Ордэн Сясцёр Міласэрнасці святога Вінцэнтага дэ Поль, да якога належыць сястра Барбара, якая служыць Богу ў Шуміліне, на Віцебшчыне, з’яўляецца адным з найцяжэйшых жаночых ордэнаў, што ствараўся ягоным заснавальнікам для дапамогі бедным, хворым, адзінокім. Такіх людзей было тады шмат у XVII стагоддзі, хапае іх і цяпер, у тым жа Шуміліне. Пастаянна, з дня на дзень дапамагаць ім – гэта значыць часта выконваць цяжкую, нярэдка малапрыемную, а то і няўдзячную працу. Тры гады таму я запытала ў сястры Барбары, дзе яна бярэ сілы для такой няпростай службы. Яе адказ быў надзвычай просты:«Дзве гадзіны адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту здольны даць такія сілы, у гэты ж час найчасцей вырашаюцца і самыя складаныя праблемы».

Завяршаецца Год Эўхарыстыі. У многіх парафіях у гэтым годзе былі арганізаваны адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Часта, ідучы на такую адарацыю, я прыгадвала словы сястры Барбары і вырашыла пагутарыць з ёю на гэтую тэму больш падрабязна.

 
– Сястра Барбара, у канстытуцыі вашага ордэна запісаны абавязак адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту альбо гэта больш патрэба душы?

– У канстытуцыі такога запісу няма, а патрэба часта быць сам-насам з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце прыйшла да мяне паступова. Я зразумела, што калі прыходжу да маіх хворых, самотных, абяздоленых, то павінна сама быць напоўнена Богам, таму што, дапамагаючы людзям, мы найперш нясем ім Бога. Інакш сэнс нашай службы быў бы моцна збеднены. Сустрэчаў з людзьмі ў маіх падапечных часта хапае, ім бракуе сустрэчы з Богам. І калі я чую ад нашых хворых і адзінокіх, што ім пасля сустрэчаў з сёстрамі міласэрнасці спакойна, добра на душы, што знікаюць злосць і крыўда на свой лёс і яны чакаюць новых сустрэчаў з намі, то я проста пераканана: так адбываецца таму, што мы нясем гэтым лю- дзям Божую любоў. І калі мы чуем ад іх словы падзякі, то разумеем таксама, што праз нас гэтыя людзі, несучы свой цяжкі крыж, дзякуюць Богу за Яго любоў да іх. Часам яны проста так і кажуць: «Сустрэўшыся з вамі, я сустрэў Бога». Таму на нас ляжыць вялікая адказнасць, каб той вобраз Бога, які мы нясем людзям, не быў скажоны.

– А ўдзел у святой Імшы, прыняцце святой Камуніі, малітвы, на якія такое багатае манаскае жыццё, таксама ж напаўняюць Вас Богам...

– Безумоўна, усё гэта вельмі і вельмі важна. Больш за тое, неабходна для паўнакроўнага не толькі манаскага, але і проста хрысціянскага жыцця. На Літургіі мы ўсе разам праслаўляем Пана Бога і адчуваем нашу еднасць з паўсюдным Касцёлам, з нашым ордэнам. Праслаўленне Бога словамі Святога Пісання прыносіць вялікую радасць, бо мы робім гэта так, як Ён сам таго жадае. І гэта цудоўна! Адарацыя ж дапамагае чалавеку акунуцца ў Божую любоў, наладзіць найбольш тонкую, найбольш далікатную сувязь з Богам.

– Вось часам людзі прызнаюцца, што ім якраз і не ўдаецца гэтага дасягнуць.

– Ведаеце, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту павінна быць працяглай па часе. Мы ўсе так перапоўнены нашым штодзённым клопатам, мноствам справаў, што каб суцішыць сваю душу, патрэбны пэўны час. Са свайго асабістага досведу я ведаю, што мне абавязкова патрэбна хвілінаў 15, каб унутрана суцішыцца, а часам для гэтага спатрэбіцца і паўгадзіны, іншы раз – гадзіна...

– Нягледзячы на тое, што Вы адаруеце Езуса ў поўнай цішы, у маўчанні...

– Так. Дарэчы, мая асабістая адарацыя – гэта заўсёды маўчанне. Вось калі сустрэнуцца два чалавекі, якія моцна любяць адзін аднаго, то часта ім зусім не хочацца ў такія хвіліны размаўляць, яны проста шчаслівыя быць разам. Адарацыя – гэта найперш шчасце быць з Езусам. А Ён лепш за нас ведае нашыя праблемы, тое, што нам менш удаецца, ведае ўсе нашы слабасці.

– Часта даводзіцца назіраць, як людзям у часе адарацыі карціць гаварыць: то малітоўнікі чытаюць-перачытваюць, то пацерынкі ружанца перабіраюць...

– Магчыма, людзі думаюць, што самі яны нядобра скажуць штосьці Езусу, і таму часам хапаюцца за малітоўнікі ды ружанец. Людзі часта проста не ведаюць, на чым заснавана малітва. Але ёсць і іншая прычына: бывае, што чалавек баіцца цішыні, бо ў абсалютнай цішы перад Богам ён пачынае ўсведамляць сваю мізэрнасць. А між тым кожны чалавек зазвычай хоча штосьці значыць. Ды толькі калі ён усё ж адважыцца быць прад Панам Богам у поўнай цішы працяглы час і не спужаецца, а з пакораю прыме праўду пра сваю слабасць, грахоўнасць, мізэрнасць, калі ён не спалохаецца гэтага ўсведамлення і не стане «адгаворвацца» шматлікімі малітвамі, то Пан Бог абавязкова ўзнагародзіць яго вялікай радасцю. Таму не трэба баяцца цішыні.

Цуд усведамлення ашаламляльнай блізкасці Бога можа адбыцца ў душы самага простага і самага мудрага чалавека. І тады чалавек будзе ўжо сумаваць па гэткай цішыні, будзе шукаць яе. У нашай парафіі адна жанчына, якая ўвогуле не так даўно пачала прыходзіць у касцёл, няшмат яшчэ ведае, часам прыходзіць на адарацыю ў поўнай цішыні. Дык вось яна прызнавалася, што не разумее, не можа вытлумачыць, што з ёю адбываецца, але яна выходзіць з касцёла пасля адарацыі вельмі шчаслівая, і гэтага шчасця ёй хапае на тыдзень. Бог даў ёй ласку адчуць Ягоную блізкасць. Важна толькі не забывацца на гэтае адчуванне і паўтараць такія сустрэчы з Богам, не баяцца рабіць крокі насустрач Яму, не баяцца адкрываць праўду пра сябе.

Пан Бог прагне ўстанавіць з намі асабісты кантакт. У часе такой сустрэчы можа здарыцца, што мы адкрыем зусім непрывабную праўду пра сябе, і таму часта бывае, што менавіта ў часе адарацыі людзі ідуць да споведзі. Хіба гэта не прыгожы плён?

– Неяк адна жанчына прызнавалася мне, як цяжка ёй бывае на адарацыі суцішыць сваю душу, бо праблемы дня ніяк не пакідаюць яе. Як Вы самі навучыліся адкідваць усе праблемы?

– Кожны чалавек нясе на сабе нялёгкі багаж праблем і не так лёгка ўдаецца яго атрэсці. Са мною таксама бывае, што я адарую Езуса і гадзіну, і другую, а такое адчуванне, што ўсё марна – сустрэча не адбылася. Так бывае. Але важна тады не падаць духам і не адступацца. Як бывае ў спорце? Хто рэгулярна ды настойліва трэніруецца, той і на добры вынік можа разлічваць. Так і ў духоўным жыцці: калі чалавек не адступіцца, але будзе пастаянна шукаць сувязі з Богам, то з часам ён адчуе смак малітвы і малітвы глыбокай, а не простага, механічнага чытання старонак няхай сабе і самых пабожных кніг. Але бывае і так, што проста не хочацца маліцца. Гэта ўжо справа ўплыву д’ябла, якому ніколі не падабаецца, калі чалавек наладжвае цесную сувязь з Богам. У такім разе трэба сябе перасіліць і не паддавацца на спакусы заняцца нечым іншым, нібыта больш патрэбным і важным.

– А Вам, калі не сакрэт, часта даводзіцца перамагаць сябе?

– Цяпер не часта, а раней гэта здаралася часцей. Проста з часам прыйшла радасць ад сустрэчы з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, а хто ж будзе добраахвотна адмаўляцца ад радасці? Але і са мною гэта адбылося не адразу, ды вось гадоў сем ужо, як ува мне існуе вялікая патрэба адарацыі. Вы можаце спытаць, што мне гэта дае? Самае галоўнае: вырасла і ўмацавалася мая вера. Нават і тады, калі на адарацыі я магу не адчуць радасці, шчасця, спакою, усё адно не змяншаецца мая вера ў тое, што я знаходжуся на асабістай сустрэчы з Езусам.

– Сястра Барбара, мы дагэтуль больш гаварылі пра Вашу асабістую адарацыю, а цяпер, калі ласка, раскажыце пра адарацыю ў вашай парафіі.

– Недзе прыкладна год таму наш пробашч айцец Пётр Бялевіч, які належыць да ордэна айцоў місіянераў аблатаў, аб’явіў, што кожную нядзелю можна ўвечары прыйсці на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Нядзельная Імша ў Шуміліне адпраўляецца раніцай, а адарацыя была прызначана на вечар. Дарэчы, пробашч адразу папярэдзіў, што адарацыя будзе праходзіць у поўнай цішы.

– І людзей гэта не спалохала, не адштурхнула? Яны не палічылі, што калі цішыня, то нічога ўвогуле не адбываецца?

– Не, іх гэта зусім не адштурхнула, наадварот, многія, а асабліва тыя, хто рэгулярна наведвае катэхізацыйныя заняткі і больш ведае пра розныя духоўныя практыкі, узрадаваліся, што ў іх цяпер будзе магчымасць устанавіць найбольш цесны кантакт з Езусам. Яны ахвотна прыходзяць на адарацыю – нашу агульную малітву ў поўнай цішыні. Прайшло некалькі месяцаў, і пробашч аб’явіў, што будзе ўжо не адна, а дзве гадзіны адарацыі. І вельмі добра, бо многія казалі, што адной гадзіны недастаткова. У кожную першую нядзелю месяца мы на аснове Святога Пісання молімся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам за вызваленне людзей ад алкагольнай залежнасці. Гэта таксама прынята нашымі парафіянамі з разуменнем і ўдзячнасцю.

– А пасля таго як скончыцца Год Эўхарыстыі, у парафіі будуць працягвацца адарацыі?

– Напэўна. Парафіяне маюць такую патрэбу, дык хіба ж можна адбіраць у іх магчымасць быць бліжэй да Езуса? Ды я ўжо, прызнацца, нават не магу сабе ўявіць, што адарацый не будзе. Людзі напаўняюць сваё жыццё высокім і прыгожым сэнсам у многім дзякуючы і свайму прабыванню на каленях перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

– Дарэчы, скажыце колькі словаў менавіта пра «прабыванне на каленях». Як Вы лічыце, адарацыя заўсёды павінна адбывацца толькі на каленях?

– Ну, калі чалавек хворы і яму гэта цяжка, то, зразумела, можна замяніць гэтую паставу на нейкую іншую, больш зручную. Але калі няма праблемаў са здароўем, то я лічу, што лепшай паставы для адарацыі не існуе. Святы Айцец Ян Павел ІІ пісаў на пачатку Года Эўхарыстыі: «Давайце ўкленчым і будзем падоўгу стаяць перад Езусам, які прысутнічае ў Эўхарыстыі, кампенсуючы нашай верай і нашай любоўю тыя нядбайнасці, забыццё і нават цяжкія знявагі, якім падвяргаецца наш Збаўца ў многіх частках свету». Дарэчы, Святы Айцец не проста заклікаў іншых да такой глыбокай адарацыі Езуса Хрыста, але найперш ён сам падоўгу адараваў Яго. Нават калі ўжо быў цяжка хворы, але яшчэ меў хоць крыху сілы, ён быў перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце на каленях.

Многія моцныя гэтага свету не лічылі для сябе прыніжэннем, але, надварот, лічылі вялікім гонарам стаяць перад Богам на каленях. Напрыклад, цар Саламон са Старога Запавету пасля таго, як пабудаваў святыню для Бога, вельмі доўга маліўся на каленях. Зразумела, што стаць перад іншым чалавекам на калені для нас магло б быць і прыніжэннем, але калі кагосьці вельмі моцна любіш альбо калі штосьці вельмі трэба, то мы гатовыя нават і гэта зрабіць. Альбо калі просім у іншага чалавека прабачэння за нейкія свае правіны. А перад Богам? Наша прабыванне перад Ім на каленях – гэта жэст і праслаўлення, і хвалы, і мальбы. Прабыванне перад Богам нясе чалавеку радасць пакоры, веры і... годнасці. Бог ніколі не прыніжае чалавека, але мы, становячыся перад Ім на калені, тым самым вызнаем, што Ён з’яўляецца для нас усім. Прыгадаем таксама, што сам Езус у Садзе Аліўным таксама маліўся на каленях. Магчыма, гэтая пастава дапамагла Яму прыняць Божую волю, такую цяжкую, якой Ён моцна баяўся.

– На жаль, часам людзі без належнай пашаны кленчаць перад табэрнакулюмам, калі заходзяць у касцёл альбо калі пераходзяць з адной паловы касцёла на другую. Часам гэты жэст больш падобны на рэверанс, чым на кленчанне. Што Вы скажаце на гэта?

– А гэта зноў жа гаворка пра веру, а не проста пра нейкі там знешні нязначны знак. Бо калі я ведаю, Хто знаходзіцца ў табэрнакулюме, перад Кім я кленчу, то я ні ў якім разе не стану адмахвацца нейкім незразумелым жэстам, а прывітаю Яго з пашанай, верай і любоўю. Калі ж чалавек па нейкай прычыне не можа ўкленчыць, то ён павінен зрабіць глыбокі паклон ушанавання. Вельмі гэта важна для хрысціяніна – заўсёды і ўсюды памятаць пра Божую прысутнасць, а ўжо ў касцёле, перад табэрнакулюмам, у якім знаходзіцца Цела Хрыста, дык гэта, здаецца, настолькі павінна быць зразумела, што і нагадваць пра гэта няёмка. Ды ўсё ж часам не шкодзіць і нагадаць: памятай пра Божую прысутнасць!

– Сястра Барбара, чытачы часопіса «Ave Maria» прачытаюць нашу з Вамі гутарку ўжо ў Адвэнце. Што Вы пажадаеце ім напярэдадні святаў Божага Нараджэння?

– Адвэнт – гэта чаканне. Мы ў сваім жыцці ўвесь час чагосьці чакаем. Здараецца, нашы спадзяванні спраўджваюцца, часам – не, але мы не перастаем спадзявацца на лепшае. І гэта правільна. Нельга, каб чалавек жыў без надзеі. Але... чаго мы чакаем?

Езус Хрыстус прыйшоў у гэты свет 2000 гадоў таму, але для кожнага чалавека Ён прыходзіць асабіста ў той дзень, калі чалавек нараджаецца. І вельмі важна, каб чалавек даражыў сваёй асабістай сустрэчай з Ім. Святы Божага Нараджэння – вельмі добрая нагода для таго, каб як мага больш наблізіцца да Езуса.

– Адам Міцкевіч казаў: «Добра, калі ты ведаеш, што Езус нарадзіўся ў Бэтлееме, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы».

– Сапраўды так. Цудоўна, калі мы молімся пры Езусавых ясельках, але няхай святы Божага Нараджэння не стануць для нас толькі замілаваннем, толькі прыемным святочным клопатам. Няхай наш позірк кіруецца ад стаенкі да табэрнакулюма. Жадаю, каб кожны змог асабіста сустрэцца з Езусам, бо менавіта гэтая сустрэча здольная прынесці чалавеку найвышэйшае шчасце.

Гутарыла Ірына Жарнасек