У самым цэнтры Смаргоні, насупраць Савецкай плошчы, узвышаецца гэта сучаснае трохпавярховае збудаванне. І хто б мог падумаць, што будынак плябаніі, пабудаваны каля касцёла ў 30-я гады мінулага стагоддзя, ператвораны ў часы поўнага адмаўлення рэлігіі ў Дом культуры, у 2004 годзе стане рэлігійным Цэнтрам моладзі?

І тым не менш гэта так. Цэнтр моладзі імя святога дона Боско ў Смаргоні працуе ўжо цэлы год: ён адчыніў свае дзверы ў верасні мінулага года. На яго адкрыццё прыязджалі біскуп Аляксандр Кашкевич з Гродна, айцец-інспектар, настаяцель салезіянаў з Масквы Генрык Багушэўскі і іншыя госці. Падобныя цэнтры ў Заходняй Еўропе – не рэдкасць. У Беларусі ж іх толькі два.

– Работа з моладдзю, – адна з самых галоўных нашых задач, – гаворыць пробашч касцёла святога Міхала Арханёла ў Смаргоні Здзіслаў Ведэр, – а для яе ажыццяўлення неабходна належнае памяшканне. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х, калі пры маім папярэдніку, ксяндзу Генрыку Куляшэвічу, на ўрокі рэлігіі дзяцей стала прыходзіць больш, старое памяшканне (былая кавярня «Казка», якое таксама пабудавалі каля касцёла) з цяжкасцю змяшчала ўсіх жадаючых. Акрамя гэтага, патрэбна было ўтульнае месца, каб праводзіць катэхізацыю дзяцей і моладзі, сустрэчы з моладдзю па-за катэхезаю. Смаргонскім каталікам удалося знайсці ў архіве матэрыялы, якія пацвярджалі, што будынак Дома культуры сапраўды пабудаваны за грошы мясцовых вернікаў, а таму мясцовая ўлада ў хуткім часе вырашыла перадаць гэта памяшканне касцёлу. Так пачалася новая гісторыя старога збудавання…

Цяпер катэхезы наведваюць каля дзвюх тысяч чалавек. З дзецьмі працуюць чатыры катэхеткі, якія закончылі трохгадовы курс катэхізацыі пры Гродзенскай курыі. Урокі рэлігіі праводзяцца на роднай беларускай мове. Да Першай Камуніі хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюцца два гады.

– Многія дзеці ўжо ў шасцігадовым узросце, спачатку з бацькамі, прыходзяць да нас на катэхезы і не развітваюцца нават тады, калі заканчваюць агульнаадукацыйную школу, – прадаўжае свой аповед ксёндз Здзіслаў. – Безумоўна, многае залежыць ад бацькоў, ад іх імкнення выгадаваць сваё дзіця сапраўдным католікам, таму знакам рэлігійнай сталасці бацькоў лічыцца той факт, што іх дзеці не абмяжоўваюцца ўрокамі рэлігіі толькі падчас падрыхтоўкі да Першай Камуніі, а прыходзяць да нас на працягу вучобы ў школе.

Вольны ад урокаў рэлігіі час дзеці ва ўзросце да 12–13 гадоў таксама бавяць тут – праводзяць сустрэчы, гульні, конкурсы.

З моладдзю ў асноўным працуюць маладыя святары – айцец Алег Жураўскі і айцец Павел Гражуль. На сустрэчах моладзь абмяркоўвае не толькі пытанні рэлігіі, але і агульначалавечыя тэмы, важныя ў штодзённым жыцці кожнага маладога чалавека – тэмы кахання, сяброўства, сям’і.

У гэтым годзе з моладдзю пачалі працаваць дыякан Дзмітрый Сядлецкі і семінарыст-салезіянін Павел Шчарбіцкі, які праходзіць у Смаргоні педагагічную практыку. На адной з маладзёжных сустрэч, якую ладзіў клерык Павел, мне давялося пабываць. Некаторыя дзяўчаты і хлопцы ўжо закончылі школу, але з задавальненнем прыходзяць на сустрэчы ў новы маладзёжны цэнтр. Моладзь тут вельмі адкрытая, рада бачыць кожнага навічка, які вырашае наведаць іх сустрэчы.

– Мы тут вельмі пасябравалі, – гавораць яны, – заўсёды стараемся знайсці вольныя хвіліны, каб завітаць сюды. Дый наогул без гэтых сустрэч сваё жыццё ўжо неяк не ўяўляем.

– Я сам хадзіў на падобныя сустрэчы пяць гадоў, калі жыў у Мінску, – дапаўняе клерык Павел. – Айцец Боско лічыў, што ў салезіянскім доме павінна панаваць сямейная атмасфера, таму мы імкнемся, каб кожны, хто прыйшоў да нас, адчуваў сябе гэтак жа свабодна і спакойна, як у сям’і.

У цэнтры працуюць курсы па вывучэнні замежных моў – англійскай, нямецкай, італьянскай, лацінскай і польскай, якія, акрамя італьянскай, выкладаюць настаўнікі агульнаадукацыйных школ.

Аматарам музыкі тут прапануюцца курсы ігры на гітары.

Ёсць у цэнтры і бібліятэка, дзе захоўваюцца кнігі пераважна рэлігійнага зместу. Бібліятэку наведваюць вернікі рознага ўзросту – кожны знаходзіць тут кнігу на звыклай для сябе мове – беларускай, рускай альбо польскай.

А ў тэатральнай зале час ад часу ладзяцца невялікія тэатральныя пастаноўкі, дзіцячыя канцэрты, арганізаваныя настаўнікамі і вучнямі Смаргонскай школы мастацтваў імя М.-К. Агінскага. Тут праводзіць свае рэпетыцыі і касцёльны хор, якім кіруе выкладчык школы мастацтваў Іна Жых. У хоры спяваюць больш за 30 чалавек рознага ўзросту, якія выконваюць рэлігійныя творы на беларускай, рускай і польскай мовах.

Для тых, хто ўжо стварыў сям’ю ці толькі збіраецца гэта зрабіць, два разы на тыдзень у цэнтры праводзяцца кансультацыі. Дзевяць чалавек, сярод якіх урач-гінеколаг, медсёстры і педагогі, рэгулярна выступаюць перад маладымі людзьмі, каб застрахаваць іх ад тых непапраўных памылак, якія дапускаюць маладыя бацькі ў планаванні сваёй сям’і.

Два разы на тыдзень тут збіраецца і група ананімных алкаголікаў. Гэтыя людзі знайшлі ў сабе сілы прызнацца, што яны хворыя, і вырашылі разам пазбавіцца ад страшнай хваробы нашага часу – алкагалізму. Адзін у адным, а таксама ў Бога яны шукаюць падтрымку. Самі праводзяць свае сустрэчы, самі выбіраюць іх тэматыку. Час ад часу запрашаюць да сябе на сустрэчы святароў.

– У нашых бліжэйшых планах, – расказвае ксёндз Здзіслаў, – забяспечыць цэнтр спартыўнам абсталяваннем, адкрыць камп’ютэрныя курсы, а таксама арганізаваць актыўную сумесную працу бацькоў і дзяцей: ладзіць розныя выставы, конкурсы творчага майстэрства сярод дзяцей і дарослых. Вельмі хочацца, каб як мага больш людзей знайшло пад дахам нашага цэнтра тое, чаго так не хапае ў штодзённым жыцці – цёплыя, шчырыя адносіны і сапраўдную веру.

Галіна Антонава,
Смаргонь.