Айцец Касцёла (лац. Pater Ecclesiae) — святы, вучэнне якога легла ў падмурак веравучэння ўсяго Касцёла. Традыцыйна лічыцца, што А. К. з’яўляюцца святыя, якія жылі ў часы хрысціянскай старажытнасці (на Захадзе – да св. Грыгорыя Вялікага, +604 г., на Усходзе – да св. Яна Дамаскіна, +749 г.) і чыё вучэнне ні ў чым не супярэчыць вучэнню Касцёла, зацверджанаму на Саборах. Усіх іншых выдатных настаўнікаў веры называюць «касцёльнымі пісьменнікамі». Сярод А. К. вылучаюць т. зв. доктараў Касцёла. На Захадзе імі былі св. Амброзій, св. Аўгустын, св. Геранім і св. Грыгорый Вялікі, а на Усходзе — св. Атаназій, св. Базыль Вялікі, св. Грыгорый Назіянзскі і св. Ян Хрызастом. Жыццё, дзейнасць і вучэнне А. К. вывучае патрыстыка.

Беатыфікацыя (лац. beatificatio, ад beatus – благаслаўлёны) — абвяшчэнне Касцёлам пэўнага чалавека, які памёр у стане святасці, — Слугі Божага — благаслаўлёным, што дае дазвол на яго публічны культ (ушанаванне) ў лакальным Касцёле, абмежаваным пэўнай мясцовасцю, дыяцэзіяй або манаскай супольнасцю. Гэта адбываецца пасля правядзення беатыфікацыйнага працэсу, падчас якога вывучаецца ўсё, што Слуга Божы публічна сказаў або напісаў, збіраюцца сведчанні пра яго жыццё і цноты. Для прызнання Слугі Божага благаслаўлёным неабходна, каб праз яго пасрэдніцтва адбыўся прынамсі адзін дакументальна пацверджаны цуд. Раней урачыстасць беатыфікацыі праводзіў толькі Папа, цяпер жа яе могуць праводзіць біскупы, але толькі пасля завяршэння беатыфікацыйнага працэсу і са згоды адпаведнай кангрэгацыі Святога Пасаду. Часцей за ўсё пасля Б. адбываецца кананізацыя.

Доктар Касцёла (лац. Doctor Ecclesiae) — тытул, які Касцёл дае некаторым святым, якія былі выдатнымі настаўнікамі веры і хрысціянскімі пісьменнікамі і зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё багаслоўскіх асноваў веравучэння Касцёла. Пры наданіі гэтага тытула найперш улічваецца не аб’ём твораў і складанасць тэалагічных пытанняў, якія закранаюцца ў працах святога, а агульнае хрысціянскае значэнне яго вучэння для ўсяго Касцёла (напр., у 1997 г. Ян Павел ІІ абвясціў Д. К. св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус).

Задушны дзень (з польск.) — распаўсюджаная назва Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых. У гэты дзень Касцёл у Літургіі моліцца за душы ўсіх памерлых вернікаў (адсюль назва) і складае за іх Эўхарыстычную ахвяру, просячы, каб яны, ачысціўшыся ад грахоў, маглі дасягнуць благаслаўлёнага прабывання з Богам. У З. д. адбываюцца спецыяльныя працэсіі на могілках. Пры захаванні іншых умоваў за наведванне могілак на працягу ўсёй актавы З. д. можна атрымаць поўны адпуст для кагосьці з памерлых вернікаў.

Кананізацыя (лац. canonizatio, ад грэцк. kanon – тут: пералік імёнаў святых і благаслаўлёных) — урачыстае абвяшчэнне Папам таго, што беатыфікаваны хрысціянін — благаслаўлёны — можа ва ўсім Касцёле ўшаноўвацца як святы. Словы К. завяршаюцца ўрачыстым патройным спевам «Амэн». Для таго, каб прызнаць пэўнага благаслаўлёнага святым, неабходна пацвярджэнне аднаго цуду, учыненага Богам праз пасрэдніцтва благаслаўлёнага. К. называюць таксама «ўзнясеннем на алтар», што звязана з традыцыяй змяшчаць рэліквіі святых у алтары ці на ім.

