30 кастрычніка 2005 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў з наступнымі словамі:

«Дарагія браты і сёстры!

Сорак гадоў таму, 28 кастрычніка 1965 г., адбылася сёмая сесія Сусветнага ІІ Ватыканскага Сабору. Неўзабаве пасля яе прайшлі тры наступныя, а апошняя, 8 снежня, азнаменавала закрыццё Сабору. На заключным этапе гэтай касцёльнай гістарычнай падзеі, якая распачалася за тры гады перад гэтым, была зацверджана большая частка саборных дакументаў. Некаторыя з іх больш вядомыя, іх часта цытуюць, іншыя — менш, але ўсе яны заслугоўваюць успаміну, бо захоўваюць сваю важнасць і актуальнасць, якая, у пэўным значэнні, нават павялічылася.

Сёння мне хацелася б узгадаць пра пяць дакументаў, якія Слуга Божы Папа Павел VI і Айцы Сабору падпісалі ў той дзень 28 кастрычніка 1965 г. Гэта дэкрэт Christus Dominus пра пастырскія заданні біскупаў у Касцёле; дэкрэт Perfectae caritatis пра дастасаванае да сучаснага жыцця аднаўленне законнага жыцця; дэкрэт Optatam totius пра адукацыю і выхаванне святароў; дэкларацыя Gravissimum educationis пра хрысціянскае выхаванне і, нарэшце, дэкларацыя Nostra aetate пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.

Пытанні, якія датычыліся адукацыі і выхавання святароў, кансэкраванага жыцця і біскупскага служэння, былі прадметам абмеркавання на трох звычайных сходах Сіноду Біскупаў, што адбываліся адпаведна ў 1990 г., 1995 г. і 2001 г., на якіх было шырока разгледжана і паглыблена навучанне ІІ Ватыканскага Сабору, як пра гэта сведчаць паслясінадальныя апостальскія адгартацыі майго ўмілаванага Папярэдніка Слугі Божага Яна Паўла ІІ: Pastores dabo vobis, Vita consecrata і Pastores gregis.

Аднак дакумент пра выхаванне менш вядомы. Касцёл заўсёды займаўся справаю выхавання моладзі, якая, паводле Сабору, мае «найбольшую важнасць» як для жыцця чалавека, так і з увагі на сацыяльны прагрэс (пар. Gravissimum educationis, Уступ). Таксама і сёння, у час глабальных сродкаў камунікацыі, супольнасць Касцёла падкрэслівае ўсю важнасць сістэмы выхавання, якая прызнае першынство чалавека як асобы, адкрытай для праўды і дабра. Першымі і самымі галоўнымі выхавацелямі з’яўляюцца бацькі, якім, у адпаведнасці з прынцыпам падтрымкі, дапамагае грамадства (пар. тамсама, п. 3). Касцёл, якому Хрыстус даручыў заданне абвяшчаць «дарогу жыцця», адчувае на сабе асаблівую выхаваўчую адказнасць (пар. тамсама). Па-рознаму імкнецца ён выконваць гэтую місію: у сям’і, у парафіі, праз пасрэдніцтва таварыстваў, рухаў і выхаваўчых групаў, а таксама праз удзел у евангелізацыі і, асаблівым чынам, у школах, вышэйшых навучальных установах і універсітэтах (пар. тамсама, 5 – 12).

Таксама і дэкларацыя Nostra aetate застаецца вельмі актуальнай, паколькі яна датычыцца адносінаў супольнасці Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій. Зыходзячы з прынцыпу, што «ўсе народы ствараюць адзіную супольнасць», і што Касцёл «абавязаны ўмацоўваць адзінства і любоў паміж людзьмі» (п. 1), Сабор «не адкідае нічога, што ў гэтых рэлігіях праўдзівае і святое», і ўсім абвяшчае Хрыста, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём», «у якім людзі знаходзяць паўнату рэлігійнага жыцця» (п. 2). Дэкларацыяй Nostra aetate Айцы Сабору прапанавалі пэўныя асноўныя праўды: з усёй выразнасцю нагадалі пра асаблівую сувязь, якая аб’ядноўвае хрысціянаў і юдэяў (п. 4), з такою ж павагаю аднесліся да мусульманаў (п. 3) і да тых, хто вызнае іншыя рэліггі (п. 2), а таксама пацвердзілі дух усеагульнага братэрства, які выключае любую дыскрымінацыю або рэлігійны пераслед (п. 5).

Дарагія браты і сёстры, запрашаючы вас узяць у рукі гэтыя дакументы, заклікаю вас да супольнай малітвы разам са мною да Панны Марыі, каб Яна дапамагла ўсім веруючым у Хрыста пастаянна ажыўляць дух ІІ Ватыканскага Сабору, каб спрыяць усталяванню ў свеце ўсеагульнага братэрства, што адпавядае волі Божай адносна чалавека, створанага на вобраз Бога».