ІІ нядзеля Адвэнту — 4 снежня 2005 г.

Чытанні: Іс 40, 1–5. 9–11;
Пс 85 (84); 2 П 3, 8–14.

Евангелле (Мк 1, 1–8):

Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Табе. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму. З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння для адпушчэння грахоў. І выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі ад яго хрост у рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.

Кожны дзень хтосьці нам нешта кажа: бацькі, настаўнікі, сябры, калегі. Мы чуем словы дома, у транспарце, на вуліцы. Мы размаўляем па тэлефоне і ў Інтэрнэце. Кожны дзень мы атрымліваем разнастайную інфармацыю. Штодзённыя газеты, радыё і тэлебачанне перадаюць важныя і не вельмі важныя навіны. Часам іх настолькі шмат, што іх становіцца проста немагчыма ўспрымаць. Нам хочацца звычайнай цішыні, простых словаў, такіх, якія нясуць праўду і супакой сэрца, а таксама падказваюць, як жыць далей. Каб пачуць гэтыя словы, трэба знайсці ў сабе адвагу і выйсці ў пустыню. Не, не трэба ісці ў сапраўдную пустыню, а проста сярод штодзённых заняткаў, абавязкаў, размоваў, мітусні і шуму варта знайсці хвілінку, каб пабыць у цішыні, сам-насам з сабою, паразважаць над сваім жыццём. Гэта значыць, знайсці хвілінку для Бога, які ў пустыні нашага сэрца з’яўляецца перад намі як крыніца жыцця. Як ніхто іншы ўсведамляў сабе гэта святы Ян Хрысціцель, якога мы «сустракаем» на старонках сённяшняга Евангелля. Ён пасяліўся ў пустыні, каб, жывучы там у цішыні, стаць голасам самога Бога, які заклікае людзей да навяртання і пакаяння, які вучыць, што толькі так можна зрабіць роўнымі сцежкі Пану, гэта значыць, быць гатовымі прыняць Месію. Што ж такое, аднак, навяртанне? Дзеля чаго нам трэба навярнуцца? Якім чынам гэта будзе адбывацца? Такія пытанні мы задаем сабе сёння, але яны з’яўляліся таксама і ў сэрцах тых людзей, якія слухалі святога Яна Хрысціцеля. Навяртанне — гэта радыкальная перамена свайго жыцця, адыход ад граху і зла, зварот да Бога. Галоўнаю ўмоваю гэтай перамены з’яўляецца вызнанне грахоў, што і чынілі людзі, якія прымалі хрост у Ярдане. Каб вызнаць свае грахі, спачатку трэба іх усвядоміць, прызнаць, убачыць, а гэта не так ужо і проста, асабліва ў наш час, калі свет імкнецца выдаліць з нашай мовы само слова «грэх», увесь час паўтараючы, што «няма граху, няма зла». Як жа можна заўважыць зло і грэх у сваім жыцці? Людзям, якія прыходзілі да берагоў Ярдану, дапамагала спазнаць і вызнаць свае грахі навучанне святога Яна Хрысціцеля, прарока, які быў пасланы Богам абвяшчаць Яго словы. Такім чынам, каб спазнаць праўду пра нас саміх, каб пабачыць, якія мы на самай справе, каб даведацца, якія нашыя грахі, мы павінны ўважліва слухаць Божае слова. Да гэтага нас заахвочваў таксама і Слуга Божы Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце на Год Эўхарыстыі: «Недастаткова толькі чытаць біблійныя тэксты на зразумелай мове (...), належыць так пабожна да іх прыслухоўвацца, а таксама ў маўчанні разважаць над імі, наколькі гэта неабходна, каб слова Божае магло ўплываць на жыццё і асвячаць яго» (Mane nobiscum Domine, 13). Сёння Бог звяртаецца да нас вуснамі святога Яна Хрысціцеля. Станем жа разам з тымі, хто прыходзіў да берагоў Ярдану, каб убачыць і пачуць Вялікага Прарока. Прыходзіў, нягледзячы на тое, што Ян казаў ім вельмі моцныя словы. Ён не хваліў іх, а дакараў і заклікаў да навяртання. Зробім жа роўнымі сцежкі нашага жыцця, каб як мага лепш прыняць Езуса, якога чакаем. «Марана фа!» — Прыйдзі, Пане Езу!

 
ІІІ нядзеля Адвэнту — 11 снежня 2005 г.

Чытанні: Іс 61, 1–2а. 10–11;
Пс: Лк 1, 46b–48.49–50. 53–54; 1 Тэс 5, 16–24.

Евангелле (Ян 1, 6–8. 19–28):

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус. І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля? І сказаў: Не. Ты прарок? І ён адказаў: Не. Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе? Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая. А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок? Як сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных. Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

Чалавечае жыццё напоўнена чаканнем. Мы ўвесь час кагосьці ці чагосьці чакаем, спадзяемся, што нашыя чаканні здзейсняцца. У перыяд Адвэнту мы чакаем Збаўцу свету — Хрыста. Больш за ўсіх чакаў прыйсця Месіі выбраны народ. Ізраэліты чакалі спаўнення абяцання, дадзенага Богам, пра якое так часта казалі прарокі. Таму нас не павінна здзіўляць тое, што калі з’явіўся Ян Хрысціцель, многія падумалі, што час ужо настаў і што прадказаны Збаўца прыйшоў на зямлю. Каб пераканацца ў гэтым, да Яна накіравалі пасланцоў, каб спытацца ў яго, хто ён. Адказваючы пасланцам, Ян Хрысціцель не толькі запэўніў іх, што ён — не Збаўца, але і даў своеасаблівае сведчанне пра Езуса Хрыста: «сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце». Такім чынам дарога была падрыхтавана, і прыйсце Месіі стала рэальнасцю. Калі на наступны дзень Ян Хрысціцель паказаў Чалавека і сказаў: «Гэта — Ягнё Божае», першыя вучні пайшлі за Езусам, стаўшы Яго сведкамі. Напэўна, і ты, дарагі чытач, прынамсі хоць раз у жыцці адчуваў пакліканне стаць апосталам, сведкам Хрыста. Калі гэты запал у табе згаснуў, то словы сённяшняга Евангелля могуць запаліць яго нанава. Сёння перад нашымі вачыма мы бачым Яна Хрысціцеля — першага сведку і прыклад усіх сведкаў. Ён сваім простым жыццём і праўдаю, якую абвяшчаў, змог здзівіць людзей, змог прыцягнуць іх да Бога. А ці ёсць у табе штосьці такое, што здзіўляе людзей, якія навокал цябе? Ці твая вера бачная настолькі, каб іншыя адчулі патрэбу запытацца ў цябе: «Хто ты? Хто існуе ў тваім жыцці?». Калі так, то з гэтага часу ў тваім жыцці пачынаецца цяжкі перыяд непасрэднага сведчання: мець адвагу і ўмець казаць пра Хрыста. Як шкада, калі менавіта тады нам не хапае словаў! Каб быць сведкам, трэба ведаць тое, пра што сведчыш. У нас ёсць шмат розных магчымасцяў набыць гэтыя неабходныя веды: кнігі, лекцыі, катэхезы, рэкалекцыі... Але самі па сабе веды — гэта яшчэ далёка не ўсё, хоць, безумоўна, яны з’яўляюцца добрым апірышчам. Гэтыя веды трэба ўводзіць у нашу штодзённую шэрую рэчаіснасць. Трэба жыць спазнанымі праўдамі. Бо як можна быць сведкам Хрыстовай любові, калі мы самі не праяўляем любові да бліжняга? Як можна быць сведкам надзеі, калі мы самі ўжо даўно ў сумненні? Як можна быць сведкам Божай радасці, калі мы ніколі нікому не ўсміхаемся? Як можна быць сведкам Хрыстовага супакою, калі дома і на працы мы ўвесь час ствараем нервовую атмасферу? Няхай жа сведчанне жыцця святога Яна Хрысціцеля ўмацуе нас у веры і заахвоціць самім стаць «соллю зямлі і святлом свету».

 
ІV нядзеля Адвэнту — 18 снежня 2005 г.

Чытанні: 2 Сам 7, 1–5, 8b–12. 14а. 16;
Пс 89 (88); Рым 16, 25–27.

Евангелле (Лк 1, 26–38):

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца. А Марыя сказала Анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага. Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе Анёл.

Завяршаецца яшчэ адзін Адвэнт у нашым жыцці. Усё бліжэй і бліжэй Божае Нараджэнне. Наперадзе ў нас прыгатаванне святочнага стала і чаканне першай зоркі, са з’яўленнем якой распачнецца вігілійная вячэра. А пасля — пажаданні, аплатак, падарункі, пастэрка, калядкі... Іншымі словамі: радасць Божага Нараджэння. Але да таго, як усё гэта распачнецца, паразважаем спачатку над словам, якое да нас скіроўвае Бог у сённяшнім Евангеллі. Гэты ўрывак кожнаму з нас добра знаёмы. У ім гаворыцца пра тое, што Бог паслаў у мястэчка Назарэт у Галілеі свайго пасланца — Арханёла Габрыэля. Ён павінен выканаць найважнейшую місію: абвясціць Марыі, што Бог выбраў Яе, каб Яна стала Маці Збаўцы. Які ж ветлівы і поўны пашаны Божы Пасланец, калі ён становіцца перад Марыяй і прамаўляе словы прывітання: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі». Але які ж вялікі неспакой павінна было адразу выклікаць у сэрцы Марыі гэтае прывітанне Габрыэля, гэтая адзіная фраза, сказаная на пачатку размовы! Напэўна, Марыя думала тады: «Я — поўная ласкі? У чым справа, чаму Бог паслаў да Мяне свайго Анёла? А яшчэ і гэтыя словы: „благаслаўлёная Ты між жанчынамі“... Што ўсё гэта значыць?». Сваім анёльскім вокам нябесны госць адразу заўважыў занепакоенасць Марыі і таму паспяшаўся супакоіць Яе: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана». І зноў, напэўна, працягваецца ўнутраны дыялог Марыі: «Я не баюся, але і не разумею, — твае словы такія таямнічыя! Скажы ж, нарэшце, у чым справа». І тады Габрыэль тлумачыць сутнасць свайго пасланніцтва: «Бог выбраў Цябе, і вось Ты зачнеш і народзіш Сына, якому дасі імя Езус. Ён будзе Сынам Божым, прадказаным прарокамі Месіям». Гэтыя словы, несумненна, шмат растлумачылі Марыі, але і выклікалі наступныя пытанні. «Як жа гэта станецца, калі Я дала Богу абяцанне захаваць чыстасць? Няўжо Бог не хоча прыняць Маёй ахвяры?». «Ды не, — тлумачыць Габрыэль. Бог ушанаваў Тваю волю і таму захавае Цябе сваёю моцай, а Збаўца будзе зачаты ў Цябе пад сэрцам праз Духа Святога. Для Бога няма нічога немагчымага, трэба толькі паверыць, так, як Захарыя і яго жонка, Твая сваячка Альжбета, якая, нягледзячы на свой пажылы ўзрост і бясплоднасць, знаходзіцца ў благаслаўлёным стане»... Марыі ўжо не трэба было яшчэ нейкіх доказаў і тлумачэнняў. Хоць усяго Яна яшчэ не разумела, але з вераю прыняла словы Габрыэля. Яна была ўпэўнена, што хоча служыць Богу як пакорная слуга. І сёння, праз дзве тысячы гадоў пасля той падзеі, Бог пасылае сваіх пасланцоў — святароў — шукаць людзей, якія захочуць прыняць Хрыста ў сваё сэрца. І можа ўжо не раз, дарагі чытач, Божы пасланец з’яўляўся перад табою і пытаўся, ці хочаш ты, каб Хрыстус нарадзіўся і ў тваім сэрцы, ці жадаеш прыняць Яго ў сваё жыццё. Ці ўдалося табе тады даць такі ж поўны даверу адказ, як гэта зрабіла Марыя? Можа, ты бясконца задаеш сотні пытанняў і ўнікаеш даваць дакладныя адказы? Чаму? Дзеля чаго? Яшчэ не цяпер. Як гэта зрабіць? Можа, ты проста баішся прыняць Хрыста ў сваё сэрца, бо тады табе давялося б штосьці змяніць у сваім жыцці, а табе добра і так: усё ўжо распланавана, навошта рабіць нейкія радыкальныя змены? А можа, ты шукаеш знакаў, глядзіш на сваіх родных, знаёмых і бачыш, што ім цудоўна жывецца і без Бога, і думаеш: «А навошта я буду старацца?». Колькі разоў твой анёл вымушаны быў адысці ад цябе ні з чым? Перыяд Адвэнту — гэта час звеставання. Належным чынам перажыты Адвэнт напаўняе нас Божаю ласкаю, вядзе нас да прыняцця Хрыста ў сваё сэрца. Гэта — наш станоўчы адказ на запрашэнне самога Бога. Не будзем жа марнаваць апошніх дзён гэтага радаснага чакання, не шукайма для сябе адгаворак, спасылаючыся на недахоп сіл ці часу, але скарыстаем сакрамэнт паяднання, каб у поўнай радасці перажываць святы. А тыя, хто ўжо запрасіў Езуса ў свае сэрцы, павінны заўсёды чуваць, бо сатана таксама не сядзіць, склаўшы рукі, і ў гэтыя апошнія перадсвяточныя дні будзе імкнуцца намацаць як мага больш нашых слабых месцаў, каб пасварыць нас паміж сабою, сапсаваць нам святочны настрой на Божае Нараджэнне.

 
Нараджэнне Пана — 25 снежня 2005 г.

Чытанні: Іс 9, 1–6;
Пс 96 (95); Ціт 2, 11–14.

Евангелле (Лк 2, 1–14):

Сталася ў тыя дні: Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квіріныя ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях. І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

«Я абвяшчаю вам вялікую радасць... Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». Гэтыя радасныя словы Анёл абвяшчае пастушкам у полі. Але гэтае пасланне скіравана таксама і да нас, і да ўсіх тых, хто перажывае радасць Божага Нараджэння. Сёння нашая туга, спавітая фіялетавай стужкай адвэнтавага чакання, ператвараецца ў вялікую радасць, бо, як піша прарок Ісая: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло... Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, і ўлада спачыла на плячах Яго» (Iс 9, 1. 5a). Сёння мы глядзім на выбраны народ, на Ізраэль, які з вялікай надзеяй чакаў прыйсця свайго Збаўцы. Гэты народ верыў у слова Бога, які прадказаў, што спашле свайго Сына — Месію. Таму Яго прыйсця чакалі ў святыні, думалі, што з’явяцца шэрагі Анёлаў, можа, спадзяваліся ўбачыць нейкія незвычайныя, велічныя падзеі: каранацыю, трыумфальнае панаванне, вялікую і гучную перамогу, якая б кінула да ног Ізраэля ўвесь свет. Людзі чакалі, а ў гэты час... Хрыстус прыйшоў. Прыйшоў, але зусім па-іншаму. Бог вышэй за любыя ўяўленні і спадзяванні, Яго планы для нас заўсёды аказваюцца нечаканасцю. Хоць усё, што прадказалі пра Яго прарокі, споўнілася, аднак гэта адбылося патаемна і неспадзеўкі. Усе чалавечыя прыгатаванні і разлікі пераблыталіся. Не, лепш было б сказаць «разблыталіся». Бо наколькі лягчэй прыйсці да Дзіцятка, якое, спавітае ў пялюшкі, ляжыць на сене, чым калі трэба было б шукаць пратэкцыі, прасіць аўдыенцыі, з трымценнем праходзіць у каралеўскія пакоі. Наколькі ж лягчэй становіцца жыць, калі ведаеш, што Богу было так цяжка. А якая вялікая надзея і суцяшэнне з’яўляюцца ў нашых сэрцах, калі мы разумеем, што грошы, высакароднасць і высокае становішча зусім не патрэбныя для таго, каб наблізіцца да Езуса. Прастата і сціпласць, з якой адбылося прыйсце Збаўцы, яскрава сведчаць пра тое, што самае вялікае ў жыцці можа адбыцца зусім непрыкметна, незаўважна для моцных гэтага свету. Толькі людзі простыя і пакорныя, сапраўды мудрыя, якія разумеюць мову травы на лузе і шэпт зорак у небе, толькі яны заўважылі, што прыйшоў абяцаны Месія. Менавіта яны пазналі Яго ў маленькім Дзіцятку ў бэтлеемскай стаенцы. Ва ўсе часы людзі штогод з вялікаю радасцю перажываюць свята Божага Нараджэння. А якое яно, маё Божае Нараджэнне 2005 года? Ці Хрыстус сапраўды нараджаецца ў маім сэрцы? Бо дастаткова толькі ўважліва прыгледзецца, каб пераканацца ў тым, што сённяшні свет моцна спавіты цемраю. Не спыняюцца змаганне і войны, гінуць людзі, пакутуюць іх блізкія. Нас пераследуюць хваробы і стыхійныя бедствы. Мільярды даляраў штогод выдаткоўваюцца на ўзбраенне ў той час, калі велізарная частка чалавецтва жыве за рысаю беднасці. Мы шукаем іншапланетнае жыццё ў Космасе, а на Зямлі людзі паміраюць ад голаду. Павялічваецца нашая нянавісць і незадаволенасць. Мы ўвесь час некуды спяшаемся. Рознакаляровыя вітрыны крамаў вабяць безліччу рэчаў, якія кожны лічыць сваім абавязкам мець у сябе, бо інакш будзе несучасным, інакш яго не будуць паважаць. Вось у такую рэчаіснасць прыходзіць Езус Хрыстус. Прыходзіць, каб збавіць гэты свет, каб перамяніць, каб асвяціць нас. Мы бачым перад сабою таксама Юзафа і Марыю — узор вялікай і сапраўднай любові мужа да жонкі і жонкі да мужа, узор сапраўднай радасці Бацькоў, якія прымаюць нованароджанае Дзіцятка. Гэта і ёсць сапраўднае шчасце, якому зусім не перашкаджае надзвычайная беднасць. Гэта і ёсць сапраўднае Божае Нараджэнне, якое кожны дзень адбываецца на алтарах па ўсім свеце. У Год Эўхарыстыі мы павінны яшчэ лепш зразумець, што святар, адпраўляючы святую Імшу, штодзённа дае нам магчымасць прысутнічаць пры Нараджэнні Езуса, якога мы можам прыняць да сябе ў святой Камуніі. Мы павінны добра запамятаць, што Эўхарыстыя нараджае ў нас Хрыста. Ужо праз пару тыдняў з нашых дамоў знікнуць ёлкі і бліскучыя гірлянды, і жыццё вернецца ў сваё звыклае штодзённае рэчышча. Скончыцца перыяд Божага Нараджэння, але не могуць скончыцца нашыя любоў, радасць і супакой. Гэтыя дары Езуса павінны заўсёды павялічвацца ў нас, каб Божае Нараджэнне кожны дзень адбывалася ў нас саміх. Усім маім дарагім чытачам і сабе самому я жадаю, каб Хрыстус штодзённа нараджаўся ў нашых сэрцах.

Падрыхтаваў айцец
Артур Папроцкі CSMA