Сярод снежнай завеі
згубіліся дзеі,
згубіліся словы,
і вочы нічога не бачаць
наўкола –
суцэльная замець.
Нібыта нязручна,
нібыта сцюдзёна,
і хата святлом сваім вабіць.
Ды толькі ў той хаце
зноў знойдуцца словы,
і вочы нямыя прадметы убачаць.
І стане так сумна,
так горка і скрушна
у вернутай яве,
што сэрца папросіцца зноўку
на волю,
у сцюжу завейную,
дзе вечнае неба
крыллем анёльскім страсае
сняжынкі
на нашыя сцежкі зямныя.
І ў гэтай шчаслівай самоце,
у снежнай віхуры завейнай
убачыш... адзіную зорку,
што кліча цябе
ў Бэтлеем.

Ірына Жарнасек