Каталіцкая тэалогія юдаізму

У пасланні з нагоды 40-годдзя саборавай дэкларацыі пра адносіны Каталіцкага Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі Папа Бэнэдыкт XVI адным з прыярытэтаў свайго пантыфікату вызначыў дыялог з юдаізмам. Пасланне прачытаў кардынал Вальтэр Каспер у часе рымскай урачыстасці, прысвечанай гадавіне саборавага дакументу. Былі таксама падсумаваныя вынікі хрысціянска-юдэйскага дыялогу і вызначаныя яго перспектывы на будучыню. Кардынал Каспер прапанаваў выпрацаваць каталіцкую тэалогію юдаізму і, калі гэта магчыма, юдэйскую тэалогію хрысціянства.

 
Пілігрымкавыя планы Папы

З 14 да 17 верасня 2006 г. плануецца апостальскае падарожжа Святога Айца Бэнэдыкта XVI у яго родную Баварыю. Пілігрымкавы шлях пройдзе праз Мюнхен, Рэгенсбрук і вядомы баварскі марыйны санктуарый Альтоцынг. У планах папскіх пілігрымак на будучы год знаходзяцца таксама Польшча (у чэрвені) і Іспанія (у ліпені), дзе ў Валенсіі з удзелам Папы адбудзецца V Сусветная сустрэча сем’яў.

 
Важны візіт

26 кастрычніка з афіцыйным візітам Маскву наведаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі арцыбіскуп Джаванні Лаёло. Гэта быў візіт у адказ на прыезд у Ватыкан у чэрвені г. г. міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Арцыбіскуп Лаёло выказаў упэўненасць у тым, што Расія і Апостальская Сталіца павінны ўстанавіць поўныя дыпламатычныя адносіны, бо, на яго думку, цяперашнія іх стасункі не адпавядаюць таму статусу, які абодва бакі маюць у свеце. На думку ватыканскага дыпламата, расійскія католікі могуць і павінны актыўна сцвярджаць свой «скарб веры» перад вернікамі іншых хрысціянскіх веравызнанняў, каб супольна даваць сведчанне тых каштоўнасцяў, якія нясе вера, у гэтым секулярызаваным свеце. Арцыбіскуп Лаёло дадаў, што праблемы ў кантактах паміж Праваслаўнаю Царквою ў Расіі і Каталіцкім Касцёлам можна вырашыць. Ён падкрэсліў, што трэба маліцца за тое, каб з’явілася магчымасць для пілігрымкі Папы Бэнэдыкта XVI у Расію.

 
«Бог – гэта любоў» –

такімі словамі з Першага Паслання св. Яна назваў сваю першую энцыкліку Папа Бэнэдыкт XVI. Міланская газета «Il Giornale» піша, што дакумент займае амаль 46 старонак і што ён павінен з’явіцца 8 снежня, на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як сцвярджаюць першыя чытачы энцыклікі, гэта не праграмны дакумент, а разважанне пра любоў Бога і ўцелаўленне Сына ў перспектыве 40-годдзя заканчэння ІІ Ватыканскага Сабору, якое будзе адзначацца 8 снежня.

 
Першыя святыя Бэнэдыкта XVI

«Для ўшанавання Тройцы Найсвяцейшай, для ўзвышэння каталіцкай веры, для ўзрастання хрысціянскага жыцця моцаю аўтарытэта Езуса Хрыста, святых Апосталаў Пятра і Паўла і нашага, пасля глыбокага роздуму і разважання, заклікаючы Божае святло і параду многіх братоў у біскупстве, абвяшчаем і прызнаем святымі благаславёных: Юзафа Більчэўскага, Каятана Катанозо, Зыгмунта Гараздоўскага, Альберта Хуртадо Крухагэ і Фелікса з Нікасіі», – такую ўрачыстую формулу кананізацыі прамовіў Папа Бэнэдыкт XVI 23 кастрычніка на пляцы св. Пятра ў Рыме, распачынаючы ўрачыстасць першай кананізацыі ў сваім пантыфікаце. Гэтай урачыстасцю завяршыўся Год Эўхарыстыі і Сінод Біскупаў. У гаміліі, прамоўленай на пяці мовах, у тым ліку на польскай і ўкраінскай, Папа заклікаў да кантэмпляцыі Эўхарыстыі як крыніцы святасці і духоўнай моцы для місіі хрысціянаў у свеце. Тлумачачы сэнс святасці, Бэнэдыкт XVI сказаў: «Святы – гэта той, хто да такой ступені захоплены хараством Бога і дасканаласцю Яго праўды, што паступова дазваляе ім сябе перамяняць. Дзеля гэтых хараства і праўды гатовы адмовіцца ад усяго, нават ад сябе самога. Яму дастаткова любові Бога, якую ён адчувае ў пакорным і бескарыслівым служэнні бліжнім, асабліва тым, хто не ў стане нічым адплаціць за гэта».

Паводле матэрыялаў КАІ.