– распачаўся юбілейны год Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і

100-гадовы юбілей Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і распачаўся ўрачыстасцю ў магілёўскай катэдры 23 кастрычніка. Юбілейны год, падчас якога будуць адбывацца сімпозіумы, канферэнцыі, сустрэчы, прысвечаныя благаславёнай Баляславе Лямэнт і дзейнасці заснаванай ёю супольнасці, працягнецца да кастрычніка наступнага года.

Перад урачыстаю святою Імшою моладзь з баранавіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, дзе працуюць сёстры-місіянеркі, паказала міні-спектакль, прысвечаны благаслаўлёнай Баляславе і яе пакліканню.

«Сёння ўсе мы сабраліся ў катэдральнай святыні, каб супольна дзякаваць Богу, у Тройцы Адзінаму, за дар жыцця і паклікання благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт, за 100 гадоў існавання і працы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, – з такімі словамі звярнулася да прысутных на пачатку ўрачыстай святой Імшы настаяцельніца ўсходняй дэлегатуры с. Фабіяна Патшонсай. – Менавіта 100 гадоў таму Пан Бог паклікаў яе да служэння справе адзінства хрысціянаў. Менавіта тут, у Магілёве, жыла і працавала благаслаўлёная Баляслава, а таксама тут, у гэтай катэдры, яна малілася. У Магілёве яна заснавала нашую манаскую сям’ю.

Эўхарыстыя – гэта падзяка. І сёння, з сэрцамі, поўнымі ўдзячнасці, мы становімся перад Богам, які дазволіў нам дачакацца радаснага юбілею сотай гадавіны існавання Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Яднаемся сёння ў супольнай малітве з усім духавенствам, з сёстрамі-місіянеркамі з Афрыкі і Польшчы, з Літвы і Расіі, з розных гарадоў Беларусі, з місійнымі групамі і з усімі, хто прыйшоў сёння раздзяліць нашую радасць.

Дзякуем за ўсе ласкі, якімі Бог адорваў нашую Кангрэгацыю на працягу стагоддзя яе існавання і просім Яго благаславіць нас на далейшае служэнне Касцёлу і справе адзінства хрысціянаў».

Святую Імшу на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам канцэлебравалі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, канцлер мітрапалітальнай курыі кс. Юрый Касабуцкі, пробашч магілёўскай катэдры кс.дзекан Раман Факсінскі, а таксама святары, якія прыехалі на юбілейную ўрачыстасць.

Генеральная маці Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і Бажэна Фарнальчык сардэчна прывітала біскупаў, святароў, сясцёр, усіх гасцей і вернікаў і падзякавала за прысутнасць на гэтай асаблівай для Кангрэгацыі ўрачыстасці.

Акрамя шматлікіх гасцей, пачэснае месца сярод якіх займалі сёстры-місіянеркі (дарэчы, іх прыехала на ўрачыстасць каля ста асобаў), вернікаў з Беларусі і замежжа, прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і прадстаўнікі мясцовай улады.

Гамілія, якую абвясціў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, была прысвечана гісторыі і значэнню дзейнасці Кангрэгацыі, што паўстала на Беларусі сто гадоў назад.

«Менавіта гэтая катэдра, зачыненая знутры на ключ, — сказаў іерарх Касцёла, — з’яўляецца сведкаю складання 22 студзеня 1906 года першых манаскіх шлюбаў чыстасці, убогасці і паслухмянасці паводле Канстытуцыі Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Гэтую хвіліну маці Баляслава ўзгадвае так: «Грона душ добрай волі, бачачы сумнае становішча, у якім знаходзіцца Святы Касцёл, і тое, як гінуць бессмяротныя душы, пажадала аддаць свае жаночыя слабыя сілы, каб дапамагчы святарам Каталіцкага Касцёла ў апостальскай дзейнасці, распаўсюджванні Божай хвалы і ратаванні душаў».

Менавіта тут, у магілёўскім асяроддзі, падзеленым на праваслаўных, католікаў і пратэстантаў, першыя сёстры з гэтай Кангрэгацыі праходзілі сваю першую законную фармацыю, першы іспыт.

Менавіта тут яны вучыліся поўнай адданасці Богу праз ахвярнае служэнне бліжняму і найбольш церпячым, не зважаючы на веравызнанне. Гэта менавіта тут у той нялёгкі час сёстры, пад пагрозаю пераследу, вучылі пра Бога.

І трэба зазначыць, што быў гэта цяжкі час для Каталіцкага Касцёла. Таму што Магілёў з 1772 года апынуўся ў межах царскай Расіі, якая вызначалася не толькі неталерантнасцю, але адкрытай нянавісцю да Каталіцкага Касцёла. Пра гэта сведчаць зачыненыя кляштары, ліквідаваныя законы, знішчэнне ўсялякіх знакаў каталіцызму, закрыццё школ, дзе вялося вывучэнне каталіцкай рэлігіі.

Маці Баляслава, засноўваючы Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, вызначыла таксама для яе мэту: умацоўваць католікаў у веры. Таму мы бачым яе вандруючай са сваімі сёстрамі па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Эстоніі, Фінляндыі, бачым яе там, дзе жывуць католікі, якім патрэбна духоўная падтрымка, умацаванне ў веры, надзеі і любові.

Мы бачым яе вандруючай на стыку дзвюх культур: культуры заходняй і культуры ўсходняй; тут, дзе праходзіць мяжа паміж сэрцамі людзей, паміж праваслаўнымі і католікамі, яна клапацілася пра сувязь, пра ўзаемную добразычлівасць, пра ўсведамленне людзьмі Хрыстовага закліку, «каб усе былі адно».

5 чэрвеня 1991 г. у дзень беатыфікацыі Папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёную Баляславу Лямэнт апякункаю паяднання хрысціянаў.

Яшчэ і цяпер мы жывём у падзеленым Магілёве, у падзеленым свеце, у падзеленым Касцёле. Амаль кожны адчувае балючае пачуццё разрыву ў сваёй сям’і. Аднак мы не адны з нашымі праблемамі і болем. У нас ёсць падарунак ад Пана Бога ў асобе благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт — апякункі еднасці, якая заступаецца за нас.

Кангрэгацыя, заснаваная благаслаўлёнай Баляславай, – гэта справа Божага Провіду, натхнёная Духам Святым.

Я магу цяпер сказаць: благаслаўлёная маці Баляслава, апякунка еднасці, тое, пра што ты марыла, каб дапамагаць духавенству паяднаць вернікаў у адной хрысціянскай супольнасці, ужо рэалізуецца. А твае сёстры плённа дапамагаюць у аднаўленні хрысціянскай веры на гэтых спакутаваных тэрыторыях.

Я з’яўляюся сведкам іх руплівай катэхетычнай і апостальскай працы. Я хацеў бы, каб мы ўсе разам падзякавалі Богу за тое, што ў сваім кіраванні Провідам Ён стварыў такую Кангрэгацыю, мэта якой — служэнне справе еднасці Касцёла. Падзякуем жа за руплівую працу сясцёр місіянерак у Беларусі і па-за яе межамі. Будзем разам прасіць, каб маці Баляслава з неба кіравала дзейнасцю сваіх сясцёр, каб выпрошвала новыя пакліканні, шчодрыя ласкі, Божае благаслаўленне ў служэнні паяднанню хрысціянаў і ў праслаўленні Бога на ўсёй зямлі, а асабліва на тых тэрыторыях, дзе гэтая еднасць парушаная».

Падчас святой Імшы кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў абраз благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт (напісаны мастаком Сяргеем Шэметам).

Пасля святой Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт.

Тэкст і фота М. Новікава.