Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Асвечаная вада

Нечым поўным таямніцы з’яўляецца вада. Чыстая і простая — «цнатлівая» — так назваў яе святы Францішак. Абсалютна без прэтэнзій, як бы сама па сабе яна нічога не хоча значыць. Самааддана нейтральная; яна толькі для таго тут, каб служыць іншаму, рабіць чыстым і падмацоўваць. Але ці бачыў ты калі-небудзь, як яна спакойна стаіць у вялікай глыбіні і прыцягвае цябе туды, цалкам агортваючы тваю чуллівую душу? Ці адчуваў ты тады, якой таямнічай была тая глыбіня? Як табе здавалася, нібы там унізе яна поўная ўсялякіх цудаў, больш прыцягальная, больш жудасная. Або ці прыслухоўваўся ты калі-небудзь, як яна з шумам імчыць у патоку, безупынна некуды імкнецца і ракоча, імкнецца і ракоча? Або круціць віры, бурліць і клякоча, уцягвае ў сябе ўсё? Тады такая меланхалічная моц можа ўздымацца з яе, што сэрца чалавечае гатова вырвацца...

Нечым поўным таямніцы з’яўляецца вада. Простая, ясная, самаадданая; гатовая адмываць дачыста тое, што забруджанае, падмацоўваць тое, што пакутуе ад прагі. І ў той жа час неспасціжная, неспакойная, поўная загадак і моцы; спакушае і вабіць да пагібелі. Сапраўды, існуе пэўнае падабенства яе і той таямнічай першапрычыны, з якой струменіцца жыццё і з якой кліча смерць; падабенства яе і самаго жыцця, якое здаецца такім ясным, а бывае такім незразумелым, поўным загадак.

Таму мы добра разумеем, чаму Касцёл паслугоўваецца вадою як падабенствам Боскага жыцця, Божай ласкі.

З хросту мы выйшлі некалі новымі людзьмі, «адроджанымі з вады і Духа Святога», бо памёр, згінуў у ім стары чалавек.

«Святою», асвечанаю вадою мы акрапляем сябе, здзяйсняючы знак крыжа, — лоб і грудзі, плячо і другое плячо. Акрапляем сябе гэтым «першаэлементам» — тым, што поўнае загадак, яснае, простае і жыватворнае, што з’яўляецца сімвалам і сродкам звышнатуральнага элемента жыцця — ласкі Божай.

Асвячаючы ваду, Касцёл робіць яе чыстаю. Чыстаю ад цёмных сілаў, якія ў ёй тояцца. Гэта не пустыя словы! Хто мае чуллівую душу, той ужо адчуў гэтыя чары стыхіі, якія могуць паўставаць з вады. І гэта толькі сілы прыроды? Нічога цёмнага, звышнатуральнага? У прыродзе, ва ўсім яе багацці і прыгажосці ёсць таксама і злое, дэманічнае. Гарадская культура, прытупляючы душу, прывяла да таго, што чалавек часта ўжо не мае ніякага паняцця пра гэта. Але Касцёл ведае і «ачышчае» ваду ад усяго, што супраць Бога, і «асвячае» яе, просячы Бога, каб Ён учыніў яе сродкам сваёй ласкі.

Калі хрысціянін уваходзіць у дом Божы, то акрапляе лоб, грудзі і плечы — гэта значыць, усю сваю істоту — вадой, якая сама чыстая і ачышчае. Робіць гэта, каб яго душа стала свабоднай ад бруду грахоў. Хіба ж гэта не цудоўна? У гэтым звычаі ў знаку крыжа сустракаюцца ачышчаная ад граху прырода і Божая ласка з чалавекам, які прагне чысціні.

Або вечарам. «Ноч — не сябра чалавеку» — гаворыцца ў прымаўцы. І ў гэтым ёсць нешта ад праўды. Мы створаны для святла. Як толькі чалавек аддае сябе ва ўладу сну, цемры, калі ў ім згасае святло дня і святло свядомасці, тады пазначае ён сябе знакам крыжа і святою вадою — сімвалам вызваленай, ачышчанай ад зла прыроды: няхай бароніць мяне Бог ад усяго, што цёмнае! А калі раніцай ён зноў выходзіць з валадарства сну, з цемры і несвядомасці, і нанава пачынае сваё жыццё, ён зноў робіць гэта — як ціхі напамін пра тую святую ваду, з якой у хросце ён выйшаў да Хрыстовага святла. Цудоўны таксама і гэты звычай. У ім збаўленая душа і збаўленая прырода сустракаюцца ў знаку крыжа.

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.