Мартыралог (грэцк. martyrologion, ад martyros – мучанік і logos – слова, паданне) — напачатку так называўся пералік імёнаў першых хрысціянскіх святых — мучанікаў, у якім, як у календары, змяшчаліся імя святога, месца яго мучаніцтва і дзень памяці. Былі М. як мясцовых Касцёлаў (напр. «Рымскі каляндар», 354 г.), так і агульнакасцёльныя (М. сярэдзіны V ст., які пачаў складаць св. Геранім). Пазней у М. пачалі дадаваць імёны святых, якія не былі мучанікамі, а прыведзеныя звесткі сталі дапаўняць падрабязнай біяграфіяй святых (М. Бэды Вялебнага, каля 730 г.). Найбольшае распаўсюджанне набыў М., выдадзены ў 1584 г. Папам Грыгорыем XIII. Дапоўнены ў далейшым Бэнэдыктам XIV у 1748г., Піем IX у 1870 г. і Бэнэдыктам XV у 1922 г., ён з’яўляецца афіцыйным М. Касцёла (гл. таксама хагіяграфія).

Мучанік — хрысціянін, які прыняў мучаніцкую смерць за веру ў Хрыста. Тэртуліян сказаў: «Кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў», падкрэсліваючы такім чынам, што Касцёл быў заснаваны на крыві і гераічным прыкладзе веры шматлікіх М. Першым хрысціянскім М. з’яўляецца св. Стэфан, мучаніцтва якога апісана ў Дзеях Апосталаў (Дз 7, 55 – 8, 2). Тамсама гаворыцца і пра першы пераслед Касцёла. Згодна з традыцыяй, усе апосталы, акрамя св. Яна, былі М. З першых стагоддзяў Касцёл атачаў М. вялікай пашанай і лічыў іх святымі. Першыя хрысціяне называлі М. не толькі тых, хто прыняў мучаніцкую смерць, але і тых, хто быў скалечаны за веру і не адступіў ад Хрыста.

Рэліквіі (ад лац. reliquiae – тое, што засталося; парэшткі) — прадметы, якія непасрэдна звязаныя з зямным жыццём Езуса Хрыста (рэліквіі св. Крыжа), Маці Божай (т. зв. «Дамок Марыі» ў Ларэта) або святых, у тым ліку іх парэшткі. Р. звычайна захоўваюцца ў рэлікварыях — спецыяльных сховішчах, зробленых у форме аздобленага куфэрка ці манстранцыі — або, калі гаворка ідзе пра цела святога, у труне з празрыстым векам. Існуе традыцыя змяшчаць Р. пад менсаю (стальніцаю) алтароў. Каб пазбегнуць любых спекуляцый (якія часам здараліся ў Сярэднявеччы), да кожнай Р. прыкладаецца дакумент, які пацвярджае яе сапраўднасць.

Святы 1. Хрысціянін, які, жывучы згодна з воляй Божай, дасягнуў збаўлення і пасля смерці прабывае з Богам у небе. С. можа лічыцца толькі той, хто быў афіцыйна кананізаваны (гл. Кананізацыя), або каго Касцёл традыцыйна ўшаноўвае як святога (напр., св. Рох). Касцёл на зямлі прабывае ў няспыннай еднасці з супольнасцю святых у небе, атрымліваючы Божую дапамогу праз іх братняе заступніцтва. 2. У Новым Запавеце С. называецца кожны, хто прыняў хрост і вызнае веру ў Езуса Хрыста. Пад словамі «еднасць святых» у Сімвале веры належыць разумець адзінства ўсіх вернікаў: тых, хто яшчэ пілігрымуе на зямлі, тых, хто адышоў з гэтага свету і праходзіць ачышчэнне ў чыстцы, а таксама тых, хто прабывае ў нябеснай хвале. Гэтае адзінства найбольш поўна выяўляецца ў сакрамэнце Эўхарыстыі — святой Камуніі.

Слуга Божы — так у касцёльнай традыцыі называюць людзей, якія памерлі ў стане святасці і ў адносінах да якіх распачаўся працэс беатыфікацыі. У больш шырокім значэнні так часта называюць біскупаў і святароў, каб падкрэсліць іх асаблівае служэнне ў народзе Божым.

Усіх святых, урачыстасць — згодна з Агульным Рымскім Календаром, адзначаецца 1 лістапада. У гэты дзень Касцёл ва ўрачыстай Літургіі ўшаноўвае ўсіх памерлых вернікаў, вядомых і невядомых, якія прабываюць з Богам як святыя ў нябеснай хвале.

Хагіяграфія, агіяграфія (ад грэцк. hagios – святы і grapho – пішу) — від касцёльнай літаратуры, у якой падаюцца жыццяпісы святых, а таксама дысцыпліна, якая іх вывучае. Першыя жыццяпісы святых пачалі з’яўляцца ў Рымскай імперыі і былі прысвечаны першым мучанікам Касцёла (гл. Мартыралог). З Х ст. яны становяцца вядомымі таксама ва Усходняй Царкве, у Візантыі.