Было гэта ў 1223 годзе. У часе адной са сваіх місійных вандровак святы Францішак з Асізі прыйшоў у мястэчка Грэсіё на свята Божага Нараджэння. Тут, у невялічкай стайні аднаго гаспадара, дзе гадаваліся вол ды вослік, святы Францішак, ягоныя браты францішкане ды сям’я гаспадара і сустрэлі свята Божага Нараджэння. У той сям’і быў хлопчык немаўлятка, якога святы Францішак паклаў у яслі з сенам. Уся гэтая атмасфера была настолькі натуральнай і так нагадвала вядомую падзею ў Бэтлееме, што ўдзельнікі тае незвычайнае дзеі моцна ўзрушыліся, а калі святы Францішак чытаў тэкст з Евангелля пра нараджэнне Пана Езуса, то і ён, і слухачы не маглі стрымаць слёз. Потым ён сказаў прыгожае казанне пра таямніцу Божага Нараджэння, а на заканчэнне ўсе разам праспявалі касцёльны гімн. Так прайшла першая ў гісторыі Каталіцкага Касцёла імправізаваная інсцэніроўка падзей Божага Нараджэння. Напэўна ж, ніхто з удзельнікаў не мог прадбачыць, што яны далі пачатак прыгожай касцёльнай традыцыі. Але так сталася, і цяпер мы ўжо нават не можам сабе ўявіць святаў Божага Нараджэння без мілай стаенкі, яселькаў, у якіх соладка спіць Немаўлятка, без самых розных інсцэніровак, у якіх удзельнічаюць і дзеці, і дарослыя. Гэтая прыгожая традыцыя дайшла да нас ажно з ХІІІ стагоддзя ў многім дзякуючы братам францішканам, якія пашырылі ідэі і справы заснавальніка свайго ордэна на ўвесь свет. Моцна дбаў пра гэта, напрыклад, святы Максімільян Кольбэ. Таму і цяпер у заснаваным ім польскім Непакалянаве можна заўсёды набыць прыгожыя фігуры для калядных стаенак. Тэхнічны ж прагрэс, у сваю чаргу, таксама прычыніўся да гэтай справы, і ў выніку з’явіліся механічныя рухомыя батлейкі, якія распавядаюць гледачам цікавыя гісторыі з жыцця Каталіцкага Касцёла. Радасць жа маленькіх гледачоў пры тых дзівосах немагчыма ні з чым параўнаць.

Зрэшты, убачыць такую батлейку можна і ў Беларусі: айцы францішкане ўстанавілі рухомую стаенку ў вёсцы Удзела, што на Глыбоччыне, дзе знаходзіцца адзін са старэйшых беларускіх кляштараў францішканаў. І цяпер тут у любы дзень можна прыйсці ў невялікі будынак ды сузіраць падзеі, якія адбыліся 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, а таксама 11 лютага 1858 года ў Люрдзе. Удзелаўская батлейка так і называецца:«Люрд і Бэтлеем».

Гледачы гэтага дзівоснага відовішча становяцца не толькі назіральнікамі тых падзей, але і ўдзельнікамі. Ды і як жа ты не станеш непасрэдным удзельнікам, калі з беларускага Мінска цягнік у батлейцы прыбывае проста ў Люрд і клапатлівы голас папярэджвае:« Станцыя Люрд. Асцярожна: дзверы адчыняюцца». А праз некалькі хвілінаў ты пачуеш голас самога Яна Паўла ІІ, які сардэчна вітае ганаровых удзельнікаў таго набажэнства, сярод якіх ёсць і наш кардынал Казімір Свёнтэк. Потым ты слухаеш кароткае казанне Святога Айца і цябе зноў не пакідае адчуванне, што ён звяртаецца непасрэдна да цябе. А таму, калі ён удзяляе вернікам благаслаўленне, ты таксама жагнаешся. Не зможаш ты быць проста пабочным слухачом і тады, калі мілая Мадзя Бучак – дзяўчынка з трагічным лёсам, якой давялося несці цяжкі крыж цярпенняў і болю, – пачынае жыццярадасна маліцца на ружанцы...

У гэтай батлейцы ўсё прыгожа і незвычайна: і званы, што б’юць на касцёльнай вежы, і людская працэсія вакол таго касцёла, і сапраўдны фантан, і вялікі папугай, што вартуе ахвяраванні на ўтрыманне батлейкі, і чароўнае слова «Дзякуй», якое раз-пораз успыхвае электрычным святлом.

Пасля ўсяго ўбачанага ты таксама захочаш сказаць свае сардэчныя словы падзякі айцам францішканам за падораныя табе хвіліны радасці, за тое, што наведаць удзелаўскую батлейку і дакрануцца да бэтлеемскіх і люрдаўскіх падзей можна не толькі ў святы Божага Нараджэння, але і ў любы дзень на працягу года, нават летам.

І. Задарожная.
Фота Яўгеніі Бальшаковай.