«Бедныя, як жа вам не пашанцавала!» – спачуваюць Анжаліцы і Андрэю Папкоўскім тыя, хто бачыць іх дзіця ў інваліднай калясцы. Яны таксама так думалі, калі былі далёкія ад Бога. Але цяпер яны ўпэўненыя, што гэта іх скарб.

Мінчане Андрэй і Анжаліка калісьці пазнаёміліся на вядомым прадпрыемстве «Інтэграл». Андрэй прыйшоў сюды адпрацоўваць практыку пасля політэхнічнага тэхнікума. Сярод мноства сімпатычных дзяўчат заўважыў Анжаліку. І хаця быў крыху малодшы за яе, уразіў дзяўчыну сваёй сур’ёзнасцю і надзейнасцю. Ён вельмі прыгожа ўхажваў за сваёй абранніцай, што выклікала ў многіх дзяўчат захапленне, а ў некаторых і зайздрасць.

Ажаніліся. Цяпер з сорамам успамінаюць, што вяселле было падчас Вялікага посту. І яны ніяк не маглі зразумець сваякоў з прозвішчам Голуб, якія не прыйшлі на вяселле. У той час шчырая вера гэтых людзей выклікала, мякка кажучы, неразуменне. Цяпер жа яны ганарацца роднасцю з гэтымі адданымі Богу і Касцёлу людзьмі.

У 1992 годзе ў Папкоўскіх нарадзілася дачка Аня. Яшчэ праз два гады – сын Уладзік. Здаровыя, прыгожыя дзеці вельмі радавалі маладых бацькоў, аднак, калі Уладзіку было два з паловай гады, ён захварэў на цяжкую форму грыпу. Падчас хваробы дактары зрабілі яшчэ і чарговую прывіўку, і дзіця злягло канчаткова. Цяпер можна доўга спрачацца, хто і што з’явілася прычынай інваліднасці хлопчыка, але нічога ўжо не вернеш. Бацькі ж з вялікай пакорай пагаджаюцца з воляй Божай, шчыра прымаючы словы з Евангелля, дзе сказана, што нават волас не падае з галавы без Божага дазволу. Гэта цяпер. А тады яны, вядома ж, гэтага не разумелі, але па-бацькоўску аддана і самаахвярна змагаліся за жыццё сына.

Восем месяцаў хлопчык праляжаў у бальніцы, месяц з іх – у рэанімацыі. Некалькі разоў перажываў клінічную смерць. Быў падключаны да апарата штучнага дыхання. Загадчыца аддзялення сказала, каб рыхтаваліся да самага горшага. Дактары суцяшалі: гэта лепшае выйсце, бо дзеля такіх дзяцей бацькі нярэдка пазбаўляюцца ўсёй маёмасці – лячэнне сёння дарагое. Успамінаючы ўсё гэта, Анжаліка з Андрэем пераглянуліся і амаль у адзін голас сказалі: «А ў нас атрымалася наадварот: дзякуючы сыну мы набылі бясцэнны скарб – веру»...

 
Дарога да храма

Калі хлопчык паволі згасаў у шпіталі, бацькі пачалі шукаць дарогу ў храм. Нехта са знаёмых параіў маліцца святому Панцеляймону, апекуну хворых. Андрэй і Анжаліка стараліся як мага часцей наведваць праваслаўны Свята-Духаў сабор, дзе ёсць гэты абраз. Заходзілі памаліцца ў касцёл, бо Анжаліка ахрышчаная ў каталіцкай веры. Хлопчык выжыў. І калі бацькі праз год прывезлі яго ў тую бальніцу, дзе ён ляжаў раней, многія ўрачы былі збянтэжаныя. Мала хто верыў, што ён выжыве. Пра псіхаінтэлектуальнае развіццё дзіцяці і мовы не было. Таму, калі Уладзік вельмі прыгожа прачытаў верш, здзіўленню дактароў не было канца, бо хлопчык у свае 3 гады быў слабейшы за нованароджанае немаўля. Паступова вучыўся трымаць галоўку, рухаць ручкамі і ножкамі, вымаўляць гукі, а потым і словы.

Але прагрэс у яго фізічным развіцці рэзка затармазіўся. Спатрэбілася яшчэ адна сур’ёзная аперацыя на пазваночніку. На жаль, яна ніякіх вынікаў не дала. Хлопчык не валодае нагамі, правая рука таксама амаль нерухомая. Пры гэтым у яго ёсць яшчэ некалькі складаных хваробаў.

– Дактары не могуць усяго ведаць і спрагназаваць, не ўсё паддаецца звычайнай логіцы, – гаворыць Андрэй. – Але мы добра ведаем, што так трэба. Можа, для нашага духоўнага станаўлення, а можа, для чагосьці іншага. У вечнасці ўсё зразумеем.

Да веры Андрэй і Анжаліка ішлі паступова. У 2000 юбілейным годзе ўзнікла жаданне ўзяць шлюб і менавіта ў касцёле. Пачалі хадзіць у катэдру на ўрокі катэхізацыі. Літаральна пасля другога наведвання, па іх словах, перажылі сапраўдны шок – так уразіла ўсё пачутае. Два тыдні заняткаў перавярнулі ўсю душу.

– Я ўжо не ўяўляла, як можна легчы спаць, а раніцаю ўстаць і не памаліцца, – гаворыць Анжаліка.

Паступова сям’я Папкоўскіх увайшла ў супольнасць факаляраў, што існуе пры мінскай архікатэдры. Слова «факаляры» ў перакладзе азначае святло хатняга агменю. Заснавальніцай гэтага руху з’яўляецца каталічка італьянскага паходжання К’яра Любіх, свецкая асоба, якая склала Пану Богу абяцанне бязшлюбнай чысціні. Рух мае больш чым 40-гадовую гісторыю і за гэты час перарос у экуменічны. Яго падтрымалі нават мусульмане і габрэі.

 
Незабыўная сустрэча з Янам Паўлам ІІ

Удзел у руху факаляраў стаў своеасаблівым трамплінам на шляху да жывой веры. З удзельнікамі гэтай супольнасці ў 2002 годзе Папкоўскія пабывалі ў Кракаве на сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Менавіта там яны даведаліся пра Круцыяту вызвалення чалавека і адразу ж пастанавілі адмовіцца ад ужывання алкаголю да канца свайго жыцця.

– Гэты крок мы зрабілі дзякуючы Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, праз якога нашыя душы перапаўняла Божая ласка, – зазначае Андрэй.

Ахвяра гэтая ў хуткім часе дала вялікі плён. Адна са сваячак Андрэя злоўжывала алкаголем. Сама пакутавала, але яшчэ больш пакутавала яе маленькая дачка. Сям’я Папкоўскіх збіралася нават забраць да сябе дзяўчынку. І вось цуд – жанчына кінула піць, уладкавалася на працу і нават выйшла замуж.

 
Жыццё чалавека – цуд

– Рацыянальнаму чалавеку вельмі цяжка паверыць у цуды, – разважае Андрэй са сваёй жонкай. – Аднак жыццё чалавека – гэта суцэльны цуд. Мы цяпер ва ўсім бачым руку Божую – у атрыманні гэтай кватэры і крэдыту на яе, нават халадзільнік, а потым і маразільнік мы купілі з Божай дапамогай...

Вялікай Божай ласкай, нават цудам лічаць бацькі падрыхтоўку Уладзіка да Першай святой Камуніі. Напачатку яны вазілі діця ў інваліднай калясцы ў катэдру на ўрокі рэлігіі. Гэта вымагала вялікай цярплівасці. Але потым адкрылася парафія ў Малінаўцы, а катэхізацыя дзяцей наогул адбывалася ў іх кватэры – была праблема з памяшканнем. І вось 9 мая 2004 года Уладзік у складзе дзесяці дзяцей малінаўскай парафіі прыняў у архікатэдры сваю Першую святую Камунію. Уладзік, як і яго старэйшая сястра Аня, па прыкладзе бацькоў уступілі ў Жывы Ружанец і вельмі гэтым ганарацца. Вечарамі ўсёй сям’ёй яны моляцца каля прыгожага хатняга алтарыка, а дзіцячае шчабятанне двухгадовага Марка ўспрымаецца ўсімі як своеасаблівае праслаўленне Пана Бога.

Калі ў сям’і з’явіўся Марк, Уладзіку, вядома ж, стала ўдзяляцца крыху менш увагі. Нярэдка самому даводзіцца заставацца ў кватэры, але ніколі аніякім чынам ён не выказвае сваёй незадаволенасці.

– Гэта дзіця такое цярплівае, такое пакорнае, што мне побач з ім бывае часам сорамна за сябе, – гаворыць мама Анжаліка.

– Паверце, – працягвае Андрэй, – калі мы чуем спачуванні ў свой адрас, нас гэта здзіўляе, бо менавіта праз гэта дзіця Бог адорвае нас бясконцымі ласкамі. Цяпер мы па-сапраўднаму разумеем, што Хрыстус жыве ў хворых. Тым больш – у хворых дзецях.

Галіна Калевіч