Гэтая сустрэча моладзі полацкага дэканата была прысвечана тэме памяці і самасвядомасці чалавека, і адбылася яна на Глыбоччыне. «Памяць і самасвядомасць». Менавіта так называецца апошняя кніга Святога Айца Яна Паўла ІІ. У імя чаго яна патрэбна чалавеку, гістарычная памяць? Ці толькі дзеля самой гісторыі? Альбо ўсё ж і дзеля заўтрашняга дня таксама? Якая небяспека падсцерагае тых, хто лёгка, бяздумна ставіцца да таго, як і чым жылі нашы продкі, як яны паміралі, а калі не сваёй смерцю, то што было таму прычынаю? У імя чаго паміралі многія і многія нашы суайчыннікі? І што гэта такое, мучаніцтва за веру? Толькі трагедыя тых людзей, чыя пралівалася кроў, альбо ўсё ж штосьці такое, што тычыцца таксама і нас, іхніх нашчадкаў?

Вязень беразвецкай турмы благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч пісаў родным за некалькі гадзінаў да сваёй мучаніцкай смерці: «У гэтую ноч я і мае сабраты з Іказьні ідзем на смерць. Іду спакойна і маю ў Богу надзею, што маё цярпенне і мая кроў выслужаць мне збаўленне. Відавочна, такая Божая воля, бо я мог уцячы з Дрысы, адсюль таксама, але я баяўся, што тады не будзе выканана Божая воля і каб потым... не мець папрокаў сумлення... Не плачце па мне, але радуйцеся, бо ваш сын і брат здаў экзамен». У тую ж ноч благаслаўлёны Станіслаў Пыртак напісаў на старонках свайго брэвіярыя: «Усяго некалькі гадзінаў аддзяляюць мяне ад нічым не заслужанай смерці. Мой святарскі абавязак – прынесці і гэтую ахвяру за Хрыста. Я загіну за навучанне рэлігіі». А благаслаўлёны Уладзіслаў Мацьковяк у тую ж ноч напісаў арцыбіскупу Рамуальду Ялбжыкоўскаму: «Радуюся, што Бог выбраў мяне, а перад усім, што дае ласкі і сілы, бо ўсе мы трое спакойныя...».

Яны былі вязнямі беразвецкай турмы ў гады мінулай вайны, і ўсе трое былі расстраляныя 4 сакавіка 1942 года ў сасновым бары блізу Беразвечча. Над сваёю агульнай магілай гэтыя мучанікі за Хрыста і Касцёл усклікнулі:«Няхай жыве Хрыстус Валадар!», сцвердзіўшы тым самым, што прызнаюць адзінага Валадара ў гэтым свеце і толькі Яму даручаюць сваю вечнасць. Яму яны служылі, за Яго ж і Ягоны Касцёл прынеслі ў ахвяру свае жыцці...

Сасновы бор каля Глыбокага – суцэльная магіла, у якой знайшлі свой апошні спачын вязні беразвецкай турмы. Жудасная гісторыя гэтай турмы пачалася ў 1939 годзе, пасля ўз’яднання Беларусі. Адна з плошчаў у Глыбокім у гонар гэтай падзеі носіць назву «17 верасня». Неўзабаве пасля гэтай даты ў мурах былога базыльянскага кляштара і пачала сваю жудасную працу беразвецкая турма. Яе першымі вязнямі сталі людзі з Заходняй Беларусі, якіх новая ўлада падазравала ў нелаяльнасці да яе. У чэрвені 1941 года гэтая падазронасць вылілася ў дзікае злачынства. 24 чэрвеня нямоглыя і хворыя вязні былі расстраляны ў беразвецкім лагеры, а ўсіх астатніх вязняў ахова выстраіла ў вялізную калону і пагнала на ўсход, у напрамку Віцебска. Нядоўгім, усяго толькі два дні, быў шлях тых людзей. Каля мястэчка Ула ахова, спужаўшыся наступлення нямецкіх войск, расстраляла ўсю калону. Сярод ахвяраў таго дзікунскага злачынства былі і каталіцкія святары.

Улада ў Глыбокім на час вайны змянілася, адпаведна змяніўся і статус беразвецкай турмы. Цяпер тут ужо фашысты ўтрымлівалі савецкіх ваеннапалонных і ўсіх, хто выклікаў у іх падазрэнне. Сярод гэтых апошніх былі таксама і ксяндзы, трое з іх – Мечыслаў Багаткевіч, Уладзіслаў Мацьковяк і Станіслаў Пыртак – напісалі тыя лісты за некалькі гадзінаў да сваёй мучаніцкай смерці. У 1999 годзе яны былі ўзнесеныя Святым Айцом Янам Паўлам ІІ да хвалы алтара.

Расстрэлы, расстрэлы, расстрэлы... Тут, у сасновым бары блізу Глыбокага, адбывалася гэтае злачынства, тут ракою лілася нявінная кроў. Агромністая воінская магіла змясціла ажно 27 тысячаў салдат, далей – магіла вязняў гета, ахвяраў Халакосту, магіла святароў, безыменныя магілы, над якімі жывымі помнікамі шэпчуць свае журботныя памінальныя малітвы меднастволыя сосны...

У той дзень, 7 лістапада, да гэтага ціхага пошуму далучылася таксама малітва хлопцаў і дзяўчат з Полацка і Наваполацка, з Ветрына, Фарынава і Расонаў, якія прыехалі ў Глыбокае, каб наведаць магілы тых ахвяраў, дакрануцца да трагічных старонак гісторыі нашай зямлі і Каталіцкага Касцёла.

Імша ў удзелаўскім касцёле Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую адправілі святары Віктар Місевіч і Вячаслаў Барок, была прысвечаная святой памяці нявінных ахвяраў нашай Бацькаўшчыны. І казанне ксяндза Вячаслава таксама было прысвечана гістарычнай памяці чалавека і ўсведамленню ягонай прыналежнасці да ўсяго, што адбывалася на нашай зямлі, адказнасці за тое, што на ёй адбываецца цяпер, а таксама за яе будучыню. Вельмі важна, каб паміж гэтымі паняццямі чалавек бачыў жывую ўзаемасувязь, бо менавіта тады ягонае месца ў гэтым свеце і ў вечнасці напаўняецца вялікім сэнсам.

Ірэна Студзеньская.
Фота Яўгеніі Бальшаковай.