У нядзелю 23 кастрычніка ўрачыстаю святою Імшою, падчас якой Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кананізаваў пяцёра благаслаўлёных, завяршыўся XI звычайны сход Сіноду Біскупаў на тэму «Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла», а таксама абвешчаны Слугою Божым Янам Паўлам ІІ Год Эўхарыстыі (у Беларусі ён працягнецца да канца каляндарнага года). Вынікам працы Сіноду стала пасланне, якое біскупы назвалі «Эўхарыстыя: Хлеб жывы для супакою свету». У ім знайшлі адлюстраванне найбольш важныя пытанні, звязаныя з Эўхарыстыяй, якія абмяркоўваліся ўдзельнікамі Сіноду.

Пачынаючы сваё пасланне словамі ўваскрослага Хрыста «супакой вам», Айцы Сіноду назвалі галоўнай мэтай сваёй працы «выказаць Святому Айцу прапановы, якія дапамогуць падняць узровень Эўхарыстычнага душпастырства Касцёла». Яны адзначаюць, што «праца Сіноду праходзіла ў атмасферы радасці і братэрства, якую жывіла адкрытая дыскусія па праблемах, а таксама стыхійнае дзяленне пладамі Году Эўхарыстыі». Біскупы ўпэўнены, што Эўхарыстыя павінна як найбольш спрыяць еднасці хрысціянаў, і просяць прадстаўнікоў усіх веравызнанняў маліцца аб «надыходзе дня аб’яднання».

Падчас Сіноду яго ўдзельнікі «ўсвядомілі драматычныя сітуацыі і цярпенні, прычынаю якіх з’яўляюцца войны, голад, розныя формы тэрарызму і несправядлівасці, што суправаджаюць штодзённае існаванне сотняў мільёнаў людзей», а таксама «не хавалі ад сябе наступстваў секулярызацыі, якія найбольш сустракаюцца на Захадзе і вядуць да рэлігійнай абыякавасці і розных праяваў рэлятывізму».

Гаворачы пра рэальнасць пераісточання ў Эўхарыстыі хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, біскупы называюць яе «дарам любові» і разам з тым адзначаюць неабходнасць праз сорак гадоў пасля ІІ Ватыканскага Сабору «зрабіць душпастырскі рахунак сумлення адносна таго, наколькі паслядоўна выяўляецца і цэлебруецца вера на нашых літургічных сходах». «Сінод пацвярджае, што Сабор заклаў падмурак, неабходны для сапраўднага аднаўлення Літургіі. А таму трэба развіваць пазітыўныя плады і выпраўляць злоўжыванні, якія праніклі ў практыку».

У пасланні біскупы пералічваюць сведчанні пазітыўных фактаў, якія выклікаюць радасць, і ў прыватнасці дзякуюць Пану «за тое, што ў многіх краінах, дзе святары адсутнічалі або былі вымушаны канспіравацца, сёння Касцёл можа свабодна цэлебраваць святую Таямніцу». Разам з тым яны ўсведамляюць, што «жыццё нашых Касцёлаў пазначана таксама некаторымі ценямі», якія не былі абмінутыя на Сінодзе. У дакуменце названы такія негатыўныя з’явы, як «страта пачуцця граху і трывалы крызіс практыкі сакрамэнту пакаяння», а таксама «недахоп святароў для нядзельнай цэлебрацыі Эўхарыстыі». Тых, хто з гэтай прычыны не мае магчымасці ўдзельнічаць у святой Імшы ў дзень Панскі, Айцы Сіноду заклікаюць да практыкі «духоўнай Камуніі».

Біскупы адзначаюць, што ім «вядомы смутак тых, хто не можа прымаць сакрамэнтальную Камунію з-за сямейнага становішча, якое супярэчыць наказу Пана». І хоць Айцы Сінода не падтрымліваюць такога іх рашэння, аднак пацвярджаюць, што гэтыя людзі не выключаныя з жыцця Касцёла і просяць іх удзельнічаць у святой Імшы ў нядзелю, уважліва слухаючы Божае слова.

Была таксама звернута ўвага на «нізкі ўзровень пачуцця святасці ў некаторых супольнасцях, што датычыцца не толькі чыннага і велікадушнага ўдзелу вернікаў у святой Імшы, а таксама спосабу цэлебрацыі і якасці публічнага сведчання жыцця, якое павінны даваць хрысціяне». А таму біскупы імкнуцца праз святую Эўхарыстыю «ажывіць адчуванне і радасць прыналежнасці да каталіцкай супольнасці, паколькі ў некаторых краінах павялічваецца колькасць адыходаў». Біскупы заклікаюць усіх вернікаў не быць абыякавымі да чалавечага цярпення і сацыяльнай несправядлівасці, цытуючы пры гэтым Слугу Божага Яна Паўла ІІ: «Мы не можам падманваць самі сябе: толькі па ўзаемнай любові і клопаце пра церпячых нас пазнаюць, як сапраўдных вучняў Хрыста (пар. Ян 13, 35; Мц 25, 31-46). Менавіта гэта з’яўляецца крытэрыем, паводле якога будзе вымярацца сапраўднасць нашых Эўхарыстычных цэлебрацый» (Mane nobiscum Domine, 28).

У заключнай частцы паслання Айцы Сіноду кіруюць асаблівыя звароты да святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў. Звяртаючыся да моладзі, біскупы выказваюць надзею на яе здольнасці і жаданне маладых «развіваць пазітыўныя каштоўнасці свету і змяняць тое, што ёсць у ім несправядлівага і гвалтоўнага». Яны запэўніваюць, што моладзь можа разлічваць на іх падтрымку і малітву, «каб разам адказаць на выклік будаваць будучыню з Хрыстом».

Айцы Сіноду не абмінулі сваёй увагаю хрысціянскіх сужэнцаў, нагадваючы пра іх пакліканне да святасці як «хатняга Касцёла», а таксама ўсіх церпячых, асабліва хворых і калекаў, якіх назвалі «прывілеяванымі сведкамі» любові, што выяўляецца праз Эўхарыстыю. Біскупы засведчылі сваю еднасць з усімі, хто церпіць пакуты, а «асабліва з паміраючымі, якія прымаюць Цела Хрыста як віятык на свой апошні шлях да Божага Валадарства».

У пасланні ўзгадваецца, што Папа Бэнэдыкт XVI пацвердзіў абавязак Касцёла развіваць экуменізм, а таксама адзначаецца асаблівая блізкасць хрысціянаў да іншых нашчадкаў Абрагама: юдэяў і мусульманаў.

На заканчэнне Айцы Сіноду адзначылі, што адчуваюць «той супакой, поўны надзеі, які вучні ў Эмаўсе з палаючым сэрцам атрымалі ад уваскрослага Пана», і жадаюць усім вернікам, «каб маглі ісці поўныя радасці на сустрэчу са святой Эўхарыстыяй».