пс 80 (79); 1 Кар 1, 3–9.

Евангелле (Мк 13, 33–37):

Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць. Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: Чувайце!

Стук у дзверы. Ты трохі разгублены ад нечаканасці, бо ні з кім так рана не дамаўляўся. Са здзіўленнем ты пытаешся: «Хто там?», а ў адказ чуеш: «Госці». Найлепш было б увогуле не адчыняць, але тыя ўжо ведаюць, што ты дома, і ты паволі паварочваеш ключ у замку і адчыняеш дзверы. У гэтую хвіліну тысячы думак праносяцца ў тваёй галаве. Ты ўсведамляеш, што абсалютна не падрыхтаваны. Незасцелены ложак, гармідар у пакоі, пусты халадзільнік, бо ты яшчэ не паспеў схадзіць у краму. Табе няёмка, ты пачынаеш апраўдвацца... А цяпер цалкам іншая сітуацыя. Ты дамовіўся павячэраць з сябрам. З самай раніцы ты радуешся думцы пра гэтую сустрэчу. Ты вырашаеш, у што табе апрануцца, што прыгатаваць. Чым бліжэй сустрэча, тым большае тваё ўзбуджэнне. Яшчэ раз правяраеш, ці ўсё гатовае. Нарэшце, званок у дзверы. Ты бяжыш адчыняць. На парозе стаіць сябра. Ты з радасцю вітаеш яго, і вы разам сядаеце за стол. Евангелле на сённяшні дзень — першую нядзелю Адвэнту — гэта выразны заклік да чування, да прабывання ў нястомнай гатоўнасці, бо Пан прыйдзе, і прыйдзе дакладна. Мы ведаем, што Адвэнт — гэта час радаснага чакання Нараджэння Езуса Хрыста. Мы будзем святкаваць яго 25 снежня, і штогод Касцёл дае нам магчымасць добра падрыхтавацца да гэтай сустрэчы праз малітву і споведзь. Нельга, аднак, забывацца, што ў кожнага з нас ёсць свой асабісты адвэнт. Гэта той час, які мы атрымалі ад Пана Бога для нашага зямнога жыцця. Калісьці яно таксама падыдзе да канца. Хоць мы і не ведаем, калі гэта будзе, але апошні дзень нашага зямнога вандравання аднойчы настане. А таму мы абавязаныя нястомна чуваць. Хтосьці, аднак, можа запярэчыць: «Навошта чуваць, навошта мучыць сябе? Я яшчэ малады, усё жыццё яшчэ перада мною. У мяне яшчэ ёсць час. Цяпер я павінен карыстацца маладосцю, а калі стану старым, тады і буду чуваць». Які ж гэта памылковы падыход! Бо ў сённяшнім Евангеллі Езус выразна гаворыць: «Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай». А гэта значыць, што Пан можа прыйсці да нас у любы момант нашага жыцця. Безумоўна, заўсёды чуваць — няпроста. У гэтым нам могуць перашкаджаць мноства розных рэчаў, падзеяў, а часам і асобаў. Таму неабходныя таксама і пэўныя духоўныя намаганні. Мы ўжо атрымалі праграму нашага адвэнту: атрымалі запаведзі, атрымалі Евангелле, святыя сакрамэнты. Дык пастараемся так імі карыстацца, каб яны дапамагалі нам заўсёды чуваць. Дарагі чытач! Напрыканцы сённяшняга разважання я хацеў бы задаць табе пытанне: «Што ты сказаў бы Хрысту, калі б Ён цяпер вось так нечакана з’явіўся перад табою і запытаўся, ці гатовы ты сустрэцца з Ім?» Ці быў бы ты гэтым заспеты неспадзеўкі, панурыў бы галаву і не ведаў, што адказаць, або змог бы спакойна паглядзець Хрысту ў вочы і з радасцю б адказаў: «Я гатовы, Пане». Што б ты ні адказаў цяпер, старайся пражыць кожны новы дзень свайго жыцця як мага лепш, у поўнай гатоўнасці, бо дзень наступны можа стаць апошнім днём твайго адвэнту і пачаткам вечнасці.

Падрыхтаваў айцец Артур Папроцкі CSMA.