Пяць гадоў таму пагодным сонечным днём залатой восені мы з ксяндзом Вячаславам Барком ды з ксяндзом Вячаславам Пялінкам пілі гарбату ў пані Адальфіны Машніч у Расонах. Даўно тое, мабыць, забылася б, калі б не адна акалічнасць: у той дзень мы ўпершыню бачыліся, а яна, зусім не зважаючы на гэта і нават яшчэ не ведаючы, хто мы такія, запрасіла ў хату, прапанавала гарбату – словам, прыняла як сваіх і як даўно знаёмых. А прыехалі мы тады ў Расоны, бо хацелі зразумець, ці ёсць там хоць трохі католікаў і ці мае сэнс ствараць там парафію. Ці трэба казаць, як узрадавалася пані Адальфіна, калі пачула, што прыехаў да яе не хто іншы, але ксёндз, які, магчыма, будзе служыць у іхніх Расонах. Для яе, якая доўгі час па нядзелях і ў святы ездзіла ў полацкі касцёл, гэта было сапраўдным падарункам лёсу. У той дзень мы пазнаёміліся і яшчэ з некалькімі расонскімі католікамі. Так што можна сказаць, у той дзень і пачала стварацца парафія ў Расонах.

Гэтыя падзеі пяцігадовай даўніны прыгадаліся мне 13 лістапада, у дзень асвячэння вуглавога каменя касцёла святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Ужо закладзены падмурак будучай святыні, пачалі ўзводзіцца сцены, а галоўнае, што за гэты час у Расонах паўстаў жывы касцёл, які складаецца з найкаштоўнейшых камянёў – людскіх сэрцаў, што прагнуць Бога. Ёсць сярод іх людзі старэйшага веку, ёсць моладзь, ёсць дзеці. Словам, у Расонах за гэтыя пяць гадоў паўстала паўнакроўная каталіцкая супольнасць – парафія святога Язафата Кунцэвіча.

Сімвалічна, што камень, прывезены з рэшткаў колішняга касцёла святога Юзафа ў вёсцы Гарбачэва, што на Расоншчыне, які быў зруйнаваны за гады савецкай улады, стаў вуглавым каменем будучага касцёла ў Расонах. Асвячаючы яго, біскуп Уладзіслаў Блін маліўся за тое, каб ужо ніколі больш на нашай зямлі не руйнаваліся Божыя святыні і каб людзі ўжо ніколі больш не разрывалі сваю сувязь з Богам.

Прыгожая гэта была ўрачыстасць пад адкрытым пахмурным лістападаўскім небам. Ці ўсведамлялі расонскія дзеці, якія ўдзельнічалі ў святой Імшы, што яны сталі сведкамі гістарычнай, адметнай падзеі, пра якую ў будучыні абавязкова напішуць у нейкай кнізе, прысвечанай гісторыі Расонаў? Ды і не так гэта важна, каб дзеці думалі над такімі сур’ёзнымі пытаннямі. Гэта – справа дарослых. А дзецям так лёгка і хораша спявалася ў той дзень пра дзяцінства Езуса, пра тое, што Бог любіць усіх людзей і што іхнія сэрцы таксама палаюць любоўю да Яго! На канцэрце пасля Імшы лёгка спявалася, дарэчы, і хору з Мёраў, і моладзі з Расонаў, Полацка ды Наваполацка. На супольным абедзе парафіяне прыгадвалі розныя цікавыя гісторыі, якія ім давялося перажыць за гэты час, жартавалі і, вядома, марылі пра тое, як некалі зазвоняць званы касцёла святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Зазвоняць і паклічуць іх усіх на святую Імшу.

Была на гэтым свяце і самая першая расонская парафіянка – пані Адальфіна, якая пяць гадоў таму гасцінна напаіла нас, незнаёмых ёй тады людзей, смачнай духмянай гарбатай. Прыгожы гэта быў учынак, хрысціянскі. З яго, як гэта ні дзіўна гучыць, і пачалася гісторыя парафіі святога Язафата Кунцэвіча. Няхай жа Пан Бог бласлаўляе гэтай дружнай супольнасці, яе пробашчу Вячаславу Барку, і дае ўсім такія патрэбныя сілы для жыцця ў трывалым сяброўстве з Ім!

Ірына Жарнасек
Фота аўтара.