Гэтымі словамі з 43-га псальма 10 снежня а 11-й гадзіне распачнецца ўрачыстая святая Імша ў мінскай архікатэдры. У папярэднім нумары мы пісалі пра тое, як вернікі архікатэдральнай парафіі рыхтуюцца да ўрачыстасці асвячэння рэканструяванага галоўнага алтара святыні і арганаў. Дык што ж убачаць удзельнікі ўрачыстасці, калі катэдра нарэшце вызваліцца ад рыштаванняў і з прэзбітэрыя знікне заслона, якая доўгі час падзяляла яго на дзве часткі?

Мінскі катэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта не толькі галоўная каталіцкая святыня Беларусі, але і цудоўны помнік архітэктуры, які цудам перажыў страшныя гады «ваяўнічага атэізму», хоць і быў моцна знявечаны «будаўнікамі светлай будучыні». Касцёл, пабудаваны айцамі езуітамі на пачатку XVIII ст. у стылі барока, з утварэннем Мінскай дыяцэзіі ў 1798 г. стаў катэдральным. Першы Мінскі біскуп Якуб Дадэрка аднавіў святыню і пабудаваў у ёй новы велічны галоўны алтар у стылі класіцызму. Перажыўшы навалы дзвюх сусветных войнаў, храм у 1948 г. быў зачынены і перададзены спартыўнаму таварыству «Спартак». Да 1951 г. святыня была спустошана і ператворана ў дом фізкультуры. Перабудаваны будынак ужо нічым не нагадваў касцёла: з яго зніклі вежы, былі разбураны і знішчаны алтары, а замест іх з’явіліся спартовыя залы, у сутарэннях размясціўся стралковы тыр...

Калі Беларусь атрымала незалежнасць, рэлігійны пераслед спыніўся і дзякуючы намаганням мінскіх каталікоў катэдра была вернута вернікам. Стала неабходным ізноў вярнуць знявечанай святыні выгляд дому Божага. Улетку 1994 г. распачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія працягваліся два гады і два месяцы. Дзень 21 кастрычніка 1997 года стаў днём урачыстай рэкансэкрацыі мінскай катэдры. Са слязьмі на вачах слухалі вернікі на чале са сваім архіпастырам кардыналам Казімірам Свёнткам, як пасля амаль паўстагоддзя маўчання зноў б’юць званы на адбудаваных вежах...

І вось праз сем гадоў з таго памятнага дня галоўны касцёл нашай краіны вяртае сабе яшчэ адзін вельмі істотны элемент каталіцкай святыні — галоўны алтар. На вялікі жаль, да нашага часу, хутчэй за ўсё, не захавалася ніякіх дакументаў, на падставе якіх можна было б аднавіць гэты алтар у першапачатковым выглядзе, такім, якім яго пабудавалі айцы езуіты. Таму, паколькі алтар на ўзор пабудаванага пазней біскупам Якубам Дадэркам ужо не мог гарманічна «ўпісацца» ў інтэр’ер адноўленай святыні, групай рэстаўратараў мінскай архікатэдры на чале са спадаром Віктарам Вількам было прынята рашэнне рэканструяваць алтар у стылі барока, беручы за ўзор найбольш тыповыя алтары таго часу, што зберагліся ў іншых касцёлах.

На плечы тых, хто рыхтаваў праект рэканструкцыі галоўнага алтара, легла няпростая і надзвычай адказная задача. Ім належала вызначыць, як будзе выглядаць не нейкая другасная дэталь касцёльнага інтэр’еру, а месца, прызначанае для захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі. У «Агульных уводзінах ды Рымскага Імшала» чытаем: «У залежнасці ад будовы кожнага касцёла і згодна з прынятымі мясцовымі звычаямі, Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы».

Каб увага вернікаў засяроджвалася менавіта на табэрнакулюме, у якім заўсёды прабывае жывы Хрыстус у постаці Эўхарыстычнага хлеба, пра што сведчыць святло нязгаснай лампадкі каля яго, было вырашана не «перагружаць» алтар шматлікімі дадатковымі элементамі. Менавіта табэрнакулюм з’яўляецца самым галоўным месцам не толькі на алтары, але і ва ўсім касцёле. Няма сумненняў, што рэканструяваны галоўны алтар і ёсць «найбольш годная, выдатная і заўважная частка» мінскай архікатэдры.

У алтары над табэрнакулюмам будзе змешчаны абраз Найсвяцейшага Імя Марыі Беззаганна Зачатай, падараваны і асвечаны Слугою Божым Папам Янам Паўлам ІІ. У дзень урачыстага асвячэння алтара гэты абраз будзе ўкаранаваны, бо такою была воля Вялікага Папы-славяніна. Нездарма ў верхняй частцы алтара змешчаны папскі герб Яна Паўла ІІ, элементы якога, як і прысутнасць абраза Маці Божай у галоўным алтары, нагадваюць нам, што там, дзе ёсць Езус, разам з Ім заўсёды прысутнічае і Яго Беззаганная Маці.

Паабапал абраза — фігуры апосталаў Пятра і Паўла. Менавіта яны, найвышэйшыя апосталы, з’яўляюцца падмуркам Касцёла і стаўпамі нашай веры. Яны — нібы прадстаўнікі ўсёй супольнасці святых, нябеснага Ерузалему, да якога імкнемся і мы, зямныя пілігрымы...

Адбудова ў архікатэдры галоўнага алтара — гэта цудоўны дар самога Бога, у Тройцы Адзінага, усім беларускім вернікам у Год Эўхарыстыі. Гэта таксама выдатны плён нястомнага клопату пра адраджэнне духоўнасці нашага народа і яго святыняў галавы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка. Таму нашыя сэрцы поўняцца ўдзячнасцю да Пана Бога і да ўсіх тых, хто адданай працаю або шчырай малітваю зрабіў свой унёсак у вялікую справу адраджэння галоўнай каталіцкай святыні нашай Бацькаўшчыны.

Асаблівай падзякі заслугоўваюць таксама рэстаўратары на чале з вядомым мастацтвазнаўцам, супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Аркадзем Шпунтам, дзякуючы якім былі да канца раскрытыя фрэскавыя роспісы на скляпеннях цэнтральнай навы архікатэдры. І сёння, падымаючы вочы, мы таксама, як і нашыя продкі, у прыгожых творах старажытных майстроў будзем бачыць як бы адлюстраванне хараства Нябеснага Валадарства. А каб не былі парушаны колеравая гармонія і цэласнасць гістарычнага інтэр’ера, Аркадзь Шпунт распрацаваў адмысловую паліхромію рэканструяванага алтара.

Але не толькі адноўлены інтэр’ер касцёла закліканы ствараць адпаведны малітоўны настрой у гэтым святым месцы. Кожны практыкуючы вернік усведамляе, наколькі важнае значэнне ў літургіі мае спеў, бо са старажытнасці вядомы выраз: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае». Цяпер добра спяваць вернікам будуць дапамагаць новыя цудоўныя арганы — дар епіскапату Аўстрыі. Інструмент быў зроблены ў Аўстрыі арганнай фірмай «Pfluger Orgelbau», і ўжо завершаны яго мантаж на хорах мінскай архікатэдры. Арганы, якія з’яўляюцца аднымі з найлепшых у Еўропе, маюць 35 галасоў, 3 мануалы, педаль і складаюцца больш чым з дзвюх тысяч розных трубак. У арганах ёсць таксама спецыяльны рэгістр для ігры на званочках, які называецца глохеншпіль. На самым версе арганы аздоблены зоркай, якая асабліва цяпер, напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння, нагадвае тую зорку, што прывяла трох вандроўных магаў у Бэтлеем, да нованароджанага Дзіцяткі Езуса. Яна таксама нагадвае «звязду», з якой хадзілі па нашых гарадах і вёсках вясёлыя калядоўшчыкі, абвяшчаючы ўсім людзям добрую навіну пра прыйсце ў свет Божага Сына. Як жа прыгожа загучаць калядкі ў Святую Ноч пад акампанемент гэтых цудоўных арганаў, якія будуць асвечаныя разам з новым алтаром!

Алтар у касцёле спрадвеку сімвалізуе самога Езуса Хрыста — Найвышэйшага Святара і Беззаганную Ахвяру. Хрыстус — гэта той вуглавы камень, на якім з нас саміх, як з жывых камянёў, будуецца нерукатворная Божая святыня — святы Касцёл. У дзень асвячэння галоўнага алтара кожны з удзельнікаў урачыстасці павінен скласці на гэтым алтары сваё сэрца як адзіны прыемны Богу дар. І гэтак, як алтар займае галоўнае месца ў касцёле, так няхай у нашым жыцці на першым месцы заўсёды будзе Хрыстус, каб ужо ніколі больш не апусцелі нашыя святыні.

Рэд.
Фота з архіва кардынала К. Свёнтка,
кс. А. Клімантовіча, М. Новікава, В. Кучаравага.