4 снежня:
святога Яна Дамаскіна,
святара і доктара Касцёла

Нарадзіўся каля 650 г. у Дамаску (Сірыя) у хрысціянскай сям’і. На пачатку быў вядомым прыдворным паэтам, але з-за пераследу хрысціянаў разам з сям’ёю пакінуў радзіму. Па абвінавачанні ў дзяржаўнай здра- дзе каліф загадаў адсячы Яну руку, але праз заступніцтва Маці Божай адсечаная рука ізноў зраслася. Пасля гэтага цуду Ян вырашыў стаць манахам і разам з братам пасяліўся ў кляштары непадалёк ад Ерузалема. Аддаліўшыся ад свету, Ян становіцца святаром і вядзе вострую палеміку з іканаборцамі, а таксама стварае выдатныя тэалагічныя і літаратурныя творы, піша вершы і духоўную музыку. Неўзабаве ён пачынае карыстацца вялікім аўтарытэтам, і з ім раяцца нават патрыярхі і біскупы. Ян пражыў амаль сто гадоў і памёр у сваім кляштары. Паслядоўны абаронца шанавання абразоў і выдатны тэолаг, св. Ян лічыцца апошнім грэцкім айцом Касцёла. Яго творы мелі вялікі ўплыў на славянскія Цэрквы. Св. Ян — апякун іканапісцаў і студэнтаў-тэолагаў.

 
6 снежня:
святога Мікалая, біскупа

Нарадзіўся ў ІІІ ст. у г. Патары ў Лікійскай вобласці (Малая Азія) і быў выхаваны братам маці, біскупам Міры (сучасн. Дэмрэ, Турцыя). Пасля смерці дзядзькі Мікалая выбіраюць на яго месца. Падчас пераследу хрысціянаў пры цэзары Максіміну Дазе біскуп Міры мужна пераносіць страшныя катаванні і са слядамі ранаў на целе бярэ ўдзел у Нікейскім Саборы 325 г., падчас якога разам са св. Папам Сільвестрам рашуча выступае супраць ерэтычных поглядаў Арыя. Аднак найбольшую славу святому прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. Паводле падання, аднойчы Мікалай паціху падкінуў грошы тром маладым дзяўчатам, якіх збяднелы бацька хацеў аддаць у публічны дом, каб яны не памерлі з голаду. Дзякуючы дапамозе біскупа дзяўчатам удалося захаваць чыстасць і добра выйсці замуж. Мікалай вызваліў трох юнакоў, якіх гаспадар заезду, дзе тыя спыніліся, хацеў забіць і закатаць у бочку. Ён таксама дапамог уратавацца маракам, якія гінулі на моры. Пасля смерці Мікалая яго рэліквіі захоўваліся ў Міры Лікійскай, пакуль у 1087 г. не былі выкрадзены італьянскімі купцамі і вывезены ў г. Бары на Поўдні Італіі. Святы Мікалай з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых на Захадзе, а на Усходзе яго ўшаноўваюць другім пасля Багародзіцы. Мікалая часта называюць цудатворцам і лічаць вялікім сябрам дзяцей, апекуном шчаслівых сужэнстваў, вязняў і маракоў. Святы Мікалай з’яўляецца апекуном Расіі, а на Захадзе ён стаў правобразам славутага Санта-Клаўса. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай у гэты дзень рабіць дзецям падарункі.

 
21 снежня:
святога Пятра Канізія,
святара і доктара Касцёла

Нарадзіўся 8 мая 1521 г. у Галандыі. Насуперак волі бацькоў пачаў вывучаць тэалогію, уступіў у ордэн езуітаў і стаў святаром. Пётр Канізій працаваў і прапаведваў на тэрыторыі Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Чэхіі, Венгрыі і на Сіцыліі. Ён на працягу 13 гадоў кіраваў нямецкай правінцыяй ордэна езуітаў і значна паспрыяў адраджэнню каталіцкай веры ў Германіі пасля перыяду рэфармацыі. Падчас Трыдэнцкага Сабору (1545 – 1563 гг.) Пётр быў папскім тэолагам. Ён тройчы адмаўляўся стаць біскупам і ў той жа час браў удзел у прыняцці найбольш важных рашэнняў у кіраванні Касцёлам. Сярод шматлікіх кніг, ім напісаных, найбольш папулярным стаў «Катэхізіс» для дзяцей, вучняў і студэнтаў, які яшчэ пры жыцці аўтара быў перакладзены на дванаццаць моваў і меў больш за дзвесце выданняў. Апошнім месцам працы Пятра Канізія стаў Фрыбург (Швейцарыя), дзе ён заснаваў езуіцкі калегіум св. Міхала і дзе памёр 21 снежня 1597 г.

 
29 снежня:
святога Томаса Бэкета, біскупа і мучаніка

Нарадзіўся ў Лондане ў 1118 г., атрымаў цудоўную адукацыю. Кароль Англіі Генрых ІІ, які лічыў Томаса сваім сябрам, прызначыў яго лордам-канцлерам і асабістым дарадчыкам. Аднак, стаўшы арцыбіскупам Кэнтэрберыйскім, Томас Бэкет пачаў весці вельмі аскетычнае жыццё і цалкам прысвяціў сябе біскупскаму служэнню. Адстойваючы незалежнасць Касцёла ад свецкіх уладаў, ён увайшоў у канфлікт з Генрыхам ІІ і 29 снежня 1170 г. быў забіты людзьмі караля каля алтара катэдры ў Кэнтэрберы. Менш чым праз тры гады пасля смерці Томас Бэкет быў кананізаваны, а Генрых ІІ публічна пакаяўся каля яго грабніцы. Да месца пахавання святога прыходзілі пілігрымы з усёй Англіі. У XVI ст. Генрых VIII, які аддзяліў Касцёл у Англіі ад Каталіцкага Касцёла, загадаў знішчыць рэліквіі святога Томаса Бэкета, каб сцерці нават памяць пра яго.

 
Святога Сільвэстра І, папы

Рымлянін Сільвэстр, які ў 284 г. прыняў святарскае пасвячэнне, быў выбраны Папам 31 студзеня 314 г. Яго пантыфікат прыпаў на час панавання цэзара Канстанціна, які ў 313 г. Міланскім эдыктам даў хрысціянам роўныя правы з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Калі верыць паданню, Сільвэстр ачысціў Канстанціна ад праказы, навярнуў яго і ахрысціў. Удзячны імператар падараваў за гэта Папу Рым, Італію і нават увесь Захад: т. зв. «дар Канстанціна». Папа Сільвэстр засяродзіў сваю ўвагу на барацьбе з распаўсюджанымі ў той час ерасямі, галоўнай з якіх было арыянства, і на Нікейскім Саборы ў 325 г. дактрына Арыя адносна Святой Тройцы была канчаткова адкінута Касцёлам. Сільвэстр памёр 31 снежня 335 г. У св. Сільвэстра просяць благаслаўлення на шчаслівы новы год. Ён таксама лічыцца апекуном добрага жніва і хатняй жывёлы